Мы працягваем падарожнічаць па вёсках роднай Хойнікшчыны і знаёміцца з мясцовымі жыхарамі, так бы мовіць, тутэйшымі. Настала чарга вёскі Партызанская. Сёлета спаўняецца 60 гадоў, як гэты населены пункт змяніў сваё імя – замест старой назвы Аўраамаўская (па назве чыгуначнай станцыі) на цяперашнюю. Сама станцыя зберагла імя – ў гонар яе заснавальніка пана Аўраамава.
Перайменавалі вёску за немалыя заслугі тутэйшых. У час Вялікай Айчыннай вайны менавіта ў гэтых мясцінах размяшчаліся партызаны. У лістападзе 1943 года, калі пачалося вызваленне Хойнікшчыны, партызаны разграмілі нямецкі гарнізон.
Пра сваю вёску з любоўю расказвае дэпутат Велікаборскага сельскага Савета дэпутатаў Галіна Іванюценка. На жаль, не атрымалася сустрэцца з паважанай Галінай Іванаўнай асабіста. Павага да малой радзімы і яе жыхароў адчуваецца нават па тэлефоне.
– Зараз у вёсцы Партызанская жывуць больш за 50 чалавек. Цяпер цяжка паверыць, але да аварыі на Чарнобыльскай АЭС мясціны нашы гудзелі, калі так можна сказаць. Тут была школа-дзесяцігодка, бальніца, калісьці 9 магазінаў дзейнічалі, дрэваапрацоўка. А прастольным святам, як кажуць старажылы, былі Акцябрыны – 7 лістапада на свята Кастрычніцкай рэвалюцыі святкавалі, – падзялілася суразмоўца.
Гэтыя словы пацвердзіў і тутэйшы – Сяргей Бот. І ён, і яго сястра Людміла вучыліся ў роднай школе. Мужчына ўспамінае, як ездзіў на цягніку ў Хойнікі на заняткі ў вучылішча і ўвечары вяртаўся назад.
Сёння цягнік праходзіць паўз вёску хіба што два разы на дзень. Але ж з-за гэтага работы ў мясцовых чыгуначнікаў не стае менш. Пашчасціла пагутарыць з брыгадай Гомельскай дыстанцыі шляху. Яе брыгадзір ураджэнец вёскі Восаў Міхаіл Навуменка на чыгунцы амаль 30 гадоў працуе, летась яму аб’явілі Падзяку ў гонар 150-годдзя Гомельскай дыстанцыі шляху. Мужчына, дарэчы, паўтарыў лёс свайго бацькі – Васіль Навуменка прысвяціў гэтай галіне 37 гадоў.
Працуе ў брыгадзе тутэйшы – манцёр Уладзімір Барысенка. Больш за 10 гадоў назад ён з любімай жонкай Юліяй пераехалі ў Хойнікі, але гэтыя мясціны ўсё адно прыцягваюць. Таму летась муж і жонка Барысенкі набылі ў Партызанскай дом з участкам – хутка пачнуць агародны сезон.
У вёсцы на фоне драўляных (колішніх) хат ярка выдзяляецца будынак Партызанскага лясніцтва. Тэрыторыя добраўпарадкаваная, тут чыста і дагледжана. Калектыў складае больш за 20 чалавек, сярод якіх маюцца і тутэйшыя – вальшчык лесу Уладзімір Ліцвінаў і ляснік Васілій Харошка.
Сапраўды, сёння вёска не нагадвае нават сябе ў мінулым. Але ж сказаць, что людзі тут забытыя, таксама немагчыма. Двойчы на тыдзень прыязджае аўталаўка, наведваюцца медыкі і прыязджае пошта, а па вечарах працуе сельскі клуб. І ўсё ж па вуліцах лятае цішыня.
Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота аўтара.