З кожным годам выпускны вечар, які праходзіць у летнім амфітэатры нашага горада, з простага школьнага свята ператвараецца ў сапраўдны фестываль, дзе ў якасці зорак – адзінаццацікласнікі. Мяркуйце самі: дзяўчаты і юнакі апрануты не горш за артыстаў шоу-бізнесу, вакол зіхацяць успышкі фатографаў, само мерапрыемства праходзіць па ўсіх канонах сучасных конкурсаў з узнагароджваннем лепшых з лепшых.
На выпускны-2016 акрамя 125 віноўнікаў урачыстасці сабралася, без перабольшвання, больш за сотню гледачоў. Паглядзець было на што. Пад гучныя апладысменты ў цэнтр па чарзе выходзілі выпускнікі школ, а затым займалі свае месцы па сектарах.
Сёлета адразу тры выпускніцы – навучэнкі гімназіі г. Хойнікі Вераніка Ешчанка, Дар’я Шарамела і Анастасія Каротчыкава (на здымку) – атрымалі залатыя медалі. Колькасць медалістаў у гэтым годзе перавысіла леташні паказчык. Узнагароды дзяўчатам уручыла на сцэне старшыня раённага Савета дэпутатаў Г.В. Бондар, павіншаваўшы выпускнікоў 2016 года з паспяховым завяршэннем вучобы. Наказ на будучыню выпускнікам дала намеснік старшыні райвыканкама Ж.М. Чарняўская.
Пасля ўшаноўвання медалістаў перайшлі да не менш прыемнай часткі свята. Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Л.Ф. Кулакоўская ўручыла Падзякі бацькам за добрасумленнае выкананне бацькоўскіх абавязкаў, актыўную жыццёвую пазіцыю і сумесную плённую дзейнасць у выхаванні падрастаючага пакалення. Заслужаныя ўзнагароды атрымалі Валянціна Міхайлаўна і Анатолій Мікалаевіч Рыжэнка, Вольга Рыгораўна і Алег Мікалаевіч Казачэнка, Аксана Эдуардаўна і Сяргей Мікалаевіч Заблоцкія, Святлана Віктараўна і Уладзімір Сцяпанавіч Ціток, Марыя Рыгораўна і Васілій Рыгоравіч Літвінка, Людміла Васільеўна і Аляксандр Аляксандравіч Каротчыкавы, Тамара Рыгораўна і Георгій Уладзіміравіч Пінчук, Наталля Уладзіміраўна і Мікалай Міхайлавіч Ешчанка. Дзеці з названых сем’яў прымалі актыўны ўдзел у алімпіядах і конкурсах абласнога ўзроўню, адстойваючы гонар не толькі сваёй школы, але і Хойнікшчыны.
Ад імя бацькоў Н.У. Ешчанка, мама залатой медалісткі Веранікі, падзякавала педагогам за іх неацэнны ўклад у навучанне і выхаванне дзяцей, гэтыя словы падтрымалі апладысментамі ўсе мамы і таты выпускнікоў.
Са сцэны амфітэатра выпускнікоў віншавалі іх настаўнікі і першакласнікі, а таксама артысты мастацкай самадзейнасці і ўзорны калектыў эстраднага танца «Драйв». Канцэрт для рабят атрымаўся захапляючым і вясёлым, хаця нотка суму ўсё ж лунала ў лірычных мелодыях свята. Удзячныя адзінаццацікласнікі таксама ўзялі слова – выпускнікі І. Саркісян, А. Мядзведзеў і А. Ціток выказалі падзяку сваім настаўнікам.
Па традыцыі ўчарашнія школьнікі станцавалі прыгожы вальс, некаторыя пары спецыяльна падрыхтавалі да гэтага выступлення сцэнічны нумар, як, напрыклад, выпускнікі Віцьеўскай сярэдняй школы.
Цікавым і нечаканым элементам стаў танцавальны флэшмоб – рытм галоўным героям падзеі задалі чырлідары трэцяй гарадской школы, пад дынамічную мелодыю падлеткі з запалам рухаліся ў такт.
У фінале выпускнікоў запрасілі ў цэнтр амфітэатра, каб выпусціць у неба паветраныя шарыкі ў колерах нацыянальнага сцяга і загадаць у гэты момант нешта запаветнае. Пакуль мары ляцелі высока да аблокаў, адзінаццацікласнікі раз’ехаліся па родных школах – там для іх падрыхтавалі святочныя канцэрты.
Алеся ЯЧЫЧЭНКА. Фота аўтара.