Усім мірам і ўсімі сіламі


Пад старшынствам намесніка старшыні райвыканкома В.М. Шаўчэнкі адбылася нарада з удзелам намеснікаў кіраўнікоў прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў раёна па ідэалагічнай рабоце. Абмяркоўвалася пытанне “Аб ходзе выканання Дырэктывы № 1 “Аб мерах па ўмацаванню грамадскай бяспекі і дысцыпліны”.

Выступіла начальнік ідэалагічнага аддзела райвыканкома Ж.М. Чарняўская. Яна адзначыла, што на тэрыторыі раёна зарэгістравана летась звыш 400 злачынстваў, большую частку якіх здзейснілі асобы, якія знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення. Супрацоўнікамі РАУС забрана і знішчана каля 10 тысяч літраў самагону і самагоннай брагі, больш за 30 чалавек панеслі пакаранне за незаконны гандаль спіртнымі напіткамі. Маюць месца выпадкі п’янства на рабочых месцах. З гэтым мірыцца нельга. Як гэта робяць, напрыклад, у КСУП “Веляцін”. Дванаццаць працаўнікоў яго, што былі заўважаны ў цеснай дружбе з “зялёным зміем”, добраахвотна прайшлі кадзіроўку за сродкі прадпрыемства. Станоўчы вынік атрыманы: толькі адзін чалавек “сарваўся”.

Ва ўнісон гучала на нарадзе выступленне намесніка старшыні камісіі па справах непаўналетніх пры райвыканкоме А.С. Содаль. Было адзначана, што ў раёне 163 чалавекі згодна з Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 18 абавязаны пакрываць дзяржаве расходы па ўтрыманню сваіх дзяцей. Аднак не спяшаюцца гэта рабіць: з налічаных 500 мільёнаў рублёў у дзяржаўную казну паступіла толькі каля 30 працэнтаў грашовых сродкаў. Не так, як належыць, у плане прафілактыкі сямейнай  неспрыяльнасці працуюць зараз камісіі садзейнічання сям’і і школе. У гэтым плане на нарадзе адзначалася станоўчая работа ПУП “Палескія сыры”: нездарма ж гэтаму прадпрыемству ў абласным конкурсе на лепшую арганізацыю ідэалагічнай работы прысвоена першае месца.

Жахлівыя лічбы агучыў старшы інспектар адміністрацыйнай практыкі аддзялення ДАІ РАУС У.П. Талюк:  штогод у рэспубліцы ў выніку дарожна-транспартных здарэнняў гіне ад двух да трох з паловай тысяч чалавек, а каля васьмі тысяч чалавек атрымліваюць калецтвы. ДТЗ з удзелам п’яных вадзіцеляў і пешаходаў пераважаюць у гэтым сумным спісе.

Падводзячы вынікі нарады, намеснік старшыні райвыканкома В.М. Шаўчэнка акрэсліў задачы, якія патрэбна вырашыць ідэалагічнаму актыву раёна. Падкрэсліў, што трэба паказаць людзям, якія злоўжываюць спіртным, што ёсць і другое правядзенне вольнага часу, “ацвярэзіць” не толькі працаўніка калектыву, але і суседа па лесвічнай пляцоўцы. Аб ціха співаючыхся мужах і жонках, бацьках і маці не заўсёды ведае і ўчастковы інспектар міліцыі. І хаця абстаноўка ў нашым раёне не самая крытычная, тым не менш агульныя тэндэнцыі па алкагалізацыі насельніцтва не могуць не трывожыць. Трэба задзейнічаць і многія іншыя рычагі па выкараненню п’янства ў любым праяўленні. Справа ж агульная, таму і трэба змагацца супраць гэтага сацыяльнага зла ўсім мірам і ўсімі сіламі.


Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *