Асабістыя падсобныя гаспадаркі па-ранейшаму з’яўляюцца не толькі крыніцай даходу сялян, але і дапамагаюць вырашаць пытанні харчовай бяспекі краіны. Як бы ні было цяжка, дзяржава ўсе гэтыя гады дапамагала і дапамагае вёсцы. А развіццё сялянскіх (фермерскіх) і асабістых падсобных гаспадарак увайшло асобным напрамкам у Дзяржаўную праграму адраджэння і развіцця вёскі на 2005-2010 гады.
З мэтай недапушчэння змяншэння колькасці сельскага насельніцтва, паляпшэння дэмаграфічнай сітуацыі, жыццёвага ўзроўню вяскоўцаў, нарошчвання аб’ёмаў вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі ў асабістых падсобных гаспадарках насельніцтва, павышэння занятасці і павелічэння даходаў грамадзян дзейнічае раённая праграма развіцця і падтрымкі асабістых падсобных гаспадарак грамадзян на 2006-2010 гады, зацверджаная рашэннем абласнога Савета дэпутатаў ад 26.09. 2006 г. № 287.
Распрацаваны адпаведныя мерапрыемствы, зацверджаны заданні па вытворчасці прадукцыі раслінаводства ў асабістых падсобных гаспадарках грамадзян, а таксама рашэннем раённага выканаўчага камітэта ад 9.02.2009 г. №106 створаны кансультацыйны савет па пытаннях вядзення сельскагаспадарчай вытворчасці. Вызначаны эканамічна-мэтазгодныя аб’ёмы вытворчасці збожжа, пладоў і ягад, гародніны, бульбы, малака, мяса жывёлы і птушкі, аб’ёмы рэалізацыі насельніцтву парасят і маладняку БРЖ для далейшага вырошчвання, аб’ёмы закупу прадукцыі, зыходзячы з наяўнасці двароў, жывёлы, зямельных угоддзяў у сельскай мясцовасці.
Агульная зямельная плошча асабістых падсобных гаспадарак грамадзян па раёну складае 1810 гектараў, у тым ліку занятая пад пасевамі 1649 гектараў. У 2009 годзе аказана дапамога грамадзянам у апрацоўцы зямельных участкаў на плошчы 7051 умоўна-эталонны гектар. Прададзена, выдадзена па ўмовах працоўных спаборніцтваў і заключаных дагаворах 758 тон сена, 1580 тон збожжа.
З даведзеных праграмай аб’ёмаў не выконваецца вытворчасць збожжа. У 2008 годзе яго было атрымана толькі 47 % ад плана, у 2009 годзе – 49 %. Горш усіх насельніцтва займаецца вырошчваннем збожжавых культур на тэрыторыі Паселіцкага сельсавета (38%), што ніжэй сярэднераённага паказчыка, у Стралічаўскім і Барысаўшчанскім Саветах – 46%. Вышэйшы ўзровень вытворчасці збожжа сярод жыхароў Велікаборскага Савета (60%).
Не выкананы таксама аб’ёмы вытворчасці пладоў і ягад – у 2008 годзе 73% ад запланаванага, у 2009 – 54 %. Самыя нізкія паказчыкі на рахунку падсобных гаспадарак Паселіцкага (17%) і Велікаборскага (44%). Не забяспечаны і аб’ёмы вырошчвання гародніны – і летась, і пазалетась работа выканана роўна напалавіну. З усіх сельвыканкомаў толькі Паселіцкі выканаў гэта заданне.
Больш прадуктыўна на прысядзібных участках у раёне вырошчваюць бульбу – у 2008 і 2009 годах паказчык склаў 92 працэнты ад аб’ёмаў, прадугледжаных праграмай, і толькі Судкоўскі сельскі Савет выканаў даведзеныя заданні па аб’ёму вытворчасці бульбы.
