Дарога да вёскі ўжо сама падказвае, адкуль пайшла назва гэтага пасёлка – вакол густы хваёвы лес. Углядаешся ў яго глыбіню, і здаецца, што там пануе такое суладдзе. Але ў лесе, як у людскім калектыве, ёсць свае радасці і свае засмучэнні. Недзе чытала, што, да прыкладу, сасна з бярозаю ўжываецца дрэнна, а з дубам яны найлепшыя суседзі. Словам, і ў лесе, у дрэў, усё гэтак жа, як і ў людзей.
Праехаўшы доўгі лясны калідор, трапляем у Хвойную Паляну. І адразу прыкмячаем жвавага дзядулю. Гэта адзін са старэйшых мясцовых жыхароў Міхаіл Віктаравіч Штыхноў – яму 84 гады. У гутарцы ён распавёў шмат цікавага аб мінулым населенага пункта.
Па яго словах, будаваць пасёлак пачалі ў пачатку пяцідзесятых гадоў. Тут было торфапрадпрыемства, уласна кажучы, яго работнікі і пачалі сяліцца ў гэтых месцах першымі. Спачатку для торфаздабытчыкаў пабудавалі два вялікія інтэрнаты. Раней былі тут два магазіны і ларок, які ў народзе называлі «бабскія слёзы». А таксама добрая сталовая ў пасёлку мелася. Міхаіл Віктаравіч узгадаў, што каля яе стаяў вялікі фікус – своеасаблівая мясцовая славутасць. Яшчэ ў Хвойнай Паляне была лазня, якая працавала кругласутачна, каб работнікі завода, вярнуўшыся са змены, маглі ў любы час памыцца.
Непадалёку ад дома Штыхновых знаходзілася двухпавярховая школа. Крыху далей – дзіцячы сад. «У нас усё, як у вялікім горадзе было», – усміхаючыся гаворыць субяседнік. Цудоўны быў і мясцовы клуб, моладзь на танцы з’язджалася з усіх бліжэйшых вёсак. Размяшчалася нават танцавальная пляцоўка. А маладых людзей у пасёлку хапала. Толькі Міхаіл Віктаравіч і яго жонка Нэллі Іванаўна аж 10 дзяцей выхавалі: сем дачок і тры сыны! Дарэчы, разам сямейная пара ўжо 57 гадоў. Калі спытала пра дамашнюю гаспадарку, то дзядуля паказаў на сваіх чатырох катоў і дадаў: «Вось гэта і ўсё».
Развітаўшыся з Міхаілам Віктаравічам, накіраваліся на ФАП. І там якраз сустрэлі яго жонку. Яна дапоўніла расказ мужа іншымі цікавымі фактамі. Да прыкладу, што тут была яшчэ і пякарня. Расказала, як будаваліся ў пасёлку чатыры шаснаццацікватэрныя дамы. Адзначыла, што два з лішнім дзесяткі гадоў таму Хвойная Паляна мела выдатную перспектыву, прыняўшы на сваю тэрыторыю корпусы завода «Салют» саюзнага значэння.
Патлумачыла прыемная бабуля і дзе раней размяшчаўся фельчарска-акушэрскі пункт. Дарэчы, тут на ФАПе працуе выдатная жанчына, доктар, як кажуць, ад Бога – Надзежда Аляксандраўна Стрыжак.
Яна такая чулая, уважлівая да кожнага, і да таго ж такая абаяльная. Тут жанчына працуе ужо дваццаць гадоў. Фельчар паведаміла, што ў Хвойнай Паляне зараз жыве сорак чалавек, у тым ліку трое дзяцей. Двое з іх яе дочкі Насця і Маша, а трэці школьнік – Паша Макараў. Зрабіўшы здымкі, віншую жанчын з надыходзячымі святамі. «Гэта будзе матэрыял у праект «Вёсачка»?» – пытаецца Нэллі Іванаўна мне ўслед. «Так», – адказваю. – Прыемна, што чытаеце». «Канешне, вельмі любім раёнку. Дзякуй, што не забываеце, наведалі нас».
…Ідучы паміж двухпавярховак, заўважыла ўпрыгожаныя да Новага года вокны, з боку дома – рознакаляровы паравозік, уздоўж вуліцы новы яркі плот – усё гэта ўсяляе надзею і веру ў лепшае. Лепшае будучае вёскі і яе жыхароў.
Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.