«Што гатавала на сняданак магу і не ўспомніць, а кожную гадзіну вайны да драбніц памятаю»

Да Дня Вялікай Перамогі

IMG_9146Дзеці вайны прывыклі ўвесь час разлічваць на сябе і добрых людзей, яны і самі стараюцца тварыць дабро. З любоўю да людзей і з Богам у душы жыве і жыхарка нашага горада, якая знаходзіцца на парозе свайго 80-гадовага юбілею з дня нараджэння, Соф’я Іванаўна Жаўняк (на здымку). Яе біяграфія цалкам падобна на біяграфію пакалення, на долю якога выпалі гады фашысцкай акупацыі і стваральнага пасляваеннага аднаўлення народнай гаспадаркі.

– Мая родная вёска Дворышча, дзе я з’явілася на свет у 1936 годзе, – напэўна, самая даўжэйшая на Беларусі, а ў нашым раёне – дакладна, – гаворыць Соф’я Іванаўна. – Працягласцю больш чым у пяць вёрст, акружаная ўрадлівымі палеткамі, яна была населена працавітымі і шчырымі людзьмі. Мае бацькі, Іван Мікалаевіч і Таццяна Канстанцінаўна, працавалі ў калгасе, я была пятым па ліку дзіцём у нашай мнагадзетнай сям’і.

Мірная ідылія дварышчанцаў знікла з пачаткам Вялікай Айчыннай вайны. Галасілі жанчыны, праводзячы мужоў і сыноў на фронт. Страх, жудасць, паніка пасяліліся, калі ў вёску прыйшлі немцы. У лясах з’явіліся партызаны, яны наведваліся ноччу, а днём – фашысты: жыць паміж двух агнёў заўсёды небяспечна.

– Вы пытаецеся, што я памятаю пра вайну, – працягвае размову Соф’я Іванаўна. – Ведаеце, для праверкі памяці я часам стараюся ўспомніць, напрыклад, што гатавала сабе на сняданак, і хоць забі – не магу ўспомніць, а кожны год вайны, ды што там год, нават дзень, гадзіну да драбніц памятаю.
Калі немцы праводзілі аблаву па выяўленню моладзі з мэтай адпраўкі ў фашысцкае рабства, родная цётка дзяўчынкі па бацькоўскай лініі, якую таксама звалі Соф’яй, схавалася пад ложак, агарадзіўшы яго дошкай. Сама ж дзяўчынка знаходзілася на гэтым ложку, больш нікога з дарослых на той момант у хаце не было. Зайшлі немцы, пасвяцілі ліхтарыкам па ўсіх вуглах, нікога не заўважыўшы, знялі дзяўчынку з ложка і яе, босую, вывелі на вуліцу, на снег. Потым, нешта пагергетаўшы паміж сабой, завялі назад: добра, што цётка не надумалася адразу ж выйсці са свайго сховішча.
Памятае Соф’я Іванаўна і яшчэ адзін лёсавызначальны эпізод ваеннай пары для ўсіх вяскоўцаў. І старых, і малых сагналі да будынка школы, відавочна, з намерам спаліць вёску і знішчыць такім кашчунскім спосабам мясцовае насельніцтва. У той трагічны дзень вяскоўцы надзею аб сваім выратаванні ўскладвалі толькі на Бога. І па волі Божай атрымалася цуда: знайшоўся чалавек, які добра валодаў нямецкай мовай. І змог упэўніць немцаў, што партызанаў тут няма, праз некаторы час высокі эсэсавец у мышыным шынялі даў каманду адпусціць людзей па дамах.
– У гады акупацыі мы перажылі столькі жахаў, – змахваючы слязу, гаворыць С.І. Жаўняк, – што нават праз многа гадоў пасля вайны мне часам сніцца адзін і той жа страшны сон: нашу вёску акружаюць фашысты, а мы, мясцовыя жыхары, не паспяваем схавацца. Я адчуваю, што нас будуць забіваць, мне так хочацца пабегчы з гэтага месца, і я прачынаюся ў халодным поце…
Пасля вайны вёска «ўваскрэсла» на сваім месцы – ціхая, сціплая, а на вяселлях і хрысцінах пявучая і мілагучная. Соф’я закончыла сем класаў мясцовай школы і паступіла на працу ў швейную майстэрню раённага камбіната бытавога абслугоўвання насельніцтва, якая тады размяшчалася непадалёку ад супермаркета ў райцэнтры. І з гэтым калектывам звязала ўсё сваё працоўнае жыццё: на пенсію выйшла будучы работніцай Дварышчанскага комплексна-прыёмнага пункта.
Замуж выйшла ў 1956 годзе, яе муж, Аляксей Адамавіч, тады працаваў у гаспадарцы конюхам, а потым асвоіў спецыяльнасць трактарыста.

Муж і жонка Жаўняк далі жыццё тром сваім дзецям. Іх дачка Люба на пенсіі ўжо, жыве ў Гомелі. Сын Саша, слесар нафтабазы, знаходзіцца побач, яго кватэра ў суседнім доме. Ён з’яўляецца першым памочнікам маці, на сэрцы якой незагойнай ранай застаецца трагічная смерць сына Генадзія.
Як і многія вясковыя дзяўчаты, Соф’я Іванаўна хораша вышывала і ткала. Пакрывалы, накідкі, ручнікі і да гэтага часу беражліва захоўваюцца ў яе гарадской кватэры па вуліцы Жукава, 4 райцэнтра.
– У мяне вырасла пяць унукаў, падрастаюць трое праўнукаў, – сказала на развітанне Соф’я Іванаўна Жаўняк. – Шкада толькі, што здароўе падводзіць, ды час быстрацечны, як вада – яго нельга ні павярнуць назад, ні спыніць. А вось гадоў ваеннага ліхалецця не выкрасліць з памяці. Аднаго хочацца: каб маладое пакаленне ніколі не спазнала на сабе вайны, а было знаёма з ёй толькі па кнігах і кінафільмах.

Клаўдзія БОСАК.
Фота Алесі ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *