Лёс адной сям’і ў той страшнай вайне

Да Дня Вялікай Перамогі

imageМае бацькі, Дзмітрый Кірылавіч і Валянціна Міхайлаўна Лагвінец, Дзень вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Дзень Вялікай Перамогі лічылі самымі галоўнымі святамі, бо на сваіх плячах вынеслі ўсе жахі ваеннага ліхалецця.
Мае бацькі не былі камуністамі, не займалі высокія пасады. Яны проста валодалі тым, што называецца народнай памяццю, і нам, дзецям, у хвіліны душэўных, даверлівых размоў, якія здараліся доўгімі зімовымі надвячоркамі ля цёплай печкі або ціхімі летнімі вечарамі на лавачцы ці ганку, у палісадніку, расказвалі пра сваё жыццё-быццё, пра дзяцінства і маладосць. І, канешне, пра вайну, пра тыя цяжкія ваенныя гады і пра тую радасць, якую ім прынесла вызваленне ад фашысцкага іга. А яшчэ мы разам спявалі песні, глядзелі фільмы, вялікая колькасць якіх была пра жахі вайны і пра трагедыю, мужнасць і гераізм людзей, якія падняліся на барацьбу з захопнікамі.
Нарадзіўся мой бацька ў 1907 годзе, на дзесяць гадоў маладзейшая за яго мая маці. Абодва родам з вёскі Навасёлкі, з сялянскіх сем’яў. Прыгожыя па сабе, працавітыя, яны стварылі дружную сям’ю. Як прыйшла калектывізацыя, аднымі з першых уступілі ў калгас. Радаваліся нараджэнню дзвюх дачушак – Софіі і Анастасіі.
А наперадзе былі больш страшныя часы – пачалася Вялікая Айчынная вайна. Бацька з першых дзён яе быў прызваны на фронт, а ў 1942 годзе маці атрымала паведамленне аб тым, што яе муж прапаў на фронце без вестак.
Маці ўсю акупацыю хавалася, як толькі ў вёску прыязджалі фашысты, баялася аблаў, гвалту, адпраўкі ў фашысцкую Германію. У час акупацыі яна страціла горача любімага брата Васілія: калі карнікі палілі суседнюю вёску Зялёны Гай, ён разам са сваім сябрам-аднавяскоўцам Пятром хаваліся ў жыце, дзе і насцігла іх фашысцкая куля. І вечны спачын атрымалі хлопцы таксама разам – пахавалі іх у адной магіле. Не паспела зарубцавацца гэтая рана на сэрцы, як адначасна пайшлі з жыцця захварэўшыя на тыф дачушкі і іх дзядуля Міхаіл.
Але жыццё працягвалася, пасля вызвалення Хойнікшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў маці працягвала працу ў калгасе, жыла ў хаце, пабудаванай бацькам яшчэ да вайны, трымала кватарантаў. Трэба сказаць, што да яе заляцаўся аднавясковец, малады мужчына, ведаючы, што яе муж прапаў, хацеў узяць нашу маці ў жонкі. Тая паабяцала падумаць.
На шчасце, цеснымі засталіся сваяцкія сувязі. Брат Ціхан працаваў начальнікам вясковай пошты, Іван – касірам у калгасе імя ХХІ з’езду КПСС, сястра Анастасія працавала санітаркай на мясцовым ФАПе, Мальвіна – у вёсцы Партызанская займалася нарыхтоўкай лесу. Менавіта яна прапанавала напісаць пісьмо ў таварыства Чырвонага Крыжа з просьбай даведацца аб лёсе мужа сястры. Ды хутка атрымалі пісьмо ад бацькі з паштовым штэмпелем: Горкі, Маскоўская вобласць. Ён пісаў, што жывы, здаровы, хутка прыедзе дамоў.
Аднойчы кватаранты вырашылі з’ездзіць у Рэчыцу на базар, маці напрасілася з імі. Вяртаючыся дамоў на прыгарадным цягніку, вялі няспешную размову. Вось тады яна і вымавіла ў голас, маўляў, ці можа быць так, каб на гэтым цягніку прыехаў чалавек з Горак, што пад Масквой. Са словамі: «Я адтуль трымаю курс» да іх набліжаўся мужчына, глянуўшы на якога, маці ледзь не самлела – гэта быў яе муж.
Як аказалася, дывізію, у якой ён змагаўся ў якасці радавога, кінулі на абарону Віцебска.
Амаль месяц цягнулася тут жорсткая бітва. Пад націскам гітлераўцаў давялося адступаць на ўсход. Менавіта тады і трапіў Дзмітрый Лагвінец у палон. Ды не адзін: такіх, як ён, былі многія тысячы. Ахова палонных была не надта вялікай і пільнай. Гэта навяло на думку здзейсніць уцёкі. Чакалі толькі зручнага моманту. І такі час настаў. Пад вечар у адзін з сакавіцкіх дзён разыгралася сапраўдная бура. Снег сляпіў людзей. Менавіта тады ноччу, падкапаўшы зямлю пад сцяной, групай з пяці ваеннапалонных пакінулі лагер. Ішлі да лініі фронту. У адной з вёсак іх пакармілі, пакінулі начаваць, пераапранулі ў цывільнае адзенне, якое сабралі па суседзях. Калі натрапілі на немцаў, тыя прынялі іх за неваеннаабавязаных, якія хаваюцца ад угону ў Германію. У «працоўным лагеры», дзесьці ў нямецкім Руры, яму давялося многае перажыць і пабачыць.
Набліжалася пераможная вясна. Ужо добра быў чутны страшны, пранізлівы вой снарадаў, якія ляцелі над галовамі вязняў і дахамі дамоў – гэта былі савецкія снарады.
У маі 1945 года вызвалілі амерыканцы. Эшалон, на якім вярталіся на радзіму, ехаў у Падмаскоўе – там, у Горках, адбылося расфарміраванне эшалона, адкуль прыбыўшыя з фашысцкай няволі накіраваліся па сваіх дамашніх адрасах.
З цягам часу аднавіўся і родны калгас імя ХХІ з’езду КПСС: на фермах стаялі дойныя статкі, гадавалыя бычкі (на гэтым участку даглядчыкам наш бацька працаваў да выхаду на пенсію), была вялікая канюшня, снавалі па палетках трактары. Працавала сямігадовая школа, звінелі дзіцячыя галасы. У гэтай школе вучыліся мы, пасляваенныя нашчадкі сям’і Лагвінцоў Дзмітрыя Кірылавіча і Валянціны Міхайлаўны. Старэйшы брат Міхаіл нарадзіўся ў 1947 годзе (у мінулым годзе ён пайшоў з жыцця), мая сястра Алена з’явілася на свет у 1949 годзе, жыве ў Хойніках. Я – самая малодшая, з 1954 года, і назвалі мяне Софіяй, як памёршую ў час вайны маю сястрычку.
А той дом, у якім мы жылі, на маю думку, быў самым прыгожым у Навасёлках. Патанаючы ў кветках, ён назаўсёды застанецца ў нашых успамінах. Як застанецца ў памяці добрая атмасфера, якую стваралі любячыя адзін аднаго нашы бацькі, якія свята даражылі сямейным шчасцем, бо яно – гэта калі няма вайны, калі на нашы дамы і агароды не падаюць снарады, а дзеці не баяцца гулу самалётаў і верталётаў…

С. Чэкан, жыхарка г. Хойнікі.
Фота Алены СМУСЯНОК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *