Сакрэт прафесіяналізму – талент

Людзі і лёсы

IMG_0613Звычайна майстэрства настаўніка вымяраецца поспехамі яго вучняў. Але не толькі. Штогадова праходзяць конкурсы прафесійнага майстэрства. У адным з іх –абласным конкурсе прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў дзіцячых школ мастацтваў «Настаўнік года» – сёлета возьме ўдзел настаўнік харэограф дзіцячай школы мастацтваў Валянціна Георгіеўна Ледзянёва (на здымку). Для гэтага падрыхтаваны партфоліа і відэаўрок па народнаму танцу. Удзельнічае ў прафесійным конкурсе Валянціна Георгіеўна ўпершыню, але мае ўсе шансы атрымаць заслужаную ўзнагароду.

Выпускніца Мінскага вучылішча мастацтваў і культуры, педагог з 17-гадовым стажам, гэты адкрыты чалавек на працягу свайго працоўнага творчага шляху прывівае дзецям любоў да харэаграфіі, дапамагае ім адчуць задавальненне ад плаўных рухаў і дынамічных танцаў. Калісьці яна зрабіла танец сваёй прафесіяй, каб дапамагчы і іншым раскрыць індывідуальнасць. Магчыма, называць харэаграфію «прафесіяй» у гэтым выпадку не зусім дакладна, таму што гэта, хутчэй, сапраўдны талент, а не механічная работа. Талент «ляпіць» з маленькіх пачынаючых танцораў прафесіяналаў.

Мне, дарэчы, пашчасціла пэўны час быць вучаніцай Валянціны Георгіеўны. Як строгі педагог, яна патрабавала дысцыпліны на занятках. Дзяўчаты прыходзілі на ўрок з высока сабранымі валасамі, каб не заміналі пры актыўных рухах. Але ў творчасці настаўніка, наадварот, пануе воля і натхненне. Гэта потым станоўча праяўляецца ў сцэнічных нумарах.

За немалы педагагічны стаж Валянціна Георгіеўна ўпэўнілася,што харэаграфія – карысны занятак як для дзяўчынак, так і для хлопчыкаў. Правільная постаць, вытанчаныя рухі і прыгожая фігура – гэтыя перавагі вабяць дзяўчат. Карысць ад танцаў атрымліваюць і юнакі: харэаграфія робіць сціплага больш смелым, заціснутага – больш разняволеным. Заняткі танцамі спрыяюць гарманічнаму фізічнаму, эмацыянальнаму і эстэтычнаму развіццю дзіцяці.
Хараству народнага танца Валянціна Георгіеўна вучыць самааддана, зараджае энтузіязмам дзяцей. Сярод былых вучаніц ёсць тыя, хто зрабіў харэаграфію прафесіяй. Зараз у класе Валянціны Георгіеўны займаецца 35 дзяўчынак і хлопчыкаў, першых пераважна больш.
«Галоўнае для танцора – яго думкі, – падкрэслівае В.Г. Ледзянёва. – Без упэўненасці ў сваіх сілах і жадання перадаць эмоцыі танцам поспех немагчымы. Любы чалавек можа дасягнуць поспеху ў танцы, калі сапраўды захоча, не будзе ленавацца».

Алеся ЯЧЫЧЭНКА. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *