Жывёлагадоўля, бясспрэчна, самы складаны ўчастак сельскагаспадарчай вытворчасці. І тут, як правіла, працуюць людзі, якіх вызначаюць добрасумленныя адносіны да даручанай справы. Многа такіх людзей працуе ў сельскагаспадарчых прадпрыемствах нашага раёна. КСУП “Веляцін” у гэтым сэнсе не выключэнне.
Вялікіх прафесійных вяршынь дасягнуў Аляксандр Аляксандравіч Дземідзенка (на здымку ўверсе). Аб гэтым сведчыць той факт, што ён тройчы выходзіў пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва сярод тэхнікаў, занятых штучным асемяненнем кароў і цёлак . У апошні раз удастоены ўзнагароды Мінсельгасхарчу Рэспублікі Беларусь у маі сёлета.
Спецыяльнасць ветфельчара ўраджэнец вёскі Казялужжа атрымліваў у Рэчыцкім зоаветэрынарным тэхнікуме. Давялося працаваць у Брагінскім, Калінкавіцкім і Пухавіцкім раёнах. Але, па яго словах, сапраўднае прафесійнае прызванне знайшоў на сваёй радзіме.
На абслугоўванні А.А. Дземідзенкі немалая гаспадарка – 689 галоў дойнага статка, удала сумяшчае ён абавязкі ветфельчара і тэхніка па штучнаму асемяненню кароў і цёлак.
З чатырнаццаці гадоў працуе даяркай у гаспадарцы Галіна Іванаўна Пінчук (на здымку ў цэнтры), якая на той час засталася сіратой пасля смерці маці. Большая частка працоўнага шляху жывёлаводкі звязана з малочнатаварнай фермай “Ліствін”, тут яна зараз абслугоўвае 70 галоў дойнага статка, сярэднясутачныя надоі ў яе групе складаюць па 14 кілаграмаў малака і больш.
Галіна Іванаўна лічыць, што шчасліва склаўся яе асабісты лёс. Яна – мнагадзетная маці. Разам з мужам Вячаславам Міхайлавічам нарадзілі і выхавалі пяцёра дзяцей, радуюцца першай унучцы, якую падарыла старэйшая дачка Алеся. У сельгаспрадпрыемстве працуюць дачка Таццяна і сын Леанід. Паступае на вучобу сёлета дачка Вольга, малодшаму сыну Аляксандру 11 гадоў.
Многае ў калектыве жывёлаво даў залежыць ад працы пастухоў-даглядчыкаў, лічыць Іван Міхайлавіч Заплешнікаў (на здымку ўнізе). Ураджэнец Рагачоўскага раёна, сваё жыццё ён пабудаваў на Хойнікшчыне.
Доўгі час працаваў загадчыкам цэнтральнай малочнатаварнай фермы КСУП “Веляцін”, з-за хваробы (з’яўляецца інвалідам ІІІ групы) перайшоў у пастухі-даглядчыкі. І на гэтай рабоце працуе добрасумленна. Зараз даглядае дойны статак, які знаходзіцца на адгоннай пашы ва ўрочышчы Грэцкае гала. Ен – першы памочнік даярак і ў зімовы час: дапамагае раздаваць жывёле кармы, убірае жывёлагадоўчыя памяшканні. Лічыць сваю працу патрэбнай і неабходнай.
Клаўдзія МІКАЛАЕВА.
Фота Наталлі ЧЭКАН.