Такі правал у выкананні праграмы абумоўлены недастатковай работай па ўліку прадукцыі, што вырошчваецца ў асабістых падсобных гаспадарках грамадзян, раўнадушшам некаторых кіраўнікоў і сельвыканкомаў да праблем вяскоўцаў, няўменне па-сапраўднаму зацікавіць людзей на здачу дзяржаве лішкаў гародніны, пладоў, ягад. Не заўсёды ахвотна накіроўваюць тэхніку на дапамогу прыватнікам мясцовыя сельгаспрадпрыемствы, а ўдзельная вага прадукцыі, атрыманай імі, у агульным аб’ёме атрыманай прадукцыі ў раёне складае 34%.
Што датычыць выканання праграмы ў частцы вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі, трэба адзначыць, што вытворчасць малака ў 2008 годзе была на ўзроўні 92%, у 2009 – 99%, а сёлета чакаецца 98,5%, зыходзячы з наяўнасці пагалоўя кароў у прыватным сектары і прадуктыўнасці іх.
Усе сельвыканкомы выканалі праграму ў 2009 годзе па вытворчасці малака, адзін працэнт недабраны па тых населеных пунктах, якія ўваходзілі ў гарадскую рысу.
Аб’ёмы вытворчасці мяса выкананы на 205% у 2008 годзе, на 113% – у 2009 і чакаемае выкананне ў 2010 годзе –130%. Аднак да 100% выкананне даведзеных параметраў не далічылі адной тоны ў Барысаўшчанскім, па 3 тоны ў Велікаборскім і Стралічаўскім, 5 тон – у Судкоўскім сельскім Савеце.
Аб’ёмы вытворчасці яек выкананы ў 2008 годзе на 98%. У 2010 – на 110%, не забяспечана заданне толькі Паселіцкім сельскім Саветам.
Усяго ў насельніцтва ў 2009 годзе закуплена 493 галавы жывёлы, у тым ліку сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі 275 галоў, а таксама 2216 тон малака, што складае 12,2% ад рэалізацыі малака ў цэлым па раёну. У сваю чаргу насельніцтву раёна сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі прададзена для далейшага вырошчвання 744 галавы буйной рагатай жывёлы і 2188 галоў свіней – гэта ў 2 разы больш, чым прадугледжана ў праграме.
Згодна з Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 26.11.2008 г. №1798 “Аб некаторых пытаннях развіцця і падтрымкі асабістых падсобных гаспадарак грамадзян” за закупляемае малако ў насельніцтва налічана ў 2009 годзе 177,1 мільёна рублёў, а таксама за маладняк БРЖ вагой да 100 кілаграмаў – 16,7 мільёна рублёў. Надбаўкі пералічаны ў поўным аб’ёме са сродкаў рэспубліканскага бюджэту.
У калектыўных дагаворах сельскагаспадарчых прадпрыемстваў прадугледжаны ўмовы па забеспячэнню кармамі, аказанню паслуг як для працуючых на прадпрыемстве, так і для пенсіянераў, а таксама іншых грамадзян, маючых асабістыя падсобныя гаспадаркі.
Хойніцкай ветэрынарнай станцыяй аказана паслуг насельніцтву па лячэнню жывёлы на даму 1,8 мільёна рублёў.
За першы квартал сёлета вытворчасць малака склала 100,2% да аналагічнага перыяду папярэдняга года, вытворчасць жывёлы і птушкі – 101,3%, вытворчасць яек – 100%. Закуплена ў прыватным сектары 303,9 тоны малака, 72 галавы маладняку БРЖ, налічана і выплачана 24,5 мільёна рублёў надбавак, рэалізавана насельніцтву 242 галавы парасят, у палях севазвароту пасеяна 338 гектараў збожжавых і 899 гектараў бульбы.
Цяпер важна не дапусціць скарачэння плошчы засяваемых агародаў, колькасці пагалоўя жывёлы і птушкі на сялянскіх падворках.
Ж. БАЖОК,
намеснік начальніка
ўпраўлення сельскай
гаспадаркі і харчавання
райвыканкома па эканоміцы.