Як прыемна, што ў нашым раёне можна знайсці немалую колькасць прыгожых куточкаў. Размова ідзе не толькі пра маляўнічыя мясціны Хойнікшчыны, але і пра стыльныя домаўладанні. Няма розніцы, знаходзяцца яны ў горадзе, альбо ў вёсцы. Адно іх аб’ядноўвае – руплівыя гаспадары ствараюць і даглядаюць гэтае рукатворнае хараство.
Адрасы добраўпарадкавання нам падказала старшыня Барысаўшчанскага сельвыканкама А.У. Сташкевіч. Сярод названых домаўладанняў ёсць і вядомыя хайнічанам. Напрыклад, участак сям’і Алімавых у в. Барысаўшчына. На жаль, саміх гаспадароў не засталі дома, але змаглі ў поўнай меры налюбавацца на добра абсталяваны двор. Нягледзячы на спёку, тут усё патанае ў зеляніне кветак.
Не адцвілі яшчэ далікатныя ружы, у сярэдзіне газона блішчыць люстэрка самаробнага вадаёма. Адно хараство! Нездарма на святкаванні Дня горада ў 2014 годзе Алімавы занялі прызавое месца ў конкурсе на лепшае добраўпарадкаванне, санітарны стан і эстэтычны выгляд падворка. Людміла Мікалаеўна і Леанід Лявонцьевіч падтрымліваюць прыгажосць і сёння. Відавочна, што экстэр’ер участка выглядае вышэй усялякіх пахвал у любы час. У кадр фотаапарата трапіў таксама дагледжаны сад і з густам упрыгожаная кветкавымі раслінамі агароджа.
Экскурсія па сімпатычных мясцінах прадоўжылася ў в. Віць. Тут давялося пазнаёміцца з цікавай і аптымістычнай жыхаркай, якая да таго ж з’яўляецца пастаяннай падпісчыцай раёнкі, Раісай Андрэеўнай Матвяйчук. Фатаграфавацца Раіса Андрэеўна катэгарычна адмовілася, з-за сціпласці, вядома, але пра сваё домаўладанне расказала падрабязна. Каля дома, як і па-за агароджай, буйна квітнеюць сезонныя петуніі.
Надвор’е і бязлітасныя ліпеньскія прамяні сонца робяць сваю непапраўную справу – танюткія пялёсткі і лісце хутка губляюць былую моц, становяцца празрыстымі і сухімі. Але жвавая гаспадыня імкнецца павялічыць тэрмін цвіцення любімых кветак, на адной з самаробных клумб нават зрабіла казырок для ценю. Спадарыня засмуцілася, што карэспандэнт не прыехаў да яе раней – ружы асыпаліся, няма чым здзівіць гарадскіх гасцей. Жанчыну супакоілі настойлівыя кампліменты неразбалаванай букетамі новай знаёмай. Каля дома Раісы Андрэеўны лунаў цудоўны пах рознакаляровых флоксаў. А праз тыдзень-другі, запэўніла субяседніца, зацвітуць хрызантэмы. Ані дня не бывае тут, каб не радавалі вока рознакаляровыя букеты. Віцьеўская аматарка шчодра дзеліцца падарункамі свайго сада з жадаючымі.
Не адзін букет з гэтага сада падарыла суседзям і знаёмым Раіса Андрэеўна.
Здаецца, што яшчэ зачэпіць пераборлівы погляд журналіста? Але знайшлося такое месца ў Віці. Гэта дом па вул. Пінскай. Ну як у горадзе, не менш! Лепей адзін раз пабачыць такі элегантна зроблены рамонт. Толькі станоўчыя водгукі пачула гаспадыня гэтай прыгажосці, запрасіўшая фатографа ў двор. Ірына, як прадставілася гаспадыня, з мужам і дзецьмі карпатліва даглядае любімае домаўладанне. Відавочна, нямала намаганняў спатрэбілася гэтай сям’і, каб з вясковага ўчастка зрабіць сапраўдную еўрапейскую сядзібу. Дарожкі пракладзены тратуарнай пліткай, на невялікіх лапіках зямлі паабапал сцежкі паставілі і падвесілі вазоны з петуніямі. У гушчыні ўчастка таксама ёсць вадаём, клапатліва абведзены рысай каменя. Любяць тут водную стыхію.
Тэкст і фота Алесі ЯЧЫЧЭНКА.