Убраць хлеб да зярнятка

Сельское хозяйство

У мінулы аўторак адбылося пасяджэнне райвыканкома.  Удзел у ім прыняў намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкома Б.А. ПІРШТУК.

Напярэдадні правядзення  важнай сельскагаспадарчай кампаніі разглядалася пытанне падрыхтоўкі тэхнікі да ўборкі ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур, размешчаных у раёне на 12000 га. З мэтай змяншэння нагрузкі на камбайн, якая з улікам рапсу складае 309 га пры сярэднеабласным паказчыку 194, кожнае сельгаспрадпрыемства раёна да 5 ліпеня, вызначыўшыся з варыянтам аплаты, павінна атрымаць па аднаму збожжаўборачнаму камбайну. Да таго ж, на лінейку гатоўнасці на пачатак ліпеня трэба паставіць усю ўборачную тэхніку. Яе гатоўнасць на сённяшні дзень у раёне складае 90 працэнтаў. Да 100 працэнтаў не дацягваюць КСУПы “Веляцін”, “Аравічы”, эксбаза “Стралічава”.

 Пры склаўшыхся спрыяльных умовах надвор’я неабходна сабраць у раёне не менш 48,5 тыс. тон збожжа. А галоўная ўмова для гэтага – своечасовасць, арганізаванасць, трэба ўкласціся ў аптымальныя тэрміны, каб не асыпалася зерне.

Другі важны напрамак – прасаванне і адвозка саломы з палёў. У рашэнні райвыканкома прапісана даручэнне да 5 ліпеня ў разрэзе гаспадарак вызначыцца, дзе будзе салома здрабняцца, а дзе прасавацца ў рулоны. У раёне дастаткова тэхнікі і людскіх рэсурсаў, каб падрыхтаваць палі пад азімыя, неабходна толькі зноў-такі арганізавацца – стварыць атрады па адвозцы саломы. 

Спецыялісты райсельгасхарчу павінны правесці ў кожным сельгаспрадпрыемстве  сустрэчы з механізатарамі, у ходзе якіх растлумачыць умовы аплаты працы, правілы тэхнікі бяспекі, звярнуць увагу на тое, што важна не толькі беражліва эксплуатаваць камбайн, але і якасна паставіць яго на зімовае захоўванне.     

Да 800 тон збожжа ў суткі маюць магчымасць прымаць на сушыльным комплексе ўчастка па вырабу камбікармоў. Дзяржзаказ сёлета яму даведзены 3 тысячы тон, летась ён быў 5 тысяч тон. 16 МАЗаў з прычэпамі будуць задзейнічаны на перавозцы амаль кругласутачна. Схема іх работы адладжана, галоўнае за 15 дзён убраць збожжавую групу і тым самым захаваць высокую ўраджайнасць.

Далей размова ішла аб эфектыўнасці прымаемых мер па забеспячэнню ў Хойніцкім раёне супрацьпажарнага стану ў месцах з масавым знаходжаннем людзей. Усяго такіх аб’ектаў 38. Як адзначыў старшыня райвыканкома А.В. Бічан, бяспека і здароўе людзей – важней за ўсё. І прадпісанні супрацоўнікаў РАНС трэба выконваць. Пазітыўная дынаміка ў гэтым назіраецца па інтэрнату “Палескіх сыроў” па вул. Жукава, 1. Ужо ёсць планы эвакуацыі, пачаты работы па абсталяванню пажарных шафаў. У інтэрнаце па вул. Калесніка, 2д, які належыць заводу гідраапаратуры, пачаты работы па абсталяванню аўтаномнай пажарнай сістэмы, на праект і мантаж якой ужо зрасходавана 90 мільёнаў рублёў. “Хойніцкаму камунальніку” ў сваіх інтэрнатах па вул. Калесніка і Лермантава, аддзелу культуры на сваіх аб’ектах неабходна ўхіліць выяўленыя парушэнні.

У дакладзе аб рабоце спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву г. Хойнікі былі названы імёны пераможцаў сярод вучнёўскай моладзі, якія прынеслі славу нашаму раёну, імёны хайнічан гучалі нават на алімпійскіх гульнях. Па рэйтынгу ў вобласці нашы цяжкаатлеты ўтрымліваюць другое месца, барцы – трэцяе месца. Вось толькі лёгкаатлеты не дацягваюць. Але ў іх ёсць магчымасць выправіцца пасля ўводу ў эксплуатацыю сёлета стадыёнаў у гарадскім парку і каля адміністрацыйнага будынка торфабрыкетнага завода.


Ірына ВАСІЛЬЕВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *