2 верасня ў нашым горадзе па вул. Савецкая, 68, адбылося ўрачыстае адкрыццё абноўленага сервіснага цэнтра Белтэлекама, які дазволіць жыхарам горада і раёна максімальна камфортна атрымаць усе паслугі электрасувязі ў адным месцы.
Ганаровымі гасцямі мерапрыемства былі старшыня Хойніцкага райвыканкама А.В. Бічан, начальнік аддзела транспарту і камунікацый Гомельскага аблвыканкама Д.М. Старасценка, дырэктар Гомельскага філіяла РУП “Белтэлекам” В.І. Шамкін. На адкрыцці цэнтра сувязісты сустракалі іх хлебасольна ў суправаджэнні хору Гомельскага філіяла РУП “Белтэлекам”. Пасля традыцыйнага разразання чырвонай стужкі пад гімн Белтэлекама госці наведалі сам сервісны цэнтр.
Афармленне яго памяшканняў зроблена ў адзіным стылі кампаніі, прадугледжаны камфартабельныя зоны чакання для кліентаў, даступна размешчана інфармацыя па паслугах і тарыфах на іх.
У сервісным цэнтры арганізаваны чатыры месцы доступу ў Інтэрнет і работы з электроннай поштай. Інтэрнет-месцы аснашчаны сучаснымі камп’ютэрамі, а доступ у сетку Інтэрнет арганізаваны па высокаскораснай тэхналогіі АDSL, што дазваляе неабмежавана выкарыстоўваць рэсурсы сеткі, скачваць і перадаваць неабходную інфармацыю хутка і надзейна.
У зоне чакання сервіснага цэнтра прадугледжана месца для работы кліентаў у сетцы Інтэрнет з выкарыстаннем бесправадной тэхналогіі Wi-Fi. Кропка доступу Wi-Fi была ўстаноўлена ў Хойніках у мінулым годзе. Да цяперашняга часу паслуга знайшла сваіх кліентаў, бо яна дазваляе “быць заўсёды на сувязі”.
Цікавым момантам наведвання цэнтра стала дэманстрацыя паслугі інтэрактыўнага тэлебачання ZALA. Арганізацыя падобных сучасных дэманстрацыйных месц інтэрактыўнага тэлебачання ў сервісных цэнтрах Белтэлекама дазваляе кліенту найлепшым чынам азнаёміцца з паслугай, адчуць усе яе перавагі. Гэта паслуга ў краіне не мае аналагаў. Укаранёна яна была два гады назад, аднак да гэтага часу на інтэрактыўнае тэлебачанне захоўваецца актыўны попыт як у насельніцтва, так і ў юрыдычных асоб.
Аператары электрасувязі прадастаўляюць кліентам сервіснага цэнтра шырокі спектр розных паслуг. Сярод іх – карыстанне тэлефонам, факсам, тэлеграфам, электроннай поштай, аплата за паслугі электрасувязі, іншыя плацяжы, набыццё тэлефонных, сервісных тэлефонных, Інтэрнет-карт, карт аплаты Wi-Fi, byfly, спадарожных тавараў і многае іншае. Немалаважна і тое, што тут кліент можа пакінуць заяву на падключэнне да паслуг электрасувязі. Разлічыцца можна як наяўнымі грашовымі сродкамі, так і пластыкавай банкаўскай картачкай.
Сервісны цэнтр у Хойніках уключае і залу для правядзення кансультацый і заключэння дагавораў, якія патрабуюць індывідуальнага падыходу і большага часу для безбар’ерных зносін з кліентам.
Зала абсталявана сучаснымі рабочымі месцамі, арганізавана работа па прынцыпу “аднаго акна”.
Першым кліентам абноўленага сервіснага цэнтра Белтэлекама стаў старшыня райвыканкама А.В. Бічан, які на сённяшні дзень з’яўляецца актыўным карыстальнікам паслуг ад Белтэлекама – высокаскораснага Інтэрнету ад byfly і інтэрактыўнага тэлебачання ZALA. Спецыялісты прапанавалі Аляксандру Васільевічу сумясціць наяўныя паслугі Інтэрнету і тэлефоннай сувязі і падключыць іх у выглядзе пакета паслуг “Эканом”, які ўключае ў сябе неліміціруемы доступ да сеткі Інтэрнет на скорасці 512 Кбіт/сек. і тысячу мінут мясцовых размоў, што дазваляе не абмяжоўваць сябе ў зносінах як па звычайным тэлефоне, так і па сетцы Інтэрнет.
Дырэктар Гомельскага філіяла РУП “Белтэлекам” В.І. ШАМКІН: “Калі пра сувязь маўчаць, значыць, усё ў парадку”
Ні для каго не сакрэт, што тэлефонная сувязь сёння кіруе светам. Няма ніводнай галіны чалавечай дзейнасці, дзе яна заставалася б незапатрабаванай. Белтэлекам у цяперашні час робіць акцэнт на развіццё шырокапалоснага Інтэрнету і ўкараненне новых тэлекамунікацыйных тэхналогій. Аб гэтым сёння размова з дырэктарам Гомельскага філіяла РУП “Белтэлекам” В.І. ШАМКІНЫМ.
– Віктар Іванавіч, растлумачце падрабязней, што такое шырокапалосны Інтэрнет?
– Гэта калі абанент можа працаваць у Інтэрнеце, глядзець лічбавае тэлебачанне і адначасова карыстацца тэлефоннай сувяззю. Абсталяванне філіяла дазваляе прадастаўляць усе гэтыя паслугі на адной тэлефоннай лініі.
– Гэта азначае, што ўсе новыя паслугі рэалізуюцца на ўжо існуючых лініях сувязі?
– Так, і нашы лініі сувязі – выдатная база для развіцця новых лічбавых паслуг. Сёння ў Беларусі ў цэлым, у Гомельскай вобласці, у прыватнасці, вельмі высокі ўзровень лічбавізацыі сеткі. Каля 70 працэнтаў тэлефонных станцый у вобласці – новыя, лічбавыя.
– Віктар Іванавіч, раскажыце аб апошніх навінках у прадастаўленні доступу ў сетку Інтэрнет пад гандлёвай маркай byfly. Што неабходна, каб стаць карыстальнікам высокаскораснага Інтэрнету ад Белтэлекама?
– Адкажу проста: калі ў вас дома ёсць тэлефон, а, адпаведна, і тэлефонная лінія, вы можаце карыстацца паслугамі byfly. Неабходна звярнуцца ў сервісны цэнтр Белтэлекама па месцу жыхарства і пакінуць заяву на паслугу. Заяву таксама можна пакінуць на сайце byfly.by, не выходзячы з дома. З вамі звяжуцца нашы спецыялісты, яны ж правядуць далейшую работу па высвятленню тэхнічных параметраў і заключэнню дагавора.
Усё неабходнае абсталяванне для падключэння да паслуг Белтэлекам прадастаўляе вам на тэрмін дзеяння дагавора бясплатна, нашы спецыялісты бясплатна зробяць пярвічную настройку доступу ў сетку ў вас дома.
Калі некалькі гадоў назад высокаскорасны доступ у сетку Інтэрнет маглі сабе дазволіць толькі арганізацыі і нязначная колькасць прыватных асоб, то зараз нашымі кліентамі з’яўляюцца як студэнты, так і юрыдычныя асобы, як бізнесмены, так і дамашнія гаспадыні, як школьнікі, так і пенсіянеры, якія цэняць скорасць, якасць і зручнасць работы ў сетцы Інтэрнет.
Сёння мы прапаноўваем тарыфныя планы, арыентаваныя на патрэбы розных слаёў насельніцтва, і абанент можа выбраць аптымальныя для сябе варыянты як па хуткасці, так і па цане.
Гэтай вясной byfly увёў лінейку тарыфных планаў “Камфорт” з перадаплачаным Інтэрнет-трафікам, летам значна павялічыў на іх скорасць, пакінуўшы кошт без змен. Акрамя таго, з 1 жніўня ўся лінейка планаў “Дамасед” (кругласутачны безлімітны Інтэрнет) стала ў два разы хутчэй, зноў жа па ранейшаму кошту.
Акрамя таго, пастаянна дзейнічаюць акцыі пры падключэнні і карыстанні высокаскорасным доступам у сетку Інтэрнет ад byfly, аб чым вы заўсёды можаце даведацца ў нашых сервісных цэнтрах.
– Многіх нашых чытачоў цікавіць паслуга ZALA – інтэрактыўнае тэлебачанне.
– Гэта тэлебачанне лічбавае, новага пакалення і шырокамаштабных аналагаў пакуль у Беларусі няма. Выкарыстоўваемая ў ZALA тэхналогія перадачы ТВ-сігнала па Інтэрнет-пратаколу дазваляе рэалізаваць шэраг раней не даступных для карыстальнікаў функцый. Паслуга сумяшчае ў сабе перавагі кабельнага ТВ з інтэрактыўнасцю сеткі Інтэрнет.
ZALA дазваляе глядзець тое, што вам хочацца і тады, калі вам гэтага хочацца. Вы, па жаданню, можаце ставіць прагляд тэлебачання на спыненне, а потым узнаўляць з таго ж месца, на якім спыніліся; запісваць цікавыя фільмы і праграмы, глядзець учарашнія і нават пазаўчарашнія перадачы.
У ZALA каля 50 каналаў, дадатковыя пакеты для тэлегледачоў, таму кожны знойдзе для сябе нешта цікавае. Спісак тэлеканалаў пастаянна пашыраецца.
Для аматараў кіно ZALA прадастаўляе канал – віртуальны кіназал, на якім трансліруюцца папулярныя фільмы розных жанраў. Рэпертуар абнаўляецца кожны тыдзень. У ліпені абанентам лічбавага інтэрактыўнага тэлебачання ZALA стаў даступны сервіс “Відэа па запыту”, які прапаноўвае абанентам кругласутачны доступ да каталога мастацкіх фільмаў, а таксама тэлевізійных тэатральных пастановак і іншых аудыавізуальных твораў.
З’арыентавацца ў мностве тэлеперадач і выбраць самае цікавае абанентам ZALA дапамагае электронная праграма тэлеперадач, заўсёды даступная на канале тэлевізара. Функцыя “Бацькоўскі кантроль” дазваляе абмежаваць доступ да выбару перадач для прагляду. Не ведаючы спецыяльнага паролю, дзіця, уключыўшы тэлевізар, не зможа ўбачыць тыя каналы, прагляд якіх, па меркаванню бацькоў, з’яўляецца непажаданым для яго. Функцыя “Выбранае” дазваляе зрабіць закладкі з мэтай хуткага доступу да таго, што зацікавіць абанентаў. Усім абанентам ZALA прадастаўляецца магчымасць карыстацца шматжанравым “Караоке”.
Самае галоўнае, што прагляд інтэрактыўнага тэлебачання ніякім чынам не аказвае ўплыў на звычайную тэлефонную сувязь і карыстанне Інтэрнетам (byfly) – тэлефон не будзе заняты, пакуль вы глядзіце свае любімыя перадачы, а другія члены вашай сям’і ў гэты час могуць выходзіць у сетку Інтэрнет.
Стаць карыстальнікам ZALA вельмі проста. Дастаткова мець тэлевізар, спраўную тэлефонную разетку і дагавор на абслугоўванне.
– Белтэлекам ужо не першы год займаецца ўкараненнем бесправаднога Інтэрнету. Раскажыце аб сітуацыі ў Гомельскай вобласці.
– Сёння Гомельскім філіялам РУП “Белтэлекам” устаноўлена больш за 60 кропак доступу Wi-Fi (хот-спотаў). Пры гэтым павялічваецца не толькі іх колькасць, але і інтэнсіўнасць іх карыстання. Большасць хот-спотаў устаноўлена ў навучальных установах вобласці, што стала добрым падспор’ем для студэнтаў у вучобе. Тым больш, што навучальным установам такая кропка доступу нічога не каштуе. Само абсталяванне, работы па ўзгадненню і ўстаноўцы – задача філіяла. Акрамя таго, хот-споты ёсць на вакзалах, у сервісных цэнтрах і пунктах Белтэлекама, у кафэ, барах, клубах і рэстаранах. Мы ўлічваем патрэбы нашых кліентаў, бо сёння Wi-Fi гэта не раскоша, а, у многім, аптымальная тэхналогія доступу ў сетку Інтэрнет як для нашых абанентаў, так і для турыстаў, замежных гасцей.
– Віктар Іванавіч, зразумела, што Белтэлекам – гэта адзіная каманда, якая працуе па адзінаму сцэнарыю, але ўсё ж пэўныя адрозненні ў філіялаў ёсць. Якія яны на сёння ў сувязістаў нашай вобласці і якія патрабаванні вы прад’яўляеце да сваіх работнікаў?
– Цяжка гаварыць аб адрозненнях, бо ў нас адна каманда, я б сказаў, адна сям’я па ўсёй краіне. Большасць сувязістаў Белтэлекама стараецца адпавядаць такім якасцям, як прафесіяналізм, выканаўчасць, пунктуальнасць і прыстойнасць.