У чаканні цяпла

Сельское хозяйство

Сёлетняя вясна яўна не спяшаецца ўступаць у свае правы: на календары трэцяя дэкада сакавіка, а ўстойлівага цяпла па-ранейшаму няма. Для параўнання можна ўспомніць такі факт – у мінулым годзе ў гэтыя дні на палях раёна поўным ходам ішла веснавая сяўба, якая пачалася 14  сакавіка. Сёння ж хлебаробы Хойнікшчыны яшчэ толькі займаюцца падрыхтоўчымі да пасяўной кампаніі работамі.

Тым не менш, ужо зараз усё павінна быць гатовым да яе пачатку, каб у любы пагодлівы дзень можна было неадкладна вывесці пасяўныя агрэгаты ў поле. Аб ступені падрыхтаванасці гаспадарак раёна да сяўбы расказвае начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкома Наталля Аляксандраўна СЛЕСАРЭНКА.

– Працаўнікоў сельскай гаспадаркі раёна не бянтэжаць хітрыкі надвор’я. У любым выпадку пасяўная ад нас нікуды не дзенецца і правесці яе будзем імкнуцца ў аптымальныя і сціслыя тэрміны.

Зараз жа вельмі важна яшчэ і яшчэ раз праверыць гатоўнасць тэхнікі і насеннага матэрыялу, на ўсёй плошчы веснавой сяўбы (а гэта 11250 гектараў, уключаючы і  плошчы, якія адведзены пад кукурузу на зерне), унесці мінеральныя і арганічныя ўгнаенні, чым і займаюцца зараз ва ўсіх нашых сельгаспрадпрыемствах.

Усе гаспадаркі раёна на 100% забяспечаны правераным і кандыцыйным насеннем збожжавых культур, а цяпер спецыялістамі гаспадарак правяраюцца пратручвальныя машыны, каб з надыходам цяпла неадкладна пачаць работы па апрацоўцы насеннага матэрыялу.

Не сакрэт, што мінеральныя тукі сёння каштуюць немалых грошай, а вось арганіка – гэта тое, што можна ўзяць бясплатна. Гноева-тарфяныя кампосты, унесеныя з вясны ў глебу, потым дадуць аддачу добрым ураджаем. Таму ўнясенню арганічных угнаенняў надаецца асаблівая ўвага і гэтай работай зараз займаюцца ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах раёна. Поўнасцю выканана планавае заданне па нарыхтоўцы арганікі – 227 тысяч тон, аднак гэтая лічба яшчэ не канчатковая.

Усяго ж па стану на 18 сакавіка ў глебу ўнесена 1258 тон дзеючага рэчыва мінеральных тукаў на плошчы 8132 гектары. Акрамя таго, ідзе вывазка мінеральных угнаенняў і пад кармавыя ўгоддзі, сенакосы і пашы, якія таксама неабходна падкарміць.

Хапае работы ў механізатараў і рамонтнікаў. На сённяшні дзень практычна гатовы да работы ўсе энерганасычаныя трактары, за выключэннем трох з 13 трактараў К-700. Варта паспяшацца рамонтнікам агракамбіната “Віць”, эксбазы “Стралічава” і КСУП “Судкова”. Не так хутка, як хацелася б, вядзецца рамонт культыватараў (гэта датычыць сельгаспрадпрыемстваў “Віць”, “Стралічава” “Веляцін” і “Аравічы”), апырсквальнікаў, якія будуць заняты на ўнясенні вадкіх азотных угнаенняў, раскідвальнікаў цвёрдых мінеральных угнаенняў (“Стралічава”, “Веляцін”, “Віць”).

Падсумоўваючы сказанае, можна зрабіць вывад аб тым, што ў гаспадарках праведзена пэўная работа па падрыхтоўцы да веснавой сяўбы, аднак яшчэ застаюцца недапрацоўкі і агрэхі, якія патрэбна неадкладна ўхіліць.


Запісаў Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *