Нагадала старая фатаграфія: першая настаўніца В.М. Булава

Наши проекты

учитель

У гэтым годзе нашаму выпуску Велікаборскай васьмігадовай школы споўнілася 50 гадоў. Яшчэ большы «ўзрост» гэтай фатаграфіі, якая была зроблена ў 1961 годзе, на ёй мы, вучні трэцяга класа, са сваёй першай настаўніцай Вольгай Маркаўнай Булава.
Многа добрых, цёплых слоў сказана аб настаўніках, многа складзена песень і вершаў. Асабліва западае ў сэрца вобраз першага настаўніка. Словы з песні «Учительница первая моя…» даўно ўжо сталі афарызмам. Нялёгкая справа – вучыць дзяцей. І велізарная адказнасць у гэтым ляжыць на чалавеку, які пакідае самы глыбокі след у душах і лёсах сваіх вучняў.

Сказаць, што нам, трыццаці тром хлопчыкам і дзяўчынкам, якія прыйшлі вучыцца ў школу ў 1958 годзе, пашанцавала з першай настаўніцай, значыць мала сказаць. Вольга Маркаўна старалася даць нам не толькі веды, яна выхоўвала ў нас такія якасці, як чэснасць, дабрыня, прыстойнасць. Мы ўсе цягнуліся да яе – быццам сонейка, якое сагравае нават самую малую травінку на зямлі, Вольга Маркаўна сваёй душэўнай цеплынёй адорвала сваіх выхаванцаў. Яна дапамагала рабятам раскрыць свой патэнцыял, убачыць і развіць у дзецях задаткі творчасці. Акрамя асноўнай работы, вяла гурток мастацкай самадзейнасці, у які прыцягвала вучняў розных узростаў. Стварыла хор, якім сама дырыжыравала ў час канцэртаў на сцэне вясковага клуба і «гастроляў» па бліжэйшых населеных пунктах.
Абавязковым раздзелам канцэртнай праграмы былі так званыя фізкультурныя нумары. Яны нечым нагадваюць цяперашняе тэлевізійнае шоу «Без страхоўкі» ў мініяцюры. І калі на гэтае відовішча працуе вялікі калектыў стваральнікаў, то Вольга Маркаўна рабіла гэта адна ў час шматлікіх рэпетыцый у школе, каб потым вынесці нумары на суд гледачоў, якіх звычайна збіралася ў сельскім клубе поўная глядзельная зала. Пад акампанемент вясковага гарманіста Васілія Аляксеевіча Малянка і па камандзе Вольгі Маркаўны на сцэну выходзілі апранутыя ў сацінавыя шаравары і белыя сарочкі (такая тады была фізкультурная форма) вучні. Яны паказвалі нумары, самым складаным з якіх была піраміда. Падножжа яе састаяла з чатырох хлопцаў, на плечы якіх станавілася іх трое, затым двое, і нарэшце, на самым версе была маленькая дзяўчынка  Клава Кашперка. І не проста стаяла, а выконвала гімнастычнае практыкаванне, звычайна, лас-таўку. Дарэчы, з гімнастыкай пад кіраўніцтвам Вольгі Маркаўны мая аднакласніца сябравала недзе да выпускнога класа: на канцэртах на сцэну выносіўся стол, на якім  выконвала складаныя трукі. Была такой пластычнай, што  ў мясцовых жыхароў склалася ўражанне, маўляў, была яна  быццам без касцей.
Але не толькі вучобай і змястоўным адпачынкам жылі мы тады. Настаўнікі прывучалі нас да грамадскай працы. Разам з Вольгай Маркаўнай мы палолі градкі на прышкольным участку, убіралі восенню калгасныя буракі і моркву, як правіла, у першай вучэбнай чвэрці некалькі тыдняў у школе былі працоўнымі. Асабліва запомнілася мне тое, як летам, выстраіўшыся па радах квітнеючай бульбы, спрабавалі адшукаць на ёй каларадскага жука. Але пошукі гэтыя поспехам не заканчаваліся, хаця за кожнага знойдзенага шкодніка абяцалі ўзнагароджванне.
…Глядзіш на фатаграфію, і ўзнікае новая хваля незабыўных успамінаў аб непаўторным школьным жыцці. З нашага выпуску на  малой радзіме засталіся толькі чатыры вучаніцы. Акрамя мяне, гэта Клаўдзія Босак (у дзявоцтве Кашперка), Ганна Сачанка (Іванюценка) і Валянціна Шубянок (Дземідзенка). Многія былыя аднакласнікі раз’ехаліся па гарадах і вёсках, на жаль, некаторыя пакінулі гэты свет, як і наша любімая настаўніца. Але колькі б часу не прайшло, мы будзем памятаць сваю школу, настаўнікаў, якія паставілі нас на крыло, каб потым мы апынуліся ў прасторы далейшага асабістага  жыцця.

Г. Харошка, жыхарка аграгарадка Вялікі Бор.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *