Прадаўжальніца педагагічнай дынастыі Валянціна Васільеўна Швядзюк

Образование

PB128528Ад таго, наколькі правільна будзе зроблены выбар будучай прафесіі, у многім залежыць, наколькі паспяховым стане сам чалавек, у якой ступені будзе рэалізаваны яго творчы і жыццёвы патэнцыял. Перад Валянцінай Васільеўнай Швядзюк (на здымку) такой праблемы пасля заканчэння Хойніцкай СШ № 1 не паўставала. Настаўніцай пачатковых класаў яшчэ да вайны працавала яе бабуля, маці выкладала гісторыю ў той жа першай гарадской школе, так што задача працягнуць настаўніцкую дынастыю стала для юнай Валянціны справай гонару. А цікаўнасць, якая з цягам часу перарасла ў любоў, да рускай літаратуры ёй прывілі настаўніцы Тамара Фёдараўна Кончыц і Галіна Іванаўна Нікіценка. Месцам яе работы на ўсё жыццё стала ўсё тая ж СШ № 1.

Тут ёй давялося папрацаваць і піянерважатай, і выхавальнікам групы падоўжанага дня, а з 1989 года, пасля заканчэння Мазырскага педагагічнага інстытута імя Н.К. Крупскай, выкладае Валянціна Васільеўна рускую мову і літаратуру.
Аб сваёй рабоце яна гаворыць так:
– Настаўнік – для мяне не прафесія, не грамадскі статус, і нават не захапленне. Гэта – усё маё жыццё, і я не працую настаўнікам, я ім жыву.
З гэтых слоў выразна разумееш, якое вялікае месца займае школа ў жыцці Валянціны Васільеўны, наколькі захоплена яна сваёй справай. Педагагічная дзейнасць для яе – не проста сухое выкладанне прадмета, а захапляючы і шматгранны адукацыйна-выхаваўчы працэс, які фарміруе будучую асобу.
Між тым, у сённяшні час імклівага развіцця інфармацыйных тэхналогій для настаўніка вельмі важна трымаць руку на пульсе падзей, сачыць за важнейшымі публікацыямі ў друку і інтэрнэце, тонка адчуваць тэндэнцыі, актуальнасць і накіраванасць грамадскай думкі. А таму ёсць сэнс узгадаць творчае крэда Валянціны Васільеўны Швядзюк:
DSC_0101– Настаўнік – гэта адвечны вучань. Як толькі ён перастае вучыцца жыццю – ён перастае быць паўнацэнным настаўнікам. За больш чым тры з паловай дзесяцігоддзі работы з дзецьмі і падлеткамі я стварыла сваю сістэму зносін з імі. Яе галоўныя пастулаты – гэта адпавяданне патрабаванням сённяшняга дня і стварэнне для школьніка сітуацыі поспеху, перакананне яго ў тым, што ўсё ў яго атрымаецца ў авалоданні прадметам.
Не дзіўна, што дзеці любяць і разумеюць сваю настаўніцу рускай мовы і літаратуры. Яны заўсёды тонка адчуваюць і адрозніваюць сапраўдную любоў да іх.
Дарэчы, настаўнікамі сталі і многія яе былыя вучні, а Таццяна Леанідаўна Валяватая і Таццяна Аляксандраўна Харошка працуюць настаўніцамі тут жа, у СШ № 1. Цікава, што вучаніцай В.В. Швядзюк, а потым настаўніцай пачатковых класаў гэтай жа першай школы стала і яе сястра Вольга.
Паважаюць Валянціну Васільеўну Швядзюк калегі па настаўніцкаму цэху і кіраўніцтва, тым болей, што праводзіць яна вялікую метадычную работу, актыўна ўдзельнічае ў алімпіядным руху, праводзіць даследавацельскую дзейнасць у адносінах фальклорных традыцый.
А яшчэ вельмі любіць яна нашу родную прыроду і імкнецца перадаць гэтую любоў сваім вучням, з якімі пасля ўрокаў рэгулярна займаецца ў гуртку «Пярнаты дазор». На яго занятках дзеці вывучаюць птушак, назіраюць за іх паводзінамі і перадаюць даныя ў рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «Ахова птушак Бацькаўшчыны».
У рэдкія хвіліны вольнага часу любіць Валянціна Васільеўна пагуляць з унукам Іллёй, павазіцца з пакаёвымі кветкамі, заняцца вышыўкай. Прыемна для яе яшчэ і яшчэ раз перачытаць томік вершаў любімых паэтаў – Пушкіна, Цютчава, Ясеніна, Асадава, падабаюцца ў арыгінале і творы беларускіх пісьменнікаў-празаікаў Івана Мележа, Барыса Сачанкі, Івана Шамякіна.
Захапленне маці кветкамі падзяляе дачка Таццяна, падтрымлівае іх у гэтым муж Сяргей Сяргеевіч. Свая сям’я ўжо і ў сына Аляксандра.
За бездакорную і самаадданую працу ёсць у Валянціны Васільеўны шмат грамат і ўзнагарод. Але галоўная для яе ўзнагарода – гэта давер і павага вучняў. І сапраўды, два гэтыя пачуцці заваёўваюцца няпроста, а таму дарагога каштуюць.

Віктар НАЗАРАНКА. Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *