Чырвоныя бутоны на халодным граніце

Рэха падзеі

IMG_1635На гэтым тыдні адзначалася 27-я гадавіна вываду савецкіх войскаў з Афганістана. У Дзень памяці воінаў-інтэрна-цыяналістаў прайшлі традыцыйныя мерапрыемствы з удзелам ветэранаў афганскай вайны, вучняў гарадскіх школ і шматлікіх прадстаўнікоў грамадскасці.

Штогод у памятны дзень хайнічане нязменна збіраюцца каля помніка воінам-інтэрнацыяналістам.
Выступаючы на мітынгу, намеснік старшыні райвыканкама Ж.М. Чарняўская выказала словы ўдзячнасці воінам-інтэнацыяналістам за мужнасць і адвагу, праяўленыя ў жорсткай вайне, і пажадала ім моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту ім і іх сем’ям.

У сваім выступленні закрануў трагічныя ўспаміны старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» А.Л. Гардзейчык, шчыра пажадаўшы сябрам заставацца прыкладам для юных пакаленняў.
Удзельнікі мітынгу ўшанавалі памяць загінуўшых на вайне хвілінай маўчання, па склаўшайся традыцыі да помніка, каля якога выстаўлена ганаровая піянерская варта, усклалі кветкі і вянкі. Яшчэ доўга чырвоныя бутоны будуць напамінам пра гераічную гібель семярых маладых хайнічан на далёкай чужыне.

Пасля мітынгу ў мікрараёне «Юбілейны» воіны-інтэрнацыяналісты адправіліся ўскласці кветкі да мемарыяльнага каменя каля ваенкамата, затым наведалі сем’і загінуўшых на вайне сяброў.
Пазней у трэцяй гарадской школе адбыўся тэматычны канцэрт, дзе пранізліва гучалі песні той страшнай вайны ў выкананні артыстаў самадзейнасці цэнтра культуры г. Хойнікі і РДК.

На ўрок мужнасці ў раённы краязнаўчы музей пад назвай «Салдат вайны не выбірае» запрасілі ветэранаў афганскай вайны М.А. Косара і А.Т. Чэркаса, якія падзяліліся ўспамінамі з вучнямі старшых класаў СШ № 1.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота аўтара і Вікторыі МАРОЗ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *