Такую назву мае кніжная выстаўка, прысвечаная Году роднай зямлі, якая арганізавана ў чытальнай зале цэнтральнай раённай бібліятэкі. Улічваючы тое, што правядзенне гэтага буйнамаштабнага мерапрыемства будзе садзейнічаць захаванню і прымнажэнню нацыянальнага духоўнага і культурнага здабытку, гістарычнай спадчыны і прыродных багаццяў рэспублікі, самабытных традыцый беларускага народа, выхаванню моладзі ў духу любві да Айчыны, на выстаўцы прадстаўлены выданні гэтай тэматыкі.
Вялікую цікавасць у чытачоў нашай бібліятэкі выклікае фотаальбом “Пад небам Беларусі”, які выйшаў у выдавецтве “Беларусь” у 2007 годзе. Тут змешчаны работы вядомага фотамайстра нашай краіны Анатолія Клешчука, які занатаваў і краявіды Хойнікшчыны.
Наведвальнікі бібліятэкі жыва цікавяцца выданнямі “Рэспубліка Беларусь”, “Мы – беларусы”, “Падарожжа па Беларусі”, у якіх шырока прадстаўлены гістарычныя матэрыялы, публікацыі наконт народанасельніцтва, прыродных багаццяў, архітэктуры і іншых аспектаў развіцця краіны.
У сувязі з тым, што правядзенне Года роднай зямлі супадае з важнай падзеяй у жыцці беларусаў – 65-годдзем вызвалення рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, папулярнасцю карыстаюцца выданні “Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне” і “Героі Савецкага Саюза, поўныя кавалеры ордэна Славы Гомельшчыны”.
Пра нашага мужнага земляка, кавалера ордэна Славы Уладзіміра Мікітавіча Марчанку, ураджэнца вёскі Стралічава, можна прачытаць у кнізе “Кавалеры ордэна Славы”, выпушчанай выдавецтвам “Беларуская Энцыклапедыя”.
В. ГУШЧА, загадчыца аддзела камплектавання цэнтральнай раённай бібліятэкі.