Па-гаспадарску рыхтаваліся да веснавых палявых работ працаўнікі палёў КСУП імя Мележа. У рамонтных майстэрнях для людзей былі створаны ўсе неабходныя ўмовы, на лінейку гатоўнасці тэхніка ставілася згодна з распрацаваным графікам. Назапашвалася каля ферм, вывозілася і буртавалася на палях арганіка, даводзіўся да неабходных кандыцый пасяўны матэрыял.
Як толькі дазволілі пагодныя ўмовы, механізатары сельгаспрадпрыемства вывелі свае агрэгаты на палеткі. У мінулую пятніцу трактарысты Міхаіл Рыгоравіч Барысенка і Мікалай Пятровіч Гарыст актыўна займаліся падкормкай мінеральнымі ўгнаеннямі шматгадовых траў, сенажацей і выпасаў, а Юліян Вячаслававіч Харкевіч на сваім МТЗ-82 з РАУХ падкормліваў азотнымі ўгнаеннямі азімыя.
…Гулам магутных матораў поўнілася поле, што за вёскай Алексічы. Дружна і зладжана працавала звяно па ўнясенню арганікі ў складзе шасці адзінак тэхнікі. Адзін за адным пад’язджалі вёрткія МТЗ да бурта, дзе пагрузку арганікі ў гноераскідвальнікі забяспечваў Сяргей Рыгоравіч Наляговіч. Гэтай справай займаецца ён не першы год, таму затрымак па віне механізатара ніколі не здараецца.
А ў суботу, 21 сакавіка, вывеў на палеткі сеяльны агрэгат Іван Іванавіч Бандарчук (на здымку ўверсе). За два дні пасеяны авёс на 20 гектарах.
На ніжнім здымку: члены звяна па ўнясенню арганікі Аляксандр Фёдаравіч Гайко, Яўгеній Іванавіч Целеш, Уладзімір Юліянавіч Харкевіч, Сяргей Рыгоравіч Наляговіч і Міхаіл Васільевіч Уласік.
Уладзімір СЯМЁНАЎ.