Узнагародныя лісты сведчаць


Памяць непадуладна часу. І сёння, як ніколі, нам патрэбна  ўспомніць героіку салдат Вялікай Айчыннай, якія ахвяравалі сваім жыццём у імя абароны нашай Радзімы ад найвялікшага зла – фашызму. Адзін з такіх абаронцаў-герояў – наш зямляк У. М. Марчанка, якому б 8 жніўня споўнілася  95 гадоў.

Нарадзіўся Уладзімір Мікітавіч у вёсцы Губарэвічы ў працавітай сялянскай сям’і ў 1915 годзе. Пасля заканчэння сямі класаў Стралічаўскай школы працаваў у калгасе і марыў стаць механізатарам пасля службы ў Чырвонай Арміі, на якую быў прызваны ў кастрычніку 1937 года. За выдатную службу атрымаў 10-дзённы водпуск да бацькоў і не ведаў, што гэтыя незабыўныя сустрэчы з родзічамі, настаўнікамі і вучнямі школы стануць для яго апошнімі.

У час службы ў арміі ён добра авалодаў стральбой з 76-міліметровай гарматы і быў камандзірам гарматнага разліка. Ва ўзнагародных лістах ваеннага архіву значыцца, што за мужнасць, праяўленую ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, У.М. Марчанка ўзнагароджаны медалём “За адвагу” 15 красавіка 1944 года. Яго разлік вызначыўся ў баі каля сяла Альбіна Бандэраўскага раёна Малдавіі ¬– знішчыў 8 гарматных і 2 кулямётныя кропкі ворага і прамой наводкай расстрэльваў салдат праціўніка, якія імкнуліся вырвацца з акружэння. За гэты бой Марчанка  ўдастоены ордэна Баявой Славы ІІІ ступені. Да гэтага часу ён становіцца членам КПСС.

Наступны ўзнагародны ліст сведчыць аб тым, што ў цяжкія дні абароны плацдарма на Одэры 6 мая 1945 года ў час варожых контратак яго разлік знішчыў два “тыгры” і многа немцаў, якія рухаліся на нашы пазіцыі. Старшына У.М. Марчанка адзначаны за смеласць і храбрасць ордэнам Славы ІІ ступені.

Цяжкі бой, у якім удзельнічаў наш зямляк, адбыўся на Кюстранскім напрамку 16 красавіка 1945 года. У гэты дзень пачалася Берлінская аперацыя,  143 моцныя пражэктары накіравалі свае промні на праціўніка і ўказвалі шлях савецкім войскам на фашысцкае логава. Магутнасць гарматнага агню ў гэты дзень склала больш за мільён снарадаў і мін, многа гітлераўцаў было патоплена ў моры агню і жалеза.

Іменна на гэтым напрамку з прамой наводкі старшына Марчанка падбіў два бронетранспарцёры, падавіў чатыры мінамётныя кропкі, але быў цяжка паранены, і ўрачам не ўдалося выратаваць яго жыццё. За гэты бой Указам Прэзідыўма Вярхоўнага Савета СССР ад 15 мая 1945 года У.М. Марчанка быў ўзнагароджаны ордэнам Славы І ступені і стаў поўным кавалерам ордэнаў Славы, што прыроўніваецца да звання Героя Савецкага Саюза.
У нашым раёне памяць аб баявым подзвігу У.М. Марчанкі ўшанавана – яго імя прысвоена Стралічаўскай сярэдняй школе, яго партрэт устаноўлены на Алеі баявой і працоўнай славы на плошчы Танкістаў у нашым райцэнтры. Раённая ветэранская арганізацыя хадайнічае аб устанаўленні мемарыяльнай дошкі нашага земляка-героя на будынку Стралічаўскай школы.



М. СКРЫПЧАНКА,старшыня раённай ветэранскай арганізацыі.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *