Адным з патрабаванняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі да працаўнікоў сельскай гаспадаркі з’яўляецца добраўпарадкаванне і абавязковае агароджванне тэрыторый малочнатаварных ферм. Таму ў гэты спякотны ва ўсіх адносінах час работы хапае не толькі ў механізатараў, жывёлаводаў і паляводаў, але і ў сельскіх будаўнікоў.
У нашым раёне працэс агароджвання ферм найбольшую інтэнсіўнасць набыў у КСУП“Судкова”. Хуткімі тэмпамі вядуцца гэтыя работы на тэрыторыі Казялужскай, Кліўской і Судкоўскай МТФ, а таксама Дварышчанскага жывёлагадоўчага комплексу. Займаецца імі будаўнічая брыгада гаспадаркі, у якую ўваходзяць не толькі цесляры, сталяры і муляры, але і работнікі піларамы.
Кругляковы лес “Судкова” закупляе ў ДЛГУ “Хойніцкі лясгас” і вывозіць яго сваім транспартам. Потым на лесапілцы кругляк апрацоўваецца пад драўніну неабходных размераў. Займаюцца гэтым цясляр-станочнік Валянцін Аляксеевіч Хадасок, піларамшчык Дзмітрый Віктаравіч Старавойтаў і сталяр Аляксандр Васільевіч Харытанчук.
Па словах прараба А.У. Квіткова, плануецца завяршыць агароджванне тэрыторый названых ферм да пачатку зімова-стойлавага перыяду ўтрымання жывёлы.
Віктар НАЗАРАНКА.