Інспектары тэхнічнай інспекцыі працы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі на чале з галоўным тэхнічным інспектарам працы Гомельскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў А.М. Лапуцем (на здымку на першым плане) на гэтым тыдні вывучылі, якім чынам у арганізацыях раёна прытрымліваюцца заканадаўства аб ахове працы і якую ролю ў гэтым выконвае грамадскі інспектар па ахове працы.
Напярэдадні інспектары наведалі гарадскія арганізацыі: лясгас, Палескі вытворчы ўчастак ААТ «Мілкавіта», завод гідраапаратуры, філіял № 14 ААТ «Гомельаблаўтатранс», рэдакцыю раённай газеты «Хойніцкія навіны», КВУП «Паліграф», СШ № 2, Казялужскую школу і Судкоўскі яслі-дзіцячы сад, ПМС, ТДА «ПірамСервіс», ЦТДіМ г. Хойнікі, КСУП «Судкова» і «Веляцін». Спецыялісты праверылі, як наладжана работа па ахове працы, якія ўмовы створаны для сваіх работнікаў.
У нашым раёне эфектыўна працуе сістэма кантролю за аховай працы. Але эксперты падкрэслілі, што ў арганізацыях карысна ўзмацніць кантроль за цвярозасцю працуючых, прычым правяраць да пачатку работы не толькі вадзіцеляў, але і тых, хто працуе ва ўмовах павышанай небяспекі. Кантроль залішнім не бывае, затое бяду можна заўсёды папярэдзіць.
Пасля рэйда эксперты правялі ў раённым Доме культуры семінар на тэму «Актуальныя пытанні ў ажыццяўленні грамадскага кантролю за выкананнем заканадаўства па ахове працы», арганізаваны Міжнародным універсітэтам «МИТСО». Мерапрыемства арганізавана для інжынераў і старшынь грамадскіх камісій па ахове працы, грамадскіх інспектараў па ахове працы пярвічных прафсаюзных арганізацый.
Удзельнікі праінфармаваны аб выяўленых недахопах у рабоце грамадскіх інспектараў, апошніх зменах у нарматыўных дакументах па ахове працы і арганізацыі сумеснай работы наймальнікаў і прафсаюзных камітэтаў, стварэнню бяспечных умоў працы ў святле патрабаванняў Дырэктывы № 1.
Анатолій Мікалаевіч Лапуць расказаў удзельнікам аб арганізацыі грамадскага кантролю і ўзаемадзеянні з органамі дзяржкантролю і нагляду. Асноўную ўвагу ён надаў таму, як кантраляваць работу па ахове працы, кіруючыся асноўнымі дакументамі па гэтай тэматыцы, растлумачыў задачы і функцыі грамадскага інспектара.
Як адзначыў галоўны тэхнічны інспектар працы, у абавязкі грамадскага інспектара ўваходзяць маніторынг выканання працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў грамадзян, удзел у рабоце камісій. Работнік на гэтай адказнай пасадзе будуе сваю дзейнасць у кантакце з непасрэднымі кіраўнікамі работ, пярвічнай прафсаюзнай арганізацыяй, тэхнічнымі інспекцыямі працы.
Па выніках навучання грамадскім інспектарам будуць выдадзены сертыфікаты дзяржаўнага ўзору.
Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота аўтара.