У чым фарсілі хайнічанкі 100 гадоў назад – наперад у мінулае

Культура

У раённым Доме рамёстваў аднавілі касцюм палескай жыхаркі.

У кожным гісторыка-этнаграфічным рэгіёне існуюць свае традыцыйныя формы адзення. Ці ведаеце вы, паважаныя чытачы, які ён – хойніцкі традыцыйны ўбор?

Адказ на гэта пытанне добра ведаюць майстрыхі раённага Дома рамёстваў. Не так даўно ў іх атрымалася аднавіць хойніцкі касцюм.

Больш за цэлае стагоддзе назад мясцовыя жыхаркі імкнуліся ўпрыгожыць сваё адзенне, надзяліць яго непаўторнымі дэталямі. Таму на тэрыторыі сучаснай Хойнікшчыны гаспадынькі любілі ўпрыгожваць убор дэкаратыўнай аздобай.

Людміла Смольская

– На Палессі жылі людзі ўмелыя, усе ўпрыгожанні для свайго адзення рабілі самастойна, сваімі рукамі: шылі, ткалі, адбельвалі, вышывалі, – расказвае загадчык Дома рамёстваў Людміла Смольская. – З часам гэта страціла сваю актуальнасць, а пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС з-за высялення цэлых вёсак зніклі і ўменні.

Цяпер манеру апранання нашых «моднікаў» стогадовай даўніны мы можам пабачыць хіба што на фотаздымках ці ў пастаяннай экспазіцыі ў раённым краязнаўчым музеі. Каб аднавіць культурную спадчыну малой радзімы, калектыў Дома рамёстваў выканаў карпатлівую работу па збору і аднаўленню такога касцюма.

Вольга Шляхценка

Вялікую дапамогу і падтрымку майстрыхам аказалі работнікі клубных устаноў з Глінішча, Партызанскага, Вялікага Бора, а таксама краязнаўчага музея. Вяскоўцы перадалі сарочкі, фартукі, андаракі, рушнікі, па якіх майстры мастацкіх рамёстваў вывучалі вышываныя ўзоры, траыцыйны пакрой. Такім чынам і ўзнавілі стылізаваны касцюм, які апранала паляшучка паўсядзённа.

Галоўнымі адценнямі, якія выкарыстоўваліся ў гэтым уборы, сталі белы, чорны і чырвоны, з багатай вышыўкай, дзе большасць геаметрычных элементаў.

Ілона Давідовіч

Касцюм складаецца з традыцыйнай для нашай мясцовасці льняной сарочкі – яе ўпрыгожвае вышыўка на рукавах, па варатніку і на манжэтах. Наверх апранаецца саматканая спадніца-андарак з яркіх нітак, а наверх – фартух, багата аздоблены дэкаратыўнай вышыўкай. Традыцыйна ўзор вышывалі крыжыкам і ў колерах, якія гарманіравалі з сарочкай. Унізе фартуха – карункі ручной работы, звычайна чырвоныя. Арнаментальны ўзор нібыта пераходзіць з адной дэталі адзення на іншую, ствараючы пры гэтым адзіную кампазіцыю. Сэнс вышытага малюнка звычайна суадносілі з такімі паняццямі, як дабро, святло, жыццё і ўраджай.

Наверх сарочкі апраналі кароткі жылет (кабат). Не забывалася гаспадыня і пра галаўны ўбор – вышыты чапец.

Нашы таленваітыя майстрыхі не дачакаюцца нагоды, каб прадэманстраваць касцюм землякам. Пабачыць ужывую яго вы можаце ў самім Доме рамёстваў у Хойніках ці на святочных мерапрыемствах.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *