І тэмпы, і якасць

Сельское хозяйство

– Нашых механізатараў на працы падганяць не патрэбна, – гаворыць старшыня прафсаюзнага камітэта КСУП імя Мележа А.М. Карніцкі. – Кожны  дакладна ведае фронт работ на корманарыхтоўцы, расцэнкі па аплаце. Для працаўнікоў на сенажацях арганізавана гарачае харчаванне, якое дастаўляюць  да месца работ вадзіцель Міхаіл Васільевіч Бондар і раздатчыца Ганна Аркадзьеўна Касцючэнка. Кожны абед для чалавека каштуе ў межах 6-7 тысяч рублёў. Бясплатна. Але ж калі парушыў працоўную дысцыпліну, то кошт абеду вылічваецца з заробку.

Рэгулярна запаўняецца экран спаборніцтва, і кожны ведае зробленае за дзень. Няма праблем і з тым, каб прыняць душ у канцы змены ў рамонтнай майстэрні. Усе механізатары забяспечаны спецадзеннем, а для тых, каму даводзіцца займацца рамонтам корманарыхтоўчай тэхнікі, выдаецца другі яго камплект. Усе агрэгаты аснашчаны вогнетушыцелямі і медыцынскімі аптэчкамі. Самая пільная ўвага надаецца ахове працы і тэхніцы бяспекі. У пачатку сезона нарыхтоўкі кармоў з усімі яго ўдзельнікамі праведзены інструктаж.

…Пазаўчора, калі мы са старшынёй райкома прафсаюза работнікаў АПК В.В. Харошка і інжынерам па ахове працы і тэхніцы бяспекі райсельгасхарчу А.В. Калыханам наведалі гаспадарку, работы вяліся ва ўрочышчы “Сакі”. Навакольны пейзаж  мяняўся ўвачавідкі. Там, дзе яшчэ ўчора калыхаўся пад чэрвеньскім ветрыкам высокі травастой, роўнымі, бы адведзенымі пад вялікую лінейку, ляжалі пракосы падвяленай масы. Задуменна хадзілі, не звяртаючы ўвагі ні на людзей, ні на машыны, чароды цыбатых буслоў. У вырай рыхтавацца задужа рана, сабраліся птушкі для пажывы.

Сярод чатырох агрэгатаў асабліва выдзяляўся “Ягуар-870” Святаслава Яўгенавіча Краўчанкі (на здымку ўверсе), які займаўся падборам валкоў. Стараюцца не адстаць у выпрацоўцы   Міхаіл Васільевіч Процка, Валерый Пятровіч Бельскі і Васілій Васільевіч Канапелька на айчынных КЗР-10, а таксама Валерый Міхайлавіч Міхед.

Няма затрымак з адвозкай, што вельмі важна, каб не расцягваліся тэрміны запаўнення траншэй з кансерваваным кормам.  Задзейнічана чатыры  МАЗы –  Васілія Іванавіча Кудрыцкага, Пятра Васільевіча Кудрыцкага, Сяргея Васільевіча Кудрыцкага і Васілія Міхайлавіча Бандарчука, а таксама МТЗ-1221 з ПС-30, на якім працуюць механізатары Міхаіл Аляксандравіч Кляцоў і Іван Уладзіміравіч Міхаленка.

 У пагодлівыя сонечныя дні, якія нарэшце прыйшлі пасля дажджлівых, стараюцца працаўнікі сельгаспрадпрыемства не прагадаць і з назапашваннем сена. Прасаваннем яго займаецца на МТЗ-82 з ПРФ-750 вопытны механізатар Уладзімір Юліянавіч Харкевіч, зграбаннем  –  на МТЗ-82 з ГВР-630 Мікалай Мікалаевіч Сямкоў, Аляксандр Аляксандравіч Бондар і Мікалай Пятровіч Гарыст.  А з трамбоўкай сянажнай і сіласнай масы выдатна спраўляецца на К-700 Уладзімір Казіміравіч Аніскавец.

Не ва ўрон якасці нарошчваюць тэмпы работ корманарыхтоўшчыкі. За гэтым пільна сочыць галоўны заатэхнік гаспадаркі Эльміра Міхайлаўна Кудрыцкая. Па стану на 7 чэрвеня для грамадскай жывёлагадоўлі ў сельгаспрадпрыемстве было нарыхтавана 3621 тона сіласу,  1460 тон сенажу і 224 тоны сена. Траншэі з кормам закладзены ў вёсках Хвойнае, Алексічы, Глінішча, зараз фронт работ перамясціўся ў Дуброву. Як ужо гаварылася, вынікам работы надаецца шырокая галоснасць. Акрамя экрана спаборніцтва, тут рэгулярна выпускаюцца баявыя лісткі. Яны ў дзень наведання гаспадаркі паведамлялі, што на нарыхтоўцы зялёнай масы лідзіруюць механізатары В.М. Міхед і С.Я. Краўчанка, а на прасаванні сена У.Ю. Харкевіч.


На здымку ўнізе: вадзіцелі В.І. Кудрыцкі, С.В. Кудрыцкі і В.М. Бандарчук.


Уладзімір СЯМЕНАЎ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *