На прасторах шырокіх палёў, між маўклівых, яшчэ зялёных каласоў, расцвілі васількі. Выглядаючы з жыта, пяшчотна сінія агеньчыкі адразу бяруць у свой палон. Сінява пялёсткаў увабрала ў сябе фарбы неба, возера. Але што цікава: такія прыгожыя кветачкі, а ў хлебаробаў лічацца пустазеллем… Я зрабіла кучу здымкаў цудоўнага пейзажа і па дарозе ўжо ўяўляла, што трэба размясціць ў газеце як мага большую фатаграфію, каб дакладней перадаць гэтую прыгажосць. Каб усе, нягледячы на халодны пачатак чэрвеня, адчулі подых лета.
Але васількі гэта далёка не адзінае, чым запомнілася вандроўка ў вёску Звяняцкае. Яшчэ мяне ўразілі самаробныя арэлі і аўтамабіль. Здзівіла тое, што іх змайстравалі дзеці! Заўважыўшы мяне, хлопчыкі засаромеліся і схаваліся сярод дрэў. Але неўзабаве на двары паказалася іх маці – Ганна Здрок, з якой у нас завязалася цікавая размова. Жанчына паведаміла, што раней у вёсцы быў магазін, школа, пошта. Узгадала, як добра праводзілі дзеці вольны час у клубе, калі там працавала Галіна Цімафееўна Звягіна. Гаварыла і пра фельчара, якая двойчы на тыдзень робіць абход усіх жыхароў вёсцы. Некалькі слоў прысвяціла мясцовай ферме, дзе яна працавала да ўходу ў дэкрэтны водпуск.
У Ганны Уладзіміраўны чацвёра дзяцей, якія ёй ва ўсім дапамагаюць. Нават маленькі Нікітка, якога я ледзь угаварыла папазіраваць разам з братам Дзімам. Хлопчык хадзіў вакол мамы і ўсміхаўся, а як толькі я ўздымала фотаапарат – тут жа станавіўся сур’ёзным.
Развітаўшыся з сям’ёй Здрок, працягваю падарожжа па вёсцы. І тут заўважаю на лавачцы пажылога мужчыну. Падышоўшы бліжэй, пазнаю, што гэта Васілій Іванавіч Разуменка, які многа гадоў працаваў галоўным аграномам у КСУП «Веляцін». Падсядаю да яго і прашу пазнаёміць са сваёй біяграфіяй.
Мой суразмоўца закончыў першую гарадскую школу. Служыў у ракетных войсках. Атрымаў дыпломы Мар’іна-Горскага тэхнікума і Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. Пачынаў працоўную дзейнасць у калгасе «Калініна», а з 1963 года перайшоў у «Бальшавік». Тады ў гаспадарцы вырошчвалі клубніцы, агрэст, парэчку, надта добрыя былі ўраджаі яблык. Усе лічбы і сёння ў памяці мужчыны. «Раней 220 гектараў бульбы саджалі, 100 гектараў буракоў…», – узгадваў ён.
Аграном аб’язджаў свае ўладанні спачатку на веласіпедзе, а потым чатырнаццаць гадоў ад’ездзіў на калгасным матацыкле. А бывала, што і пешшу з Веляціна да Звяняцкага ішоў па палях, глядзеў як справы і проста атрымліваў асалоду ад прыгажосці родных мясцін, ад таго, як зямля мяняецца ў розныя часы года.
Жонка яго – Ніна – працавала на сеялцы і на бульбяным камбайне. На рабоце і пазнаёміліся. Тут, у Звяняцкім, згулялі вяселле. З таго шчаслівага дня прайшло ўжо амаль пяцьдзесят гадоў. Выхавалі траіх дзяцей, яны жывуць у Мінску. Маюць сем унукаў і аднаго праўнука. Гаспадарку ўжо вялікую не трымаюць, толькі курэй. Затое агарод добры маюць. Такой выдатнай пшаніцы, як у Васілія Іванавіча, ва ўсёй акрузе не знайсці. Яно і зразумела – аграном ад Бога!
Не змагла не спытаць пра тое, як ён ацэньвае становішча спраў на нашых палях сёння. На што Васілій Іванавіч адказаў, што час ідзе, і мы ідзём у нагу з ім. Тэхналогіі мяняюцца і ў цэлым усё робіцца правільна, а вось больш за ўсё яму падабаецца сучасная тэхніка, асабліва сеялкі.
Пагаварылі мы з ім крыху і аб дні сённяшнім вёскі. Жыхароў засталося не шмат, крыху больш за сто чалавек. Сярод старэйшых – Марыя Бандарэнка, Ніна Васіленка, Іван Заяц. Многа ў вёсцы дзяцей. І трэба спадзявацца, што іх дзіцячы смех яшчэ многа і многа гадоў будзе разлівацца па звеняцкоўскіх вуліцах.
Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.