Дзякуй за сумленную працу

Сельское хозяйство

Гарачая  жніўная пара парадавала хайнічан сапраўдным “зоркападам” тысячнікаў. І зараз, калі ўборка падышла да фінішнай прамой, з палёў працягваюць даносіцца прыемныя навіны аб новых перадавіках нівы, пераадолеўшых тысячны рубеж. Лік герояў сёлетняй уборачнай папоўнілі вадзіцелі Барыс Георгіевіч Кузьменка з КСУП імя Мележа і Віктар Іосіфавіч Сташкевіч з КУП “Аравічы”. Кожны з іх адвёз на збожжаток больш за тысячу тон залатога груза – гэта вынік самаадданай працы, дбайнасці і высокага прафесіяналізму.

З прыемнай місіяй – ушанаваць  вадзіцеляў-тысячнікаў у наш раён прыехалі старшыня Гомельскай гарадской арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК А.І. Матчанка і старшыня Гомельскага абласнога савета  прафсаюза работнікаў банкаўскіх і фінансавых устаноў Г.С. Баннікава. Яны сардэчна павіншавалі перадавікоў, адзначылі, што іх уклад у агульны каравай заслугоўвае самай высокай адзнакі,  пажадалі новых працоўных перамог. Госці з абласнога цэнтра падарылі хлебаробам фірменныя кепкі і майкі, каштоўныя падарункі. Барыс Георгіевіч Кузьменка атрымаў міксер,а  Віктар Іосіфавіч Сташкевіч – радыётэлефон.

Словы шчырых віншаванняў з  дасягнутай працоўнай перамогай вадзіцелі-тысячнікі атрымалі і ад старшыні райкома прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу В.В. Харошка.
 


Наталля ЧЭКАН.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *