Галоўнае – развіваць вытворчасць і павышаць дабрабыт жыхароў

Власть Рэха падзеі

IMG_2458Старшыня аблвыканкама, удзельнік пятага Усебеларускага народнага сходу Уладзімір Андрэевіч Дворнік у Хойніках сустрэўся з былымі кіраўнікамі раёнаў вобласці.

Напярэдадні сустрэчы старшыня Хойніцкага райвыканкама Аляксандр Іванавіч Ціток і яго намеснік Жанна Мікалаеўна Чарняўская азнаёмілі гасцей з патэнцыялам нашага раёна.
IMG_2063Усе пабывалі на заводзе жалезабетонных вырабаў, які за апошнія гады ў літаральным сэнсе набыў другое жыццё. У яго мадэрнізацыю ўкладзена 78 мільярдаў рублёў! Нават па знешняму выгляду відаць, што гэта сучаснае прадпрыемства, а зайшоўшы ўнутр упэўніваешся, што з самымі найноўшымі тэхналогіямі. Сапраўды ўразіла гасцей новая лінія па выпуску сценавых панеляў, якая дазволіла мінімізаваць ручную працу. Сёння завод выпускае танную і якасную прадукцыю, пастаянна пашыраючы яе асартымент, таму і праблем са збытам не ўзнікае. Вы ўжо маглі заўважыць, што у Хойніках, каля «Еўраопта» пачалося будаўніцтва новага дома. Дык вось, яго будзе ўзводзіць завод жалезабетонных вырабаў, выкарыстоўваючы выключна свае матэрыялы.

IMG_2078Нагадаем, што цяпер прадпрыемства адносіцца да Мазырскага домабудаўнічага камбіната, які выдатна зарэкамендаваў сябе на будаўнічым рынку, таму падрымка ёсць істотная. Варта адзначыць і тое, што кошт аднаго квадратнага метра жылля ў гэтай вышэйстаячай арганізацыі самы танны ў рэспубліцы. Да таго ж, нашы панелі добрыя тым, што не патрабуць дадатковай аддзелкі – яны роўныя і гладкія, таму прама на іх можна клеіць шпалеры. Завадчане пастаянна працуюць над зніжэннем сабекошту прадукцыі. Нядаўна ў эксплуатацыю была ўведзена новая высокатэхналагічная кампактная кацельня для атрымання пары. Розніца са старой, канешне, адчувальная: у 10 разоў зменшыліся страты на электраэнергію і ў восем разоў на газ! Многае на заводзе робіцца для паляпшэння ўмоў працы, упэўнена расце заработная плата – у выніку цяпер тут ужо няма цякучкі кадраў.

Мікалай Аляксандравіч Мязенка:
– Я раней, калі працаваў намеснікам начальніка аблсельгасхарчу, па рабоце часта бываў у Хойніках. Добра памятаю гэты завод, ён гадоў дзесяць назад не каціраваўся, а цяпер становішча змянілася капітальна, я ўражаны. Вы сапраўды можаце канкурыраваць на будаўнічым рынку, тым больш што вырабляеце ўсё, пачынаючы ад фундамента і заканчваючы агароджай. Упэўнены, што перспектывы тут выдатныя.

IMG_2127Затым для ўдзельнікаў мерапрыемства была арганізавана экскурсія на Палескі вытворчы ўчастак ААТ «Мілкавіта». Асаблівую цікавасць гасцей выклікаў уведзены летась у эксплуатацыю цэх па сушцы сыроваткі. Гэта сапраўды ўнікальны праект, аналагаў якому няма ва ўсім СНД. Тут магчыма пераапрацоўваць да 500 тон сыроваткі ў суткі! Многія былыя кіраўнікі ўзгадвалі, што аварыя на ЧАЭС сур’ёзна «падкасіла» прадпрыемства, і цяжка было паверыць, што яно зможа так ўзняцца. Але мы пераўзышлі ўсе чаканні. Аб чым сведчаць і лічбы: рэнтабельнасць ад выпуску сыроваткі складае 22 працэнты, ад сыроў – да 33. Адметна і тое, што большасць прадукцыі ідзе на экспарт.

Вольга Мікалаеўна Кашавенка:
– Здавалася б невялікі раённы цэнтр, а вытворчасць наладжана на сусветным узроўні. Цудоўна, што ёсць такі прагрэс у маленькіх гарадах. Уражвае і тое, насколькі сёння запатрабавана ваша прадукцыя, у тым ліку за мяжой. Хаця яно і зразумела – якасць выдатная. Мяне вельмі захапіў высокі ўзровень культуры на Палескім вытворчым участку, яна адчуваецца ва ўсім. А яшчэ відавочна, што ў вас сапраўдны дыктат тэхналогіі. У Хойніках створаны ўсе ўмовы для таго, каб тут замацоўвалася моладзь, нараджаліся і раслі дзеці. І гэта не можа не радаваць.

Далей па праграме было ўскладанне вянкоў і кветак да помніка Смутку. Усе прыехаўшыя тым ці іншым чынам былі звязаны з ліквідацыяй наступстваў аварыі на ЧАЭС. Гэта падзея пакінула глыбокі след у сэрцы кожнага з іх, таму госці проста не маглі не аддаць дадіну памяці.

