Задачы і праблемы пасяўной

Сельское хозяйство

Нягледзячы на зацягнуты пачатак кліматычнай вясны гаспадаркі раёна паступова прыступаюць да веснавой сяўбы. Першымі ў раёне яе пачалі хлебаробы сельгаспрадпрыемстваў імя Мележа, “Судкова” і агракамбіната “Віць”. Мехдвор апошняй гаспадаркі стаў адным з месц правядзення раённага семінара кіраўнікоў і спецыялістаў сельскай гаспадаркі па пытанню гатоўнасці да самай адказнай сельскагаспадарчай кампаніі.

Аднак спачатку ўдзельнікі мерапрыемства пабывалі на мехдвары ААТ “Хойніцкі Аграсервіс”. Па сваёй тэхнічнай аснашчанасці таварыства можа даць фору многім іншым гаспадаркам раёна і ў цэлым тэхніка гатова да пачатку сяўбы. Ззяюць фарбамі сучасныя глебаапрацоўчыя машыны і агрэгаты: сеялкі, культыватары, дыскі і нават першы ў раёне дыскатар – машына, якая можа выканаць цэлы комплекс палявых работ (напрыклад, пасля ўборкі збожжавых дыскатару дастаткова толькі аднойчы прайсці па вызваленай плошчы і можна прыступаць непасрэдна да азімай сяўбы – нездарма пастаўлена задача набыцця іх да восені кожнай гаспадаркай раёна).

Гатовы да работы і трактары, аднак існуюць праблемы з насеннем. І калі насенным матэрыялам збожжавых культур гаспадарка забяспечана на 100 працэнтаў, то з насеннем кукурузы на зерне справы складваюцца не так гладка. Дарэчы, гэта бяда многіх іншых гаспадарак раёна, хаця плюшчанае кукурузнае зерне ў рацыёне кароў дае адчувальную прыбаўку малака. Таму кіраўнік раёна А.В. Бічан даручыў начальніку ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкома Н.А. Слесарэнка ўзяць пытанне забяспечанасці сельгаспрадпрыемстваў насеннем кукурузы на зерне на штодзённы кантроль.

“Аграсервіс” пакуль што адзіная гаспадарка ў раёне, якая мінусуе па вытворчасці малака да ўзроўню мінулага года. У многім так атрымалася з-за недахопу высокаэфектыўных пашаў, у першую чаргу шматкампанентных. Сёлета стварэнне шматкампанентных пашаў – адна з надзённых задач ААТ, гэтак жа як і вырошчванне люцэрны – каштоўнай кармавой культуры. Гэта яшчэ адна задача пасяўной, якая пастаўлена перад “Аграсервісам”.

Праблемай для гаспадарак пакуль што застаецца і забяспечанасць палівам. Таму кіраўнік раёна падкрэсліў, што ў ходзе пасяўной тэхніка не павінна прастойваць па гэтай прычыне, перш за ўсё, машыны для ўнясення мінеральных угнаенняў. І, калі, напрыклад, у тым жа “Аграсервісе” не хапае паліва, машыны гэтыя павінны працаваць на палях іншых сельгаспрадпрыемстваў. Такая ўзаемасувязь і ўзаемадапамога пойдуць толькі на карысць справе.

Таксама ў цэлым гатова да веснавых палявых работ і тэхніка агракамбіната “Віць”. Аднак тут (як, дарэчы, і ў “Аграсервісе”, толькі не так востра) паўстала праблема з высокакваліфікаванымі механізатарскімі кадрамі. Хаця, як паведаміў удзельнікам семінара старшыня райвыканкома А.В. Бічан, па выніках нядаўняй інвентарызацыі жыллёвага фонду на балансе агракамбіната сёння стаіць 109 дамоў. Жыхары многіх з іх даўно звольніліся з гаспадаркі, але яе службовае жыллё займаюць па-ранейшаму. Думаецца, што пры належнай прынцыповасці гэтая акалічнасць з’явіцца рэзервам для прыцягнення ў “Віць” механізатараў з-за межаў раёна.

Тут жа, на мехдвары агракамбіната, было ўзнята і яшчэ адно немалаважнае пытанне. Як паведаміла галоўны эканаміст гаспадаркі С.Ф. Кушнер, пуцявыя лісты механізатарам, занятым на сяўбе, абавязкова будуць падпісваць галоўны аграном і брыгадзір вытворчага падраздзялення. Гэта, па-першае, паспрыяе якасці палявых работ (ацэнка галоўнага агранома), а па-другое, дазволіць кантраляваць расход паліва – проста і эфектыўна. Таму, як падкрэслена на семінары, іменна так і павінна быць ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах раёна.


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *