Не даюць спакою ўспаміны

Пад знакам Чарнобыля

DSC_0301Чарнобыльская трагедыя наклала свой адбітак на жыццё ўсіх жыхароў нашага раёна. Але асабліва бязлітасна прайшлася яна па лёсах людзей, якія ў адну ноч і зусім не па сваёй волі атрымалі горкі статус перасяленцаў. Яны былі вымушаны назаўсёды пакінуць родныя і абжытыя мясціны, у якія зараз і патрапіць немагчыма без спецыяльнага дазволу, і бываць у якіх атрымліваецца толькі адзін раз у год – на Радаўніцу. Сярод іх і былы жыхар вёскі Тульгавічы Мікалай Іванавіч Бурлій.

У красавіку 1986 года ён працаваў мастацкім кіраўніком Тульгавіцкага сельскага Дома культуры, у гэтай жа вёсцы (дарэчы, адной з самых буйных у Прыпяцкай зоне) жылі яго бацькі і сястра з братам. Тут прайшлі яго юнацтва і маладосць, тут атрымаў першыя ўрокі жыцця і першыя навыкі сялянскай працы.

Пасля адсялення Тульгавіч перайшоў на работу ў міжраённы міліцэйскі штаб, супрацоўнікі якога займаліся аховай маёмасці на адселеных тэрыторыях, сачылі за захаваннем кантрольна-прапускнога рэжыму і выконвалі яшчэ цэлы шэраг важных і адказных задач. А таму не раз даводзілася яму бываць у Тульгавічах пасля адсялення вёскі. Цяжкія ўражанні пакідалі тыя паездкі: бязлюдныя, знаёмыя да кожнага дрэўца вуліцы, беспрытульныя сабакі і каты, якія яшчэ зусім нядаўна былі свойскімі, цішыня і вецер, які тут, у зоне адсялення, таксама здаваўся сіратлівым і беспрытульным.

Мікалай Іванавіч расказвае, што яго падраздзяленню выпала займацца выдачай абмундзіравання і амуніцыі міліцэйскім атрадам, якія штомесячна змянялі адзін аднаго. Людзі прыязджалі з усіх рэспублік былога СССР, атрымлівалі новую форму, якая праз месяц (калі заканчваўся тэрмін вахты) належала ўтылізацыі. Яе месцам была выбрана пляцоўка на ўкраінскім беразе Дняпра каля вёскі Буракіўка. М.І. Бурлію не раз даводзілася там бываць, перадаючы на знішчэнне выкарыстаную тэхніку, інструменты, спецадзенне і форму. Колькі дабра было закапана там: зусім новенькія УАЗы самых розных мадыфікацый, аўтакраны, цягачы, трактары, іншая аўтамабільная і трактарная тэхніка… Але іншага выйсця не было: усё гэта накапіла столькі радыяцыі, што дазіметры зашкальвалі пры вымярэннях.
– Мяне і сёння цягне ў Тульгавічы, – гаворыць Мікалай Іванавіч. – Таму пропуск у зону адсялення звычайна бяру на год. Пахаджу па пустых вуліцах, зайду ў дамы знаёмых і суседзяў, у клуб, участковую бальніцу і школу, прысяду і ўспомню маладыя гады, сяброў маладосці, канцэрты мастацкай самадзейнасці і вечары адпачынку, у якіх заўсёды прымаў удзел… І быццам фільм успамінаў пройдзе перад маімі вачыма: убачу твары сяброў-аднавяскоўцаў, пачую іх маладыя галасы, адчую пах бэзу і чаромхі, якія раслі ў іх дварах і палісадніках, паслухаю ціхі пляск хваляў Прыпяці…

А калі вяртаюся – адчуванне такое, быццам на машыне часу пабываў у тых бесклапотных дааварыйных днях. І цяжка, і прыемна гэта адначасова.
Усім разам сустрэцца насамрэч былым жыхарам Тульгавіч выпадае толькі на Радаўніцу. Колькі слёз праліваецца пад час гэтых сустрэч!.. Колькі радасці, тугі і хваляванняў выплёскваецца!.. Але ўсё менш і менш былых аднавяскоўцаў прыязджае на гэтыя своеасаблівыя Дні былых вёсак: што зробіш, час бязлітасны, і яго не падманіш… Ды толькі нават і ён ніколі не зможа выкрасліць з памяці людской сумныя падзеі 30-гадовай даўнасці.

Віктар НАЗАРАНКА.
Фота Алесі ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *