«Люблю грозу в начале мая…» – гэтыя радкі з вядомага верша Цютчава ўзгадаліся па дарозе ў чарговую нашу вёсачку. Грукатаў, нібы гуляючы па небе, гром. Небасхіл паволі цямнеў. Наваколле губляла фарбы сонечнага дня. І здавалася, вось-вось пальецца дожджык. Але ён пачакаў – усё ж дазволіўшы ўдосталь палюбавацца мясцовымі краявідамі – і пачаў крапаць толькі тады, калі мы ўжо ад’язджалі назад. А пабывалі на гэты раз у пасёлку Акцябр. Па некаторых звестках, да 1920 года ён называўся Лапаўшчына, а пазней Чырвоны Акцябр.
Гэта вёсачка адметная – адрозніваецца ад усіх папярэдніх. Справа ў тым, што ўсе населеныя пункты, дзе нам ужо давялося пабываць, раней былі вялікімі, а з часам «бяднелі», а гэты пасёлак наадварот: з гадамі разросся. Да Вялікай Айчыннай вайны тут было ўсяго 18 дамоў. Пасля Перамогі сюды пачалі перасяляцца жыхары суседніх вёсак і будаваць жыллё. Па праваму боку стаяць выключна пасляваенныя хаты.
Наогул Акцябр – гэта ўсяго адна вуліца. Па ёй цячэ простае жыццё, без мітусні. У пачатку пасёлка не было відаць ні душы. Я ішла і атрымлівала асалоду ад таго, як цвіце і пахне бэз. Здавалася, нібыта вёска купаецца ў белых і бэзавых аблоках.
І вось толькі ў канцы вуліцы пачуўся задорны дзіцячы смех. Хлопчыкі і дзяўчынкі з запалам бегалі па дарозе. Толькі падышоўшы да іх бліжэй, я заўважыла, што яны гуляюць у футбол. Знаёмімся. Гэта Таня, Саша, Каця, Ілля і Кірыл Літвінкі. Шчырыя, усмешлівыя рабяты расказалі, што яшчэ любяць гуляць у даганялкі і хованкі. Паведамілі і аб тым, што ў школу і садзік яны ездзяць на аўтобусе. І нават узгадалі некалькі цікавых гісторый пра любімага сабачку Мухтара. Пагутарыўшы з імі, я нават засумавала па сваім бестурботным дзяцінстве і таксама захацела «паганяць» у мяч.
Але неабходна працаваць – знайсці больш сталых жыхароў, каб даведацца пра былое пасёлка. Завітала ў госці да Ганны Васільеўны Бандарэнка, там заспела і Соф’ю Антонаўну Чэкан.
Яны расказалі пра тое, што раней у пасёлку быў свой ларок, а зараз ездзіць аўталаўка. І прасілі адзначыць, што на ёй працуе выдатная жанчына Іна. Раней вёску абслугоўваў паштальён, цяпер ездзіць «пошта на колах». Па словах бабулек, гэта не вельмі зручна для тых, хто выпісвае рэспубліканскую прэсу.
Школа-васьмігодка была ў суседнім Карчовым. «А ў старэйшыя класы мы хадзілі цераз лес у Паселічы, некаторыя пешшу ў Хойнікі. Зараз жа дзяцей і возяць, і нават кормяць, а яны ўсё роўна вучыцца не хочуць», – з сумам гавораць мае суразмоўцы. У былыя часы ў Акцябры быў і свой клуб, там моладзь любіла збірацца, а цяпер яе амаль не засталося тут.
Соф’я Антонаўна працавала ў калгасе «Рассвет» бухгалтарам, а яе муж Васілій Адамавіч, як бабуля сама адзначае, – «вечны шафёр». Яны ведалі адзін аднаго з дзяцінства: раслі ў адной вёсцы – у гэтым пасёлку Акцябр. А Ганна Васільеўна – жонка брата Соф’і Антонаўны. Ён пайшоў з жыцця дзевяць гадоў назад. Пасля чаго дзеці пачалі забіраць бабулю да сябе, таму бывае ў вёсцы яна не часта. У Г.В. Бандарэнкі трое дзяцей, шэсць унукаў і пяць праўнукаў. Больш сціплыя жанчыны мне пра сябе нічога не распавялі і нават наадрэз адмовіліся фатаграфавацца. Але папрасілі ўзгадаць у публікацыі іншых жыхароў сталага ўзросту – Валянціну Сінкевіч, Яўгенію Чэкан, Алену і Міхаіла Камеша, і абавязкова напісаць пра доўгажыхарку вёскі, якую ўсе вельмі паважаюць – Праскоўю Кузьмінічну Лявоненка. Што ж, выдатная прапанова. Накіроўваемся па ўказаным адрасе.
Праскоўя Кузьмінічна такая мілая, такая чулая, што нават складана знайсці словы, каб гэта перадаць. Першае маё пытанне, зразумела, было аб тым, у чым сакрэт яе доўгажыхарства. Дарэчы, ёй 96-ты год. На што бабуля адказала: «Не ведаю. Я проста гаравала ўсё жыццё. Пайшла на пенсію і потым яшчэ дваццаць гадоў працавала». Адразу разумееш, што гэта чалавек іншай загартоўкі. Яна працавала ў калгасе паляводам, муж Рыгор быў бухгалтарам. Разам яны выхавалі чацвярых дзяцей, але цяпер засталося трое. Праскоўя Кузьмінічна жыве з дачкой Лідзіяй. Удзень жанчына завіхаецца па хатняй гаспадарцы, а па вечарах любяць з маці пасядзець, папіць чаю, паглядзець тэлевізар. На святы да іх прыязджаюць родзічы. Вось, калі восенню бабулі спаўнялася 95 гадоў, сабралася дваццаць пяць чалавек. Шмат віншаванняў гучала ў яе адрас і галоўнае пажаданне – дажыць мінімум да ста гадоў. Гэтага і мы ёй ад душы жадаем.
Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.