Акорды футбольнага свята

Спорт

З 17 па 23 мая ў Беларусі, як і ва ўсёй Еўропе, праводзіцца Адзіны тыдзень масавага футбола. На зялёныя газоны стадыёнаў, а таксама на спартыўныя, дваровыя і вулічныя пляцоўкі за гэтыя 7 дзён выйдуць тысячы аматараў скуранога мяча ад дзіцячага да пенсійнага ўзросту. Завяршаючым акордам футбольнага свята стане нядзельны фінал Кубка Беларусі па футболу паміж камандамі БАТЭ (Барысаў) і “Тарпеда” (Жодзіна).

Несумненна, “пахварэем” за барысаўскіх выхаванцаў нашага земляка Віктара Ганчарэнкі каля тэлеэкрана, а ўжывую паназіраем за міні-футбольным турнірам у нашым горадзе, у якім на стадыёне ДПТВ-183 выступяць 8 каманд. На першым этапе яны былі падзелены на дзве групы, першую з якіх склалі футбалісты ДП “Хойніцкі камунальнік”, раённага аддзела ўнутраных спраў, ДПТВ-183 і торфабрыкетнага завода. У другі квартэт увайшлі калектывы ТДА “ПірамСервіс”, ПДРЭЗ, райвыканкома і завода гідраапаратуры.

Па выніках гульняў у першай групе пераможцамі сталі футбалісты “Хойніцкага камунальніка”, якія атрымалі перамогі ва ўсіх трох сустрэчах. Тры ачкі пераможцам групы ўступіла каманда торфабрыкетнага завода, трэцяе месца заняла каманда РАУС, чацвёртае – ДПТВ-183.

У другой групе турнірная сітуацыя склалася больш напружана: па 6 ачкоў у ёй набралі футбалісты запаведніка і “ПірамСервісу”. І толькі па выніку гульні паміж сабой (1:0 на карысць запаведніка) першынствавалі футбалісты ПДРЭЗ. Трэцяе месца заняла каманда райвыканкома, чацвёртае – завода гідраапаратуры.

Заўтра, 23 мая, на стадыёне ДПТВ-183 пройдуць паўфіналы паміж камандамі “Хойніцкі камунальнік” – “ПірамСервіс” і торфабрыкетны завод – ПДРЭЗ, матч за 3 месца і фінал. Пачатак у 11 гадзін. Не прапусціце!


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *