З канца красавіка ў бальніцу пачынаюць звяртацца людзі, пакусаныя кляшчамі. У асноўным гэта рыбакі, садаводы, людзі, работа якіх звязана з лесам.
Клешч – насякомае агрэсіўнае, у яго няма вачэй, затое вельмі добра развіты нюх. Набліжэнне чалавека або жывёлы ён адчувае за некалькі метраў і не ўпусціць магчымасці ўкусіць ахвяру.
Па знешняму выгляду немагчыма вызначыць, заражоны клешч або не, але найбольшая ступень заражонасці назіраецца ў кляшчоў, якія жывуць у лясных масівах каля населеных пунктаў. Атрымаць вірус можна не толькі на прыродзе і не толькі праз укус кляшча. Захварэць можна і ўжываючы сырое казінае малако.
Укус кляшча выклікае клешчавы энцэфаліт. Каварства хваробы ў тым, што яе цяжка выявіць адразу. Ад моманту заражэння да захворвання праходзіць 7-14 дзён, а часам і больш. Хворыя адчуваюць галаўны боль, ірвоту, боль у мышцах шыі, рук, ног, паясніцы. У больш цяжкіх выпадках назіраюцца псіхічныя расстройствы, трызненне, светлабоязь, сутарагі, параліч.
Вылечыць у гэтым выпадку хворага цяжка, прасцей пазбегнуць захворвання. Для гэтага патрэбна прытрымлівацца правіл асабістай прафілактыкі, знаходзячыся ў лесе: старанна прыкрываць галаву, рукі, а каўнер вопраткі павінен быць зашпілены. Месцы для адпачынку патрэбна выбіраць далей ад дрэў і кустоўяў, на працягу дня аглядаць адзенне і цела.
Дапамагаюць пазбегнуць сустрэчы з кляшчом адпужваючыя рэпелентныя прэпараты: спрэй “Контра”, крэм “БЭБИ- ДЕТА”, аэразоль “Дета”, ахова “ТОРНАДО АНТИ-КЛЕЩ”, гель “Фенистил” 0,1%.
Калі клешч прысмактаўся да цела, яго можна выдаліць самастойна. Месца, куды ён упіўся, патрэбна змазаць тлушчам або вазелінам. Насякомае пачынае задыхацца, і праз 5-10 хвілін яго можна лёгка выцягнуць ніцявой пятлёй або пальцамі, абгорнутымі сурвэткай. Месца ўкусу потым патрэбна змазаць ёдам, спіртам або адэкалонам.
Па матэрыялах райЦГЭ.