1 чэрвеня – дзень утварэння Хойніцкага аддзялення Дэпартамента “Ахова” Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь

Законнасць і парадак

Як сведчыць статыстыка, абсалютным лідэрам сярод усіх правапарушэнняў у Гомельскай вобласці і нашым раёне, у прыватнасці, з’яўляюцца крадзяжы: яны здзяйсняюцца рознымі спосабамі з дамоў і кватэр, гандлёвых кропак, прадпрыемстваў і арганізацый. Аб тым, як абараніць сябе і сваю маёмасць ад злачынных замахаў, устанавіўшы ахоўную сігналізацыю, а таксама аб ўзначальваемым калектыве напярэдадні гэтай даты расказвае начальнік аддзялення, капітан міліцыі А.А. ПАЛЕЕНКА.

– Аляксандр Аляксеевіч, нашым чытачам цікава будзе даведацца, наколькі апраўдвае сябе ўстаноўка ахоўнай сістэмы?

– Гэта выдатны спосаб абараніць сваю маёмасць. А наколькі ўстаноўка ахоўнай сігналізацыі сябе апраўдвае, можа сказаць той, да якога да ўстаноўкі наведваліся злодзеі. Практыка паказвае, што пасля такіх здарэнняў страты ў многа разоў большыя, чым той кошт, які патрэбна заплаціць за аплату сігналізацыі. Як правіла, зламыснікі стараюцца вынесці ўсё, што ўяўляе якую-небудзь каштоўнасць. А тое, што не могуць забраць з сабой, часцей за ўсё знішчаюць. Згадзіцеся, што псіхалагічна знаходзіцца ў кватэры, дзе пабывалі чужыя, пакідаць тут нейкія каштоўнасці, будзе складана. Са сваёй практыкі магу сказаць, што зламысніка можа спыніць нават спецыяльны чырвоны індыкатар, які гарыць побач з дзвярамі і сведчыць аб тым, што гэтае жыллё пад аховай. І калі зламыснік яго нават не заўважыць або праігнаруе, узламае дзверы, часу на тое, каб штосьці ўкрасці або парушыць усё ў доме, у яго не будзе.

– Часта гавораць, што сігналізацыя патрэбна толькі тым, у каго “ёсць што ўкрасці”. Ці згодны вы з гэтым?

– Чалавек, які гаворыць, што ў яго няма чаго ўкрасці, вельмі памыляецца. Шкада страчваць нават не самую дорагакаштуючую рэч, якая з’яўляецца сямейнай рэліквіяй, або тую, якая набыта за працоўныя мазалі. Сёння ўстаноўка ахоўнай сігналізацыі не з’яўляецца прыкметай матэрыяльнага дабрабыту ўладальніка жылля, а хутчэй за ўсё, яго прадбачлівасці, таго, што чалавек не спадзяецца на “авось”, а прыкладвае ўсе намаганні да таго, каб абараніць сябе ад злачынных элементаў.

Сігналізацыя – гэта не раскоша, а патрабаванне часу. Яшчэ некалькі гадоў назад далёка не кожны з нас меў мабільны тэлефон, а сёння гэты прадмет нікога не здзіўляе. Таксама большасць людзей не разумеюць сваё жыццё цяпер без камп’ютэра.

Зразумела, што кожны чалавек лічыць свае грошы, жыве ў рэжыме эканоміі. Але хачу зноў папярэдзіць, што ў выніку абсалютнай большасці крадзяжоў урон аказваецца большы, чым затраты на ўстаноўку сігналізацыі. У працэсе сваёй работы мы гэта тлумачым хайнічанам. Але ж акрамя неабсталяванага жылля, пакуль яшчэ ёсць і суб’екты гаспадарання, якія эканомяць на ахове. На што спадзяваюцца ўладальнікі гандлёвых аб’ектаў, працуючых у вячэрні і начны час, калі не ўстанаўліваюць “трывожную” кнопку, асабіста мне зусім не зразумела. Сумесна з аддзелам міліцыі нашага раёна, пракуратурай, органамі ўлады мы працуем з такімі гаспадарнікамі.

