Створана для нас,трэба берагчы

Законнасць і парадак

Вялікі аб’ём работ выкананы дарожнымі будаўнікамі ў час падрыхтоўкі да Дня беларускага пісьменства. На многіх вуліцах пакладзена новае асфальтавае пакрыццё, вымашчаны тратуары, устаноўлены новыя дарожныя знакі, зроблена дарожная разметка. На добраўпарадкаванне вуліц горада зрасходавана 12 мільярдаў рублёў бюджэтных сродкаў.

Перш за ўсё патрэбна адзначыць, што роўнае пакрыццё праезнай часткі – спакуса для ліхачоў, а перавышэнне скорасці – прычына для здзяйснення дарожна-транспартных здарэнняў. З пачатку года на тэрыторыі раёна іх зарэгістравана 9. Два чалавекі загінулі, дзевяць атрымалі раненні. Тры вадзіцелі здзейснілі ДТЗ, знаходзячыся ў нецвярозым стане. Атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці два дзіцяці.

Да прыкладу, 8 верасня ў 19.45 на вуліцы Сялянскай г. Хойнікі вадзіцель скутэра не справіўся з кіраваннем, наехаў на асвятляльную мачту, атрымаўшы пры гэтым цялесныя пашкоджанні. 9 верасня ад атрыманых траўм вадзіцель памёр у рэанімацыйным аддзяленні цэнтральнай раённай  бальніцы…

Свята прайшло, а нам засталося беражліва адносіцца да ўсяго, што створана рукамі будаўнікоў і рамонтнікаў. Але ўжо некаторыя хайнічане не толькі парушаюць правілы дарожнага руху, але і падпадаюць пад дзеянні Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь. Яны забруджваюць праезную частку дарог, тратуары, вадзіцелі выязджаюць на дарожную разметку. Між тым, выкідванне смецця або іншых прадметаў з транспартных сродкаў, згодна з кодэксам, цягне накладанне штрафу ў памеры ад 1 да 2 базавых велічынь, а невыкананне асобай, якая кіруе транспартным сродкам патрабаванняў дарожных знакаў, разметкі (за выключэннем выезду на паласу сустрэчнага руху пры перашкодзе або абгоне), або парушэнне правіл размяшчэння транспартных сродкаў на праезнай частцы – накладанне штрафу ад 1 да 5 базавых велічынь. Пашкоджанне, забруджванне  або загрувашчванне аўтадарогі, паласы адводу, чыгуначнага пераезду, іншага дарожнага збудавання або тэхнічнага сродка рэгулявання дарожнага руху, а таксама пагрузка і выгрузка груза на праезнай частцы цягне накладанне штрафу ад 2 да 5 базавых велічынь.
Гэта ж датычыць і гужавога транспарту. Ездавы павінен мець пры сабе  савок, венік, каб у выпадку калі жывёліна пакіне на праезнай частцы адходы жыццядзейнасці, адразу ж убраць іх.

Службовым асобам КЖУП “Хойніцкі камунальнік і ДЭУ-155 выдадзены прадпісанні аб устаноўцы дарожных знакаў 3.8 (рух гужавога транспарту забаронены) па цэнтральных вуліцах горада. Ездавыя гужавога транспарту, а таксама пагоншчыкі жывёлы, якія па той ці іншай прычыне павінны перасекчы такую вуліцу або рухацца па ёй пэўную адлегласць, павінны мець пры сабе падручныя сродкі для ўборкі.

Вадзіцелі, якія перавозяць сыпучыя грузы (сюды ж адносіцца і перавозка прадукцыі торфабрыкетнага завода), ствараюць шум, забруджваюць дарогу і навакольнае асяроддзе, папярэджваюцца або падвяргаюцца штрафу да 4 базавых велічынь.Усё, аб чым сказана вышэй, знаходзіцца пад пільным кантролем супрацоўнікаў аддзялення ДАІ РАУС, да парушальнікаў будуць прымацца самыя жорсткія меры ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам. Акрамя таго, пры правядзенні работ на дарогах і вуліцах горада як фізічнымі, так і юрыдычнымі асобамі неабходна атрымаць дазвол на іх правядзенне ў райвыканкаме, ва ўладальніка гэтай дарогі і ўзгадніць з Дзяржаўтаінспекцыяй. За невыкананне гэтага патрабавання накладваецца штраф у памеры ад 2 да 5 базавых велічынь на фізічную асобу, да 50 б.в. – на індывідуальнага прадпрымальніка і да 200 – на юрыдычную асобу.

Усе мы ведаем, якімі былі нашы дарогі і тратуары да рамонту, які выгляд меў горад да добраўпарадкавання. Зробленае – гэта дзеля людзей і для людзей. І таму абавязак кожнага – беражліва адносіцца да яго.


У. ТАЛЮК, начальнік аддзялення ДАІ РАУС.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *