Турызм – від спорту, які не так даўно пачаў развівацца ў Беларусі. Але ўжо зараз ва ўсіх кутках краіны можна знайсці яго прыхільнікаў. Не выключэнне і Хойнікі. У ДПТВ-183 дзейнічае гурток па турысцка-прыкладному мнагаборству. Рабяты, якія займаюцца ў ім, пастаянна ўдасканальваюць веды і ўменні, паспяхова выступаюць на абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах, прымаюць пасільны ўдзел у арганізацыі раённых турыстычных злётаў.
Кіраўнік гуртка А.П. Харэцкі таксама імкнецца павышаць свой узровень, каб у далейшым перадаць карысны вопыт рабятам. Менавіта з гэтай мэтай Андрэй Пятровіч прыняў удзел у курсах павышэння кваліфікацыі кіраўнікоў турысцкага профілю з удзелам у горна-пешым паходзе другой катэгорыі цяжкасці ва Усходніх Карпатах. Арганізатар курсаў – рэспубліканскі цэнтр турызму і краязнаўства вучнёўскай моладзі. Падтрымку ў арганізацыі паездкі А.П. Харэцкаму аказаў дырэктар ДПТВ-183 В.М. Аніскавец. Між іншым, з Гомельшчыны ў паездцы былі прадстаўнікі толькі двух раёнаў – Хойніцкага і Брагінскага.
Пасля завяршэння тэарэтычнай часткі курсаў у Мінску, група, якая складалася з 14 чалавек, у тым ліку 4 дзяўчат, накіравалася ва ўкраінскі Івана-Франкоўск, каб адтуль пачаць заваёўванне Усходніх Карпат.
За адзінаццаць дзён турысты пешшу пераадолелі каля 200 км па цяжкай горнай трасе, ім скарыліся 13 вяршынь, самая высокая з якіх – Гаверла – знаходзіцца на ўзроўні 2061 м. Неймаверна прыгожыя краявіды і задавальненне ад таго, што з гонарам пераадолелі ўвесь маршрут – вось што застанецца ў памяці назаўсёды.
Але немалаважна і тое, што ўсе ўдзельнікі паходу атрымалі адпаведныя пасведчанні, якія даюць ім права быць кіраўніком турысцкай групы на маршруце другой катэгорыі цяжкасці.
Турызм – цудоўны від спорту, які аб’ядноўвае неабходнасць пастаянных фізічных і разумовых трэніровак, здаровы лад жыцця, прагу да вандровак і любоў да прыроды. І карысць нават ад аматарскіх заняткаў – відавочная.
Ірына НОВІКАВА.