Генадзій Лукіч Гаварушка:
– Прайшло трыццаць гадоў з таго самага трагічнага 1986-га. Але мы не здаліся і не зламаліся. Хойнікі і вашы жыхары выдатнае таму сведчанне. Вы з аптымізмам працягваеце жыць і ствараць. Вельмі прыгожы, чысты горад – адчуваецца, што тут жывуць сапраўдныя гаспадары, якія любяць свой край. Але больш за ўсё мне спадабаўся сам Аляксандр Іванавіч Ціток, ваш старшыня. Чалавек, які «гарыць» справай, усё ведае, ва ўсё ўнікае і працуе на вынік. Я бачыў, з якім энтузіязмам ён расказваў нам пра тое, як развіваецца раён – па ўсім відаць, што ён прыкладае максімум намаганняў, каб хайнічанам жылося лепш.

Потым госці пабывалі на сельскагаспадарчых аб’ектах. У канцы 2014 года на новы малочна-таварны комплекс «Пудакоў» прыбыла першая партыя цялушак. А ўсяго праз год ферма ўжо была ўкамплектавана на сто працэнтаў – і, што важна, выключна «сваім» пагалоўем. Нагадаем, што комплекс разлічаны на тысячу галоў, з якіх 600 – дойны статак. У мінулым годзе тут надаілі звыш шасці тысяч літраў малака на карову. А галоўнае, што амаль ўсё яно было гатункам «экстра». Сёння тут атрымліваюць па дваццаць літраў малака ад каровы ў суткі.

Іван Іванавіч Петухоў:
– У сельскай гаспадарцы ў вас сапраўдны прарыў. У наш час такія фермы маглі толькі сніцца. Усё аўтаматызавана, палегчана праца работнікаў, для жывёлы створаны выдатныя ўмовы. У вашым раёне стаўка робіцца на развіццё вытворчасці – і гэта вельмі правільна, вы ідзеце па належнаму шляху, таму і атрымліваеце вынікі. А ваш Аляксандр Іванавіч – гэта наогул цуда-чалавек! У яго столькі энергіі, ён глядзіць наперад, ставіць мэты – і дабіваецца іх.

IMG_2509Яшчэ ўдзельнікі сустрэчы заехалі на Стралічаўскую ферму, дзе пабудаваны тры ўнікальныя хлявы-тысячнікі, якімі захапляецца губернатар вобласці. Памяшканні для ўтрымання жывёлы былі ўжо развалены, патрэбна было іх зносіць, але дзякуючы правільным рашэнням кіраўніцтва раёна,іх выратавалі і рэканструявалі. Цяпер гэта вялікія, прасторныя хлявы для адкорму буйной рагатай жывёлы. На адну карову тут прадугледжана 15 квадратных метраў (норма – ад дзесяці і вышэй) – вось якое раздолле! Да таго ж, паміж двумя памяшканнямі пабудавалі новы даільна-малочны блок – такім чынам разваліны ператварыліся ў самы сучасны комплекс.

Цімафей Іванавіч Глушакоў:
– Я многа дзе бываў і многае бачыў, таму мяне здзівіць цяжка, але вашаму раёну гэта ўдаецца. Я ў шчырым захапленні, кожны раз, калі тут бываю, здзіўляюся, як кіраўніцтву ўсё гэта ўдаецца. Жадаю вам далейшага развіцця і росквіту.

Пасля паездкі па раёну ўдзельнікі мерапрыемства пабывалі ў раённым краязнаўчым музеі, дзе для іх была арганізавана сустрэча са старшынёй аблвыканкама У.А. Дворнікам. Размова за круглым сталом атрымалася надзвычай цёплай. Былыя старшыні райвыканкамаў, першыя сакратары райкамаў партыі павіншавалі губернатара з атрыманнем высокай ўзнагароды – Ордэна Айчыны ІІІ ступені і нават падрыхтавалі яму вершаваныя віншаванні і словы падзякі за адданую работу на карысць нашай вобласці. Затым Уладзімір Андрэевіч падрабязна расказаў аб развіцці Гомельшчыны. Ён закрануў усе тэмы: сельскую гаспадарку, прамысловасць, адукацыю, медыцыну і інш.

IMG_2289Па многіх паказчыках мы выраслі за апошнюю пяцігодку, таму нам сапраўды ёсць чым ганарыцца, але яшчэ больш прадстаіць зрабіць у будучым. У.А. Дворнік заўважыў, што цяпер, дзякуючы клопату дзяржавы і адраджэнню пацярпелых ад катастрофы на ЧАЭС тэрыторый, многія забылі пра тое, што на Гомельшчыне ёсць чарнобыльскія раёны. З кожным годам усё больш прыгажэюць нашы гарады, у прыватнасці Хойнікі. Старшыня аблвыканкама падкрэсліў, што галоўнае – развіваць вытворчасць і прыцягнуць бізнес у вёску. Павышэнне дабрабыту грамадзян з’яўляецца прыярытэтам у дзейнасці органаў кіравання Гомельскай вобласці. Дарэчы, адметна, што найбольш высокі ўзровень нараджальнасці ў бягучым годзе адзначаны менавіта ў чарнобыльскіх раёнах – Чачэрскім і Хойніцкім.

Удзельнікі размовы, а гэта людзі, якія маюць велізарны вопыт у партыйнай і гаспадарчай дзейнасці на розных пасадах, выказалі падтрымку таго курсу, што праводзіцца ў нашай вобласці.

Тэкст і фота  Наталлі ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *