У мінулую суботу ў СШ № 3 г. Хойнікі прайшоў раённы этап чацвёртага рэспубліканскага конкурсу «Лідар года-2016».
Для таго, каб трапіць у фінал, удзельнікі-школьнікі спачатку пераадолелі завочны этап конкурсу – у ЦТДіМ прадаставілі партфоліа, відэапрэзентацыі, сацыяльныя праекты. Па выніках гэтага этапу мацнейшых запрасілі прадоўжыць барацьбу за перамогу.
Такім чынам, пераможцам конкурсу стаў вучань 10 класа Стралічаўскай СШ Вячаслаў Кашперка (на здымку), які пакарыў журы артыстычнасцю і арыгінальнасцю выступленняў. Другое месца заняў дзевяцікласнік Судкоўскай СШ Сяргей Шпандарук, тройку прызёраў замкнула вучаніца 10 класа гімназіі г. Хойнікі Наталля Кузякіна.
Са слоў «Лідара года» В. Кашперкі, вялікая заслуга ў тым, што ён аказаўся лепшым, педагога-арганізатара Аляксандра Міхайлавіча Савіцкага. Менавіта настаўнік дапамог яму зрабіць відэаролік на тэму «Мая грамадзянская пазіцыя» і выканаць песню «Святло надзеі», дарэчы, напісаную самім кіраўніком. У конкурсе Вячаслаў прадэманстраваў і паэтычныя здольнасці, самастойна працягнуўшы радкі верша.
Удзельнік Клуба Вясёлых і Знаходлівых, спявак, танцор, пачынаючы гітарыст – без талентаў Вячаслава не абыходзіцца практычна ніводнае школьнае мерапрыемства.
Вячаслаў падзяліўся, што ў гэтым годзе будзе спрабаваць паступіць у Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў. Што ж, жадаем яму стаць студэнтам і далейшых поспехаў па жыцці!
Вікторыя МАРОЗ.
Фота аўтара.