У гэтай сувязі хачу звярнуцца да юрыдычных асоб, якія ажыццяўляюць ведамасную ахову сваіх аб’ектаў. Згодна з дзеючым заканадаўствам, гэты від дзейнасці належыць абавязковаму ліцэнзіраванню. Для атрымання ліцэнзіі неабходна, сабраўшы ўсе дакументы, звярнуцца ў адпаведны ліцэнзіруючы орган, дзе ў месячны тэрмін будзе прынята рашэнне аб выдачы або адмове ў ліцэнзіі. У выпадку змены ўласніка, назвы, месца знаходжання юрыдычнай асобы, прозвішча, імя, імя па бацьку, месца жыхарства фізічнай асобы, атрымаўшай ліцэнзію, трэба таксама ў месячны тэрмін звярнуцца ў ліцэнзіруючы орган для ўнясення адпаведных змяненняў і дапаўненняў. З усімі гэтымі пытаннямі звяртайцеся да нас, у аддзяленне аховы, размешчанае па адрасу: г. Хойнікі, вул. Грахоўскага, 2 або па тэлефоне 2-21-01.

– Аляксандр Аляксеевіч, сёння жыхары ў сваёй дастатковай колькасці ўстанаўліваюць металічныя дзверы і складаныя замкі. Ці можа гэта абараніць людзей ад злачынных замахаў на іх маёмасць?

– Канешне, моцныя металічныя дзверы больш надзейныя, чым з дрэва. А новы замок лепшы старога. Да таго ж, вытворцы пастаянна абнаўляюць тэхналогіі. Але не забывайце, што і злачынны свет не топчацца на месцы. Яго прадстаўнікі таксама ўдасканальваюць сваё майстэрства. Сярод зламыснікаў ёсць розныя асобы. Гэта і так званыя асацыяльныя элементы, якія шукаюць такім чынам грошы на выпіўку і разлічваюць на нескладаны замок, старыя дзверы, халатнасць жыльцоў. А ёсць і такія, якія тонка пралічваюць абстаноўку, высвятляюць, калі бацькі на працы, дзеці ў школе або на вуліцы, а дом, адпаведна, безнаглядны. І вось гэтыя апошнія з дакладнасцю да 100 працэнтаў не ўпусцяць моманту, калі сям’я, напрыклад, паедзе на адпачынак. Каб час удалечыні ад дома прайшоў спакойна, гаспадары павінны быць упэўнены, што іх кватэра знаходзіцца пад прафесіянальным назіраннем. Гэта адзін з аргументаў на ўстаноўку ахоўнай сігналізацыі.

– Хацелася б даведацца, акрамя ахоўнай службы чым жыве калектыў аддзялення?

– Нашы супрацоўнікі сябруюць са здаровым ладам жыцця, прымаюць актыўны ўдзел ва ўсіх раённых спаборніцтвах, таксама тых, што праводзяцца абласным упраўленнем Дэпартамента “Ахова” і таварыствам “Дынама” . І, з гонарам зазначу, займаюць прызавыя месцы ў службова-прыкладных відах спорту – па службоваму многаборству, стральбе, лёгкаатлетычнаму кросу. Мы можам па праву ганарыцца поспехамі нашых спартсменаў: прапаршчыка міліцыі А.В. Максімовіча, сяржанта Д.М. Харошкі, лейтэнанта міліцыі В.М. Грамыкі, якія на абласных спаборніцтвах па службова-прыкладных відах спорту занялі першае агульнакаманднае месца.

Асобна хачу сказаць пра нашу моладзь. Як правіла, маладыя супрацоўнікі аховы з’яўляюцца членамі БРСМ і прымаюць актыўны ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах і маладзёжных акцыях.

– Аляксандр Аляксеевіч, што хочаце пажадаць сваім падначаленым у сувязі са знамянальнай для вашага калектыву датай?

– У першую чаргу хачу сказаць словы ўдзячнасці тым людзям, якія доўга служылі ў ахове – ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Лідзіі Барысаўне Ходас, якая працавала брыгадзірам вартаўнікоў, а таксама ветэранам працы Марыі Паўлаўне Купрыенка, Марыі Міхайлаўне Забурскай.

І канешне ж, удзячны за сённяшнія добрыя традыцыі аховы былым начальнікам аддзялення Міхаілу Рыгоравічу Мазуркіну, Станіславу Тамашавічу Дубікоўскаму, Аляксандру Анатольевічу Сліжыкаву, Аляксандру Леанідавічу Жаўняку. Ім, а таксама ўсім супрацоўнікам аддзялення жадаю здароўя, удачы, поспехаў у службе і выдатнага настрою.

На здымках: (зверху) капітан міліцыі А.А. Палеенка; (справа) старшы лейтэнант міліцыі, інспектар-інжынер групы сродкаў і сістэм аховы В.М. Назаранка;  (унізе) міліцыянер-кінолаг, прапаршчык міліцыі Б.В. Барысенка, міліцыянер-вадзіцель, прапаршчык міліцыі У.Я. Валяваты са службовым сабакам Мартай. 


Гутарыла Клаўдзія БОСАК.
 Фота Алены СМУСЯНОК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *