Цана дваццаці секунд

Спорт

У Гомельскім Лядовым палацы 15-16 мая прайшоў міжнародны аматарскі турнір па хакею, прысвечаны 65-годдзю Вялікай Перамогі. Як бачна з афіцыйнай назвы, удзел у ім прымалі не прафесійныя, а аматарскія лёдавыя дружыны з Беларусі і Украіны.

На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця спаборніцтваў перад удзельнікамі турніру і іх балельшчыкамі выступілі старшыня Гомельскага абласнога савета ветэранаў М.В. Ігнаценка і былы лётчык штурмавой авіяцыі Р.К. Дзенісенка. Дарэчы, Рыгор Кірылавіч на рахунку якога ажно 197 баявых вылетаў, адзначыў, што даваенная спартыўная загартоўка выдатна дапамагала яму пераносіць франтавыя нягоды.

Што датычыць непасрэдна лёдавых баталій, то напружаная барацьба вялася ў абедзвюх групах і літаральна ў кожным паядынку. Наша каманда пад назвай “ХК “Хойнікі” выступала ў другой групе разам з гомельскімі “Начнымі рысямі” і хакейным клубам “Жлобін”. У першай сустрэчы з будучымі пераможцамі турніру – “рысямі”, хайнічане дастойна змагаліся большую частку гульні, але ў заключнай трэці матча ўсё ж не вытрымалі націску гаспадароў палаца і ўступілі з лікам 4:10.

Куды больш драматычна склаўся для нашых землякоў другі паядынак з камандай “ХК “Жлобін”. Перавага як у ліку, так і на пляцоўцы, пераходзіла то на адзін, то на другі бок, і яшчэ за мінуту да заканчэння сустрэчы на табло красаваліся дзве пяцёркі – 5:5. І толькі за 20 секунд да выніковай сірэны дальні кідок абаронцы каманды з горада над Дняпром дасягнуў мэты і мы пацярпелі да болю крыўднае паражэнне – 5:6. Вось ужо і сапраўды: “Не думай о секундах свысока…”

У выніку хайнічане занялі трэцяе месца ў групе і атрымалі не вельмі радасную перспектыву заключнага матча за 5-6 месцы. Да гонару нашых землякоў, гэтую гульню з заняўшымі апошняе месца ў першай групе бабруйчанамі яны правялі па-баявому. Тры галявыя прабоіны варот сапернікаў пры недатыкальнасці нашага апошняга рубяжа абароны (3:0) дазволілі хайнічанам заняць агульнае пятае месца.

Пераможцамі спаборніцтваў сталі “Начныя рысі”, якія ў фінале перайгралі з лікам 2:0 аматарскую зборную ўкраінскай сталіцы. Яшчэ адна гомельская каманда – “Вымпел”, у гульні за трэцяе месца перамагла сапернікаў хайнічан са Жлобіна.

Думаецца, нашым аматарам хакея будзе цікава даведацца аб тым, што на гэтых спаборніцтвах за хайнічан у пары з абаронцам Сяргеем Бяловым выступаў вядомы ў мінулым хакеіст мінскага “Кераміна” і гродзенскага “Нёмана” Аляксандр Пстыга. Акрамя іх, гонар хойніцкага хакея абаранялі палявыя ігракі – браты Сяргей і Генадзій Белашы (дарэчы, яны былі і ў ліку арганізатараў турніру), Аляксандр і Васілій Вяргейчыкі, Аляксандр і Юрый Чуяшовы, Віктар Каток, Сяргей Барысенка, Уладзімір Андрэйчык, варатар Аляксандр Шутаў. А лепшым бамбардзірам і снайперам у нашай камандзе з 6 ачкамі (3+3) стаў Сяргей Сушко.


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *