Проза жыцця шматдзетнай сям’і Якімчыкаў

Жыллё маё

семья
Яны не сядзелі за адной партай, не працавалі разам, нават паходзяць з розных рэспублік. Іх сустрэча на хойніцкай аўтастанцыі была выпадковай. Абодва ехалі па розных маршрутах: нядаўняя выпускніца-выдатніца  ДПТВ-183 Анжэла Працюк – у вёску Дворышча, токар райсельгастэхнікі Ігар Якімчык – у Гомель. Гэта быў лёсавызначальны момант – праз сем месяцаў, 22 лістапада 1999 года, яны зарэгістравалі свой шлюб у аддзеле ЗАГС горада Хойнікі.
Аб’ядноўвала маладажонаў тое, што яны выхоўваліся ў вялікіх дружных сем’ях,  бацькі Анжэлы пароўну дзялілі любоў сярод сваіх сямі дзяцей, бацькі Ігара – сярод трох. Яны рабілі ўсё, каб забяспечыць дзяцей неабходным, даць ім дастойную будучыню. На гэтых жа падставах будуюць свае адносіны муж і жонка Якімчык.
– Першапачаткова марылі мець трох дзяцей, – гаворыць Анжэла Фёдараўна. – Ды планы памяняліся, і мы маем чатырох дзетак. Аліна, наша дачушка-першынец, нарадзілася ў 2000 годзе, сын Арцём – праз год. У 2013 годзе нарадзілася Паліна, у 2015 – самая малодшая  Даша. Уся адказнасць за іх  ляжыць на нас, бацьках. Ёсць добрая прымаўка: «Даў Бог дзіця, дасць і на дзіця». Што хаваць, былі мінуты адчаю, слабасці. Але ж дзеці, з аднаго боку, патрабуюць клопатаў, з другога – даюць сілы для жыцця. Яны растуць – і мы з імі мяняемся, так што сумна ніколі не бывае.
Такі даволі працяглы перапынак у дзетанараджальнасці Анжэла Фёдараўна тлумачыць тым, што з самага пачатку стварэння сям’і вырашылі жыць асобна ад бацькоў, дзеля гэтага давялося змяніць многа здымных кватэр. Шлях вырашэння жыллёвай праблемы знайшлі на старонках раённай газеты «Хойніцкія навіны», прачыталі паведамленне райвыканкама аб тым, што жадаючым маглі выдзеліць пустуючыя дамы з разлікам на тое, што іх прывядуць у становішча, прыдатнае для жылля. Якімчыкі спыніліся на доміку па вуліцы Інтэрнацыянальная, 23.
– У майго мужа залатыя рукі, – хваліцца Анжэла Фёдараўна. – Ён адзін зрабіў усё неабходнае, каб добраўпарадкаваць пакінутае селішча. Спачатку ўставіў вокны і дзверы. І ў доме ўсё выраблена яго рукамі: набор мэблі для кухні, арка да яе, якая раздзяляе пакой на два, і іншае. Каб дзеці ў цяпле жылі, склалі грубку. А каб яны мелі магчымасць адпачынку, на тэрыторыі каля дома муж агарадзіў месца гумавымі коламі, пафарбаваў іх. На гэтай плошчы ён устанавіў двое арэляў, а таксама з пластмасавых бутэлек зрабіў пальму. Сам жа вырабіў мангалы і іншыя прылады для прыгатавання шашлыку – сваёй дружнай сям’ёй наладжваем пікнікі, не выязджаючы з дому. У бліжэйшы час плануе пабудаваць альтанку.
Такая ж шчырая да працы і яго жонка. Яна вельмі любіць даглядаць дамашнюю жыўнасць, для гэтага папрасіла мужа пабудаваць хляўчук, у якім цяпер рохкаюць трое свіней. Не пустуе і прысядзібны ўчастак: для вялікай сям’і сваё мяса і гародніна – вялікае падспор’е. Яшчэ выкапалі на ўчастку азярцо, у якое запусцілі  малькоў рыб. А ўжо да прыгатавання ежы Анжэла Фёдараўна – здатная майстрыха.
Муж і жонка Якімчыкі сваім прыкладам выхоўваюць дзяцей, якія павінны ведаць, што проста так нічога не даецца. Перш чым нешта атрымаць, трэба прыкласці і сілы, і душу. Старэйшая Аліна – першая маміна памочніца, яна ж адводзіць у дзіцячы садок Паліну, марыць стаць юрыстам. Арцём захапляецца спортам, з ім мяркуе звязаць прафесійнае жыццё. Бацькі заахвочваюць гэтыя заняткі – на відным месцы размясцілі спартыўныя ўзнагароды сына – граматы, дыпломы і медалі. І нават трохгадовая Паліна цягнецца да працы – дапамае маці карміць курачак.
Увогуле, Анжэла Фёдараўна  вельмі клапатлівая маці, выхаджвае малодшую дачку, лічыць, што медыцынскія тэхналогіі цяпер дазваляюць змагацца з любой хваробай, трэба толькі мець для гэтага вялікае цярпенне. Наша размова праходзіла напярэдадні ад’езду яе ў бальніцу г. Гомеля з Дашай на рэабілітацыю.
Сямейны бюджэт Якімчыкаў зараз складаецца з дзіцячых дапамог на Паліну і Дашу і зарплаты бацькі. Адной з першых у раёне Анжэла Фёдараўна аформіла сямейны капітал  на малодшую дачку, расказвала, што гэта было аператыўна зроблена пасля падачы заявы ў райвыканкам, дзе атрымала неабходныя кансультацыі па афармленню дакументаў.
Бацькі Якімчыкі са сваімі дзецьмі ведаюць, што такое сямейнае шчасце і цяпло дамашняга ачага. Работніца райпо да дэкрэтнага водпуску і ляснік ДЛГУ «Хойніцкі лясгас» уяўляюць сваё жыццё толькі ў нашым горадзе, дзе ў іх ёсць работа, уласны домік і магчымасць у камфорце расціць сваіх дзяцей.
Клаўдзія Босак.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *