Марыць выступіць з сольным канцэртам у Хойніках

Асобы Хойнікшчыны Культура

0097Надзвычай эмацыянальны і віртуозны музыкант, беларускі кампазітар і спявак – наш зямляк Яўгеній Аляксандравіч Хаменка.

Глыбока адчуваючы ўнутранае жыццё людзей, валодаючы сакавітым барытанальным тэнарам, на сваіх канцэртах ён закранае ўсе ніці чалавечых перажыванняў, эмоцый, роздумаў. Ён добра вядомы хойніцкаму гледачу, таму што штогод выступае ў канцэртах дабрачыннай акцыі «Чарнобыльскі шлях – дарога жыцця». Цікавы творчы і жыццёвы шлях гэтага таленавітага чалавека. Ён стварыў канцэртную праграму «Мелодыі кахання», якая ўключае ў сябе выкананне «залатых» хітоў ХХ стагоддзя і песень уласнага стварэння. З лістапада 2009 года па сакавік 2015-га выступіў больш чым на 250 сольных канцэртах у Рэспубліцы Беларусь і Расійскай Федэрацыі. У 2011 годзе запісаў аўтарскі сольны альбом «Песні маёй душы», зараз працуе над альбомам «Родныя песні». Творы Я. Хаменкі гучаць на першым канале Беларускага радыё ў аўтарскім выкананні, у выкананні салісткі аркестра Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі Валянціны Альшанскай і саліста ансамбля народнай музыкі «Свята» Вячаслава Статкевіча.

Яўгеній Аляксандравіч Хаменка нарадзіўся 3 мая 1953 года ў пасёлку Энергія Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці, там яго бацька Аляксандр Сцяпанавіч працаваў на мясцовым торфапрадпрыемстве. А з гадавалага ўзросту жыў у населеным пункце Хвойная Паляна, які на той час у нашым раёне з’яўляўся пасёлкам торфаздабытчыкаў. Галоўным бухгалтарам на торфапрадпрыемстве «Аўрамаўскае» працаваў бацька. У сям’і расло чацвёра дзяцей, выхаваннем якіх займалася маці Вольга Кірылаўна. Але калі Яўгенію споўнілася восем гадоў, з-за каварнай хваробы маці пайшла з жыцця. Другой мамай, а не мачахай, для асірацеўшых дзяцей стала ўраджэнка вёскі Гноеў (зараз Віць) Марыя Іванаўна Гутнік, якая нарадзіла яшчэ дваіх дзяцей. Яна працавала настаўніцай у Хвойнапалянскай васьмігадовай школе, якую Яўгеній закончыў на выдатна. І сёння ён, акрамя мамы, з вялікай удзячнасцю ўспамінае сваіх педагогаў – Раісу Якаўлеўну Краўцову, Лілію Фёдараўну Савянок, цёзак па імені і прозвішчу Любоў Давыдаўну і Любоў Маісееўну Каплан. І, канешне ж, дырэктара Аляксандра Васільевіча Брухавецкага – без выключэння ўсе хвойнапалянцы ведалі і памятаюць яго як чалавека вялікай і шчодрай душы.

Белы корпус школы тады хораша адцяняла зеляніна магутных дрэў, якія раслі непадалёку, у парку, дзе вечарамі моладзь збіралася на танцы. Бярозы, сосны, клёны і ліпы быццам на парадзе выстраіліся ўздоўж вузкакалейкі, па якой рабочыя з Аўрамаўскай (зараз вёска Партызанская) на матрысе ездзілі на тарфяныя палі на працу. Многа дзе давялося пабываць Яўгенію Аляксандравічу, але апошнім часам ён нібыта занава адкрывае для сябе прыгажосць мясцін, дзе ступіў на ногі і адкуль пайшоў у прафесійны свет. Хвойнапалянская зямля дала сілу і энергію, якой хапае і да гэтай пары: блізкія людзі паўплывалі на фарміраванне яго характару, духоўных асноў. І жыццё ў горадзе, урбанізацыя не парушылі яго маральна-духоўны фундамент.
Атрымаўшы пасведчанне аб васьмігадовай адукацыі, Яўгеній паехаў у Мінск, дзе ў 1968 годзе паступіў, а ў 1972 годзе закончыў машынабудаўнічы тэхнікум, таксама з адзнакай. У гэтай навучальнай установе юнак удзельнічаў у мастацкай самадзейнасці. І, па сутнасці, гэта былі першыя крокі для ўзыходжання на прафесійную музычную дарогу жыцця. Магчыма гэтыя абставіны і пасадзейнічалі атрыманню спецыяльнай адукацыі. Вось чаму паступіў у Мінскі педагагічны інстытут на бібліятэчны факультэт, дзе на аддзяленні культасветработы вучыўся па спецыяльнасці «дырыжор акадэмічнага хору». У 1977 годзе на базе гэтага аддзялення быў адкрыты інстытут культуры, і тады ж Яўгеній Хаменка атрымаў дыплом аб заканчэнні гэтай вышэйшай навучальнай установы. Пасля быў прыняты на работу ў Белдзяржфілармонію, дзе працаваў артыстам інструментальнага ансамбля «Лосвіда», а затым артыстам вакальна-інструментальнага ансамбля «Верасы». У 1979 годзе ў саставе ансамбля «Лосвіда» прымаў удзел ва ўсесаюзным конкурсе артыстаў эстрады ў Ленінградзе, а таксама ў гастрольнай паездцы на Байкала-Амурскую магістраль з амерыканскім спеваком Дзінам Рыдам у саставе ВІА «Верасы». Тында, Брацк, Усць-Ілімск – гэта далёка не поўны пералік адрасоў, дзе давялося выступаць перад тымі, хто працаваў на буйнейшай будоўлі СССР ХХ стагоддзя.

У 1979 годзе Я. Хаменка быў прызваны ў армію, служыў у Мінску, быў салістам ваеннага ансамбля «Равеснік-68». З 1981 па 1986 год Я. Хаменка з’яўляўся заснавальнікам і кіраўніком рок-групы «Мінск», наступныя шэсць гадоў – кіраўнік групы «Дэльта». У 1991 годзе ён узяў тайм-аут у музычнай кар’еры і па 2006 год займаўся распрацоўкай і вытворчасцю акустычных сістэм «Geniss».
Пасля ўзнаўлення канцэртнай дзейнасці з лютага 2006 года Яўгеній Хаменка – нязменны ўдзельнік канцэртаў міжнароднай сацыяльна-творчай праграмы «Чарнобыльскі шлях – дарога жыцця», праходзячай на тэрыторыі найбольш пацярпеўшых ад катастрофы на ЧАЭС рэгіёнаў Беларусі і Расійскай Федэрацыі, у тым ліку ў Хойніках. Выступаючы на сваёй малой радзіме, ён заўсёды з цёплымі словамі звяртаецца да сваіх землякоў і з асаблівым настроем выконвае для іх песенныя кампазіцыі.
Разам з канцэртнай дзейнасцю, Яўгеній Хаменка плённа працуе ў якасці кампазітара. Увасабляе ў жыццё самыя розныя і доўгачаканыя мары, увесь час адточвае майстэрства пара-лельна з уласным характарам, а праца над чарговым творам сумяшчаецца з пошукам рашэння скла-даных жыццёвых пытанняў, ад якіх не застрахаваны нават самы паспяховы чалавек. У кожную песню, як ва ўласнае дзіця, укладвае свае сілы, дадае сваё бачанне, каб потым вынесці на сцэну, каб атрымаўся жывы цэльны твор са сваімі адметнымі рысачкамі. Дзелячыся сакрэтамі кампазітарскай кухні, Яўгеній Аляксандравіч адзначаў, што працэс стварэння песні вельмі просты, калі знаходзіш цікавыя словы, якія можна пакласці на музыку, калі ў тэксце прысутнічае рытміка. Абавязкова вывучвае напамяць верш, бывае, што тады мелодыя прыходзіць сама па сабе. Застаецца толькі адпрацаваць, адшліфаваць, каб незнарок не запазычыць чужую мелодыю. Ён – перфекцыяніст, пастаянна штосьці выпраўляе, паляпшае, пакуль не даб’ецца таго, чаго хоча.

Музыка патрабуе часу, многа сіл і энергіі – колькі ты ўкладваеш, такі ж атрымаеш і вынік. У прынцыпе, гэта справядліва для любой справы. Я.А. Хаменка лічыць музыку натуральным станам сваёй душы – без усялякіх перабольшванняў. Усё, што ён робіць у музыцы, робіць таму, што яму гэта падабаецца, таму, што гэта спосаб выражэння яго творчай індывідуальнасці.
Я. Хаменка наладзіў плённае творчае супрацоўніцтва з беларускімі паэтамі. З іх асабліва вылучае Канстанціна Цыбульскага, песні на яго вершы «Святой Беларусі зямля», «Я прыду на зары», «Рыбакі», «Добрым людзям» з’яўляюцца візітнай карткай кожнага канцэрта Я. Хаменкі. З добрай песняй пра маму «Я видел сон» на словы Цы-бульскага Яўгеній Хаменка выступаў у 2013 годзе ў горадзе Васкрасенску Маскоўскай вобласці і стаў лаўрэатам Усерасійскага конкурсу. Сямейны ансамбль «Сваякі» Елізаўскага Дома культуры Асіповіцкага раёна з песнямі Я. Хаменкі на вершы К. Цыбульскага «Рыбакі» і «Добрым людзям» заваяваў Гран-пры абласнога фестывалю сямейнай творчасці «Сузор’е талентаў» у г. Глуск у 2009 годзе і званне лаўрэата 4-га рэспубліканскага фестывалю «Жывіце ў радасці» ў г. Слоніме ў 2011 годзе. На вершы барысаўскай паэтэсы Лёлі Багдановіч напісаны песні «Каштаны», «Свечи», «Падает снег», апошнюю Хаменка выконвае сам і дуэтам з Валянцінай Альшанскай.
Пры падрыхтоўцы гэтага матэрыялу, у асобе Я.А. Хаменкі я адкрыла не толькі таленавітага музыканта, але цікавага і глыбокага чалавека – далікатнага, уважлівага, абаяльнага. А яшчэ ён верыць у любоў, якой невядомыя ніякія фізічныя і геаграфічныя абмежаванні – любоў да родных, блізкіх людзей, да сцэны. Выканаўшы многа песень, заўсёды імкнецца не страціць сябе, і ў гэтым яго і талент, і вера, і вернасць. Гэтае ж датычыць і асабістага: 43 гады ён крочыць разам па жыцці з жанчынай, якую выбраў аднойчы і назаўсёды. З Аленай Фёдараўнай ён пазнаёміўся ў пасёлку Елізава, што ў Асіповіцкім раёне, будучы навучэнцам машынабудаўнічага тэхнікума: туды ён ездзіў у госці да сябра. Аднаго позірку хапіла для таго, каб зразумець, што сустрэў тую адзіную, з якой можа быць шчаслівым. Са сваёй жонкай рэдка разлучаюцца, бо яна яго канцэртны дырэктар. Атрымліваецца, што разам працуюць, разам ездзяць на гастролі, разам вяртаюцца дамоў. Для абодвух вельмі важна, што заўсёды побач не толькі родны чалавек, але і аднадумца. Муж і жонка Хаменка вырасцілі дзвюх цудоўных дочак: Ірына жыве ў Санкт-Пецярбургу, Аксана – у Мінску. Ёсць дзве ўнучкі – Соф’я і Любоў. Соф’я закончыла першы клас дзіцячай школы мастацтваў № 207 г. Мінска па спецыяльнасці «Фартэпіяна».

Душэўнай дабрыні Я. Хаменкі па-шчыраму зайздросцяць і калегі па канцэртнаму цэху. Арганічна спалучаючы адказнасць, патрабавальнасць і талент, ён умела арыентуецца ў атмасферы творчага супрацоўніцтва. А яшчэ ён цвёрда перакананы, што працавітаму чалавеку ўсе вятры спадарожныя. І ёсць у Яўгенія Аляксандравіча мара – выступіць з сольным канцэртам у нашым горадзе і ў Хвойнай Паляне. Мары збываюцца…

Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *