На мінулых выхадных у Хойніках прайшлі занальныя спаборніцтвы ў рамках рэспубліканскага марафона «Будзь здаровы!», арганізаваныя аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі. Прадэманстраваць свае лепшыя здольнасці ў чырлідынгу пад назвай «Піянерскія іскры» і піянерболе пад лозунгам «Гуляй і выйгравай» у цэнтры культуры г. Хойнікі сабраліся каманды з пяці раёнаў: Нараўлянскага, Лоеўскага, Калінкавіцкага, Брагінскага і нашага.
У склад журы ўвайшлі як вопытныя педагогі, так і незалежны суддзя – чэмпіёнка Рэспублікі Беларусь па чырлідынгу ў складзе каманды «Грэйс», ураджэнка нашага горада Наталля Лобан.
Згодна з конкурснымі патрабаваннямі кожная каманда падтрымкі павінна была паказаць выступленне, насычанае гімнастычнымі элементамі ў суправаджэнні гучнага скандзіравання. За дзве хвіліны рабяты таксама імкнуліся запомніцца гледачам яркімі касцюмамі і бліскучымі ўсмешкамі.
І калі ў піянерболе пераможцу было вызначыць значна прасцей, ім стала каманда Бабровіцкай СШ Калінкавіцкага раёна, то для падвядзення вынікаў чырлідынгу спатрэбіўся час. Тут лепшых вызначалі ў дзвюх намінацыях: «Зорачкі» (удзельнікі ва ўзросце 6-10 гадоў) і «Іскаркі» (ва ўзросце 11-14 гадоў). Перамогу ў малодшай катэгорыі святкавалі навучэнцы Азарыцкай сярэдняй школы Калінкавіцкага раёна, сярод старэйшых адметна вызначыліся хайнічане – каманда СШ № 3 г. Хойнікі. Пераможцы і прызёры атрымалі дыпломы і салодкія падарункі.
Арганізатары спаборніцтваў выказваюць падзяку спонсарам мерапрыемства: райкаму грамадскага аб’яднання «БРСМ», раённаму аб’яднанню арганізацый прафсаюзаў, індывідуальнаму прадпрымальніку Г.І. Шкробату, Палескаму вытворчаму ўчастку ААТ «Мілкавіта», ТДА «Аніс» і прафкаму ЦТДіМ.
Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота аўтара.