Штогадова хойніцкія школьнікі ўваходзяць у лік тых, хто паспяхова спраўляецца з нялёгкімі заданнямі на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды. Гэты год не стаў выключэннем –
на мінулым тыдні чацвёра рабят вярнуліся з Гомеля з дыпломамі.
Праверку ведаў удала прайшоў дзесяцікласнік першай гарадской школы Дзмітрый Чэркас. Акрамя Дыплома 2 ступені па грамадазнаўству, які Дзіма заваяваў дзякуючы асабістай упартасці і рабоце з настаўнікам Наталляй Мікалаеўнай Амельчанка, ён уключаны ў каманду ад вобласці для ўдзелу ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды.
Вучаніца 10 класа гарадской гімназіі Дар’я Жаўняк атрымала Дыплом 3 ступені па прадмету «Руская мова і літаратура». Усебаковую падтрымку Дашы аказала яе настаўнік Таццяна Анатольеўна Лекаркіна.
Удзельнік і дыпламант шматлікіх рэспубліканскіх і абласных конкурсаў дзевяцікласнік гімназіі Кірыл Лабада ўпэўнена прайшоў інтэлектуальную праверку на абласной алімпіядзе па фізіцы. Ён атрымаў таксама дастойны вынік і быў узнагароджаны Дыпломам 3 ступені. Гэты поспех з гімназістам заслужана падзяляе настаўнік фізікі Сяргей Анатольевіч Ільеў.
Другі год запар свае глыбокія веды па інфарматыцы пацвярджае адзінаццацікласнік першай гарадской школы Уладзіслаў Раманоўскі. Як і летась, Улад атрымаў Дыплом 3 ступені нароўні з моцнымі ўдзельнікамі з Мазыра, Гомеля і Светлагорска. Трымаць планку яму дапамагае настаўнік інфарматыкі сярэдняй школы № 1 Уладзімір Аляксандравіч Кавальчук.
Тэкст і фота Алесі ЯЧЫЧЭНКА.