Цяперашні 2016 год багаты на знамянальныя даты і падзеі. Важнейшым для сябе А. А. Салянка, жыхарка вёскі Клівы, лічыць Год культуры, бо ўсё яе працоўнае жыццё – ад пачатку да выхаду на пенсію – было прысвечана гэтай надзвычай неабходнай для насельніцтва сферы. А яшчэ яна з маленства займаецца рукадзеллем – вышывае гладдзю цудоўныя рэчы, у яе вырабах цвітуць краскі беларускіх палёў.
Наш матэрыял аб Аляксандры Аляксандраўне пабудаваны на расказе ад першай асобы, ніякіх пытанняў і адказаў, толькі самае важнае, сакрэты майстэрства і адметныя вехі з асабістага жыцця – і нічога лішняга. Аб гэтым яна гаварыла нядаўна, у час нашага прыезду ў яе гасцінны дом па вуліцы Савецкая, 3.
– Нарадзілася я вёсцы Небытаў у 1949 годзе. Мой бацька Аляксандр Іванавіч Лук’яненка быў інвалідам Вялікай Айчыннай вайны, працаваў у калгаснай конегадоўлі, маці Вольга Захараўна шчыравала на цагляным заводзе гаспадаркі. У шэрагу дамашніх і працоўных клопатаў, у выхаванні трох дзяцей яна знаходзіла час для рукадзелля – з’яўлялася адмысловай майстрыхай, дома было многа тканых, вязаных, вышытых вырабаў: абрусы, падушкі, сурвэткі, ручнікі… Мне вельмі хацелася вышываць. Калі маці ішла на працу, я, будучы дзесяцігадовай дзяўчынкай, спрабавала асвоіць вышыўку самастойна. Атрымоўваліся немудрагелістыя ўзоры, вопыт прыйшоў з часам.
Жыццё майго пасляваеннага пака-лення не было лёгкім. Здабываць адзенне і прадукты харчавання даводзілася цяжкай працай. Дзеці дапамагалі дарослым, рана прывучаліся да сярпа і касы, станавіліся за плуг. Але, тым не менш, умелі шчыра радавацца жыццю, маладосці, чакалі кахання, стваралі сем’і. Да вяселля кожная дзяўчына павінна была назапасіць сабе пасаг. Ніткі для пражы і вышыўкі выраблялі з ільну самі, а пазней сталі купляць. Ды грошы на гэта з сямейнага бюджэту не выдзяляліся, таму летам збіралі ў лесе грыбы і ягады, неслі іх прадаваць у Хойнікі, а на атрыманыя грошы куплялі каляровыя ніткі і тканіну для вышыўкі.
У Небытаве я закончыла сем класаў, сярэднюю адукацыю атрымлівала ў СШ № 2 г. Хойнікі. Вучылася добра, удзельнічала ў школьнай мастацкай самадзейнасці. Магчыма, гэта абставіна і паўплывала на выбар прафесіі. Закончыла курсы ў горадзе Гомелі і стала працаваць загадчыцай Небытаўскага сельскага клуба. На жаль, няўдалым аказалася першае замужжа, мой выбраннік пакінуў мяне з маленькім сынам на руках і пайшоў у другую сям’ю. Я ж пазней звязала свой лёс з Расцілавам Рыгоравічам Салянкам, удаўцом, мужам маёй лепшай сяброўкі. Алена Васільеўна Касабуцкая працавала на такой жа пасадзе як і я – загадчыцай сельскага клуба ў Клівах, але з-з цяжкай хваробы памёрла ў маладым узросце. Тады яе малодшаму сыну Расціславу было толькі год і месяц, старэйшаму Артуру – 7 гадоў.
Мы з мужам не падзялялі дзяцей на сваіх і чужых – усе сыны былі дружнымі ў дзяцінстве, такімі ж застаюцца і цяпер. А я ў выхаванне іх старалася ўкласці ўсю сваю душу і сэрца, і мне прыемна, што вышытыя мною вырабы, вылінялыя ад часу, захоўваюцца ў сем’ях дзяцей як самая вялікая каштоўнасць.
Калі я была назначана загадчыцай клуба ў Клівах, мой муж прымусіў мяне паступіць на вучобу ў Магілёўскае культасветвучылішча імя Н. Крупскай, а калі ездзіла на сесіі, сам выдатна спраўляўся з дамашнімі клопатамі і выхаваннем дзяцей. Пражылі мы разам 23 гады, але на вялікі жаль, па трагічных абставінах і ён пайшоў з жыцця ва ўзросце 58 гадоў.
Сваю работу я вельмі любіла. Стварыла фальклорны ансамбль «Кліўчанка» з жыхарак нашай вёскі, акампаніятарам у нас быў вельмі добры чалавек, выдатны музыкант Уладзімір Спірыдонавіч Мердаў. Выступаў наш творчы калектыў на раённых святах, ездзілі з канцэртамі ў многія вёскі раёна.
З 2005 года я на заслужаным адпачынку. Стараюся жыць у гармоніі з прыродай і сабой. Любімая пара года для мяне – лета. Кожную раніцу прачынаюся ад вясёлага сонечнага праменьчыка ў вакне, за якім спеюць яблыкі, ад кудахтання курэй, высокага вакалу пеўня, мяўкання коціка.
Як вядома, работы на вёсцы заўсёды хапае. Апрацоўваю прысядзібны ўчастак, у гэтым дапамагаюць сыны. Уладзімір жыве ў адным доме са мной, працуе жывёлаводам на мясцовай ферме. Расціслаў і Артур са сваімі сем’ямі жывуць у райцэнтры.
Вельмі люблю кветкі, якіх многа ў маім палісадніку. Яны прыносяць мне невыказнае душэўнае захапленне. І знаходжу час для свайго любімага занятку – вышыўкі, запраўляю у пяльцы тканіну і пачынаю тварыць. Большую частку сваіх работ вышыла ўжо пасля выхаду на пенсію. З імі ўдзельнічала ў раённых і абласных выстаўках народнай творчасці. Пры гэтым часта напяваю песню, тэкст і музыку да якой напісаў У.С. Мердаў і якую на канцэртах выконвала з Соф’яй Адамаўнай Салянка:
З неба трывожнага аж да ранку
Вышывала дзяўчына вышыванку,
Вышывала дзяўчына вышыванку,
Чорну да чырвоную нітку брала.
Што ж, як чорна нітачка – расставанне,
А чырвона нітачка – то ж каханне.
Што ж, як чорна нітачка
тонке рвалась,
А чырвона нітачка роўна слалась.
Як пайду я к любаму на світанку,
Падару яму я вышыванку.
Смейся, мой саколіку, ці не смейся,
Будзеш ты насіць яе каля сэрца.
Я ад шчырай душы жадаю ўсім нашым майстрыхам, каб у іх хапіла часу не толькі на паўсядзённыя, такія сапраўдныя справы, але і было дастаткова часу на любімае рукадзелле.
…На гэтай пазітыўнай ноце я развітваюся з Аляксандрай Аляксанд-раўнай Салянка, пасля сустрэчы з якой адчуваю нейкі душэўны ўздым, пачуццё добрай і светлай радасці.
Запісала Клаўдзія БОСАК.
Фота аўтара.