Адкрываецца шырокая дарога жыцця

Образование

З дзяцінства кожнае дзіця марыць аб тым часе, калі стане самастойным і дарослым. Праходзяць гады, і, нарэшце, юнае стварэнне, якое яшчэ зусім нядаўна бегала па школьным двары з бантамі і ранцам за плячамі пакідае школьныя сцены і для яго гучыць апошні ў яго жыцці школьны званок. Любімыя настаўнікі, дзіцячыя перажыванні і першае каханне ўходзяць на другі план, наперадзе адкрываецца шырокая дарога жыцця. Выпускнікі адпраўляюцца крочыць па ёй цвёрдай і ўпэўненай хадой, але колькі б гадоў ні прайшло, кожны з іх будзе з цяплом і дабрынёй ўспамінаць школьны час.

Апошні званок празвінеў у нашым раёне для 268 адзінаццацікласнікаў і для 325 дзевяцікласнікаў.

Па-асабліваму сардэчна праходзяць лінейкі, прысвечаныя апошняму званку, у сельскіх школах: ёсць у іх свае адметнасці, традыцыі.

У Судкоўскай СШ словы наказу на самастойную дарогу жыцця ў адрас 18 выпускнікоў выказала яе дырэктар Ж.А. Сяргеенка. Рабяты, якія прымалі актыўны ўдзел у грамадскім жыцці школы, дасягнулі поспехаў у вучобе, з гордасцю прымалі граматы з рук дырэктара.

З віншавальнымі словамі да вучняў і калектыву школы, найлепшымі пажаданнямі ў добры шлях яе выпускнікам звярнуліся старшыня раённага выканаўчага камітэта А.В. Бічан і начальнік аддзела адукацыі райвыканкома Л.Ф. Кулакоўская. Кіраўнік раёна пажадаў паспяховай здачы экзаменаў, здароўя, шчасця ў дарослым жыцці, адзначыў, што сённяшніх выпускнікоў, будучых маладых спецыялістаў розных прафесій, заўсёды чакаюць у раёне. Праводзіць выпускнікоў у дарослае жыццё прыйшлі дырэктар сельгаспрадпрыемства “Судкова” А.А. Сцішанок і старшыня Судкоўскага сельвыканкома А.У. Савянок. З прывітальнымі словамі да рабят звярнуліся класны кіраўнік выпускнікоў К.Р.Назаранка, першая настаўніца А.У. Найдзенка, маці выпускніцы 11 класа Т.А. Харытанчук.

У гэты дзень выпускнікоў прыйшлі прывітаць будучыя першакласнікі, якія прачыталі вершы аб тым, як добра быць выпускнікамі, атрымалі падарункі ад адзінаццацікласнікаў. А выпускнікі, у сваю чаргу, выступілі са словамі ўдзячнасці роднай школе, словамі развітання са школай: са сцяжынкамі ў двары, з дзённікамі, з любімымі настаўнікамі.

У гэты святочны дзень было многа кветак, яркіх шароў, песень. Калі першы школьны званок запрасіў выпускнікоў на самы першы ўрок, то апошні абвясціў аб тым, што яны ўступілі ў дарослае жыццё. У завяршэнне цырымоніі прагучаў самы сумны і самы вясёлы апошні званок на апошні ўрок у руках выпускніка Дзмітрыя Бельскага і будучай першакласніцы Алены Гуцуцуй.

Наперадзе школьныя экзамены, выпускныя вечары. І, канешне ж, уступныя экзамены ў ПТВ, ВНУ і сярэднія спецыяльныя ўстановы. Жадаем удачы!


Тэкст і фота
Алены СМУСЯНОК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *