Штогод праваслаўнае свята Вадохрышча збірае сотні хайнічан, якія імкнуцца запасціся на цэлы год свячонай у гэты дзень вадой. Лічыцца, што вадохрышчанская вада доўга захоўваецца чыстай і свежай, ёй асвячаюць дамы і людзей, каб нічога кепскага не здаралася.
Сёлета традыцыйны абрад таксама можна назваць маштабным: плынь праваслаўных веруючых да Пакроўскай царквы не сціхала амаль паўдня. Вялікая чарга ўтварылася каля царкоўнай калонкі, людзі сабраліся каля царкоўнай лаўкі, дзе з вялікіх чанаў таксама можна было набраць вады.
Па чарзе, слоік за слоікам, бутэльку за бутэлькай, протаіерэй Віталій асвячаў ваду, акунаючы ў ёмістасці царкоўны крыж, а затым асвячаючы і саміх прыхаджан.
Як і заўжды, на гэтыя дні прыпадалі моцныя маразы, але яны перанесліся лёгка. Нездарма ж сведчыць беларуская прымаўка: трашчы не трашчы – ужо Вадохрышчы. З гэтай пары і светлавы дзень актыўна доўжыцца.
Алеся ЯЧЫЧЭНКА. Фота аўтара.