Будзь шчаслівы ў вяках, хлебароб!

Сельское хозяйство

Нездарма кажуць, што беларусы ўмеюць працаваць і ўмеюць адпачываць – прыгожа, шчодра, гасцінна і песенна. Раённае свята “Дажынкі-2010” – добры таму прыклад і добры выпадак прадэманстраваць беражліва захоўваемыя народныя традыцыі, якія арганічна вырастаюць з нацыянальнага характару, дзе многае ўбачана, падмечана і трывала замацавана.

Ушаноўванне перадавікоў хлебнай нівы прайшло ў нядаўна пабудаваным, прыгожым, зручным для гледачоў і выступаючых летнім амфітэатры ў гарадскім парку. Нават надвор’е адчула з раніцы ў мінулую нядзелю важнасць маючагася адбыцца мерапрыемства і змяніла сваю пахмурнасць на сонечную пяшчоту. З добрым настроем занялі свае месцы героі свята, тым больш што напярэдадні для іх была праведзена экскурсія ў раённым краязнаўчым музеі.
Вялікі дар палёў бязмежны, як сонца, ясны і адвечны. Па традыцыі першым прымаў сімвалічны каравай  новага ўраджаю старшыня райвыканкама А.В. Бічан. Звяртаючыся да прысутных, Аляксандр Васільевіч адзначыў, што бачны поспехі хлебаробаў, ёсць дасягненні – агульны намалот у раёне са збожжавага кліна 8729 га (з улікам спісаных плошчаў) склаў 26800 тон. Але патэнцыял ёсць і ён не малы. Неабходна ўдасканальваць матэрыяльна-тэхнічную базу, укараняць прагрэсіўныя тэхналогіі, паляпшаць умовы жыцця вяскоўцаў. Сардэчнае дзякуй кіраўнік раёна адрасаваў хлебаробам, паляводам,  механізатарам – усім, хто ў час гарачай уборачнай пары працаваў на агульны вынік. Эстафету віншаванняў падхапілі намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу А.Р. Варабей і дырэктар ПУП “Палескія сыры” Т.Д. Грамовіч. Яны не паскупіліся на добрыя словы аграрыям. Пажадалі моцнага здароўя і дабрабыту, новых здзяйсненняў на карысць Хойнікшчыны, роднай Беларусі.

Героі жніва ў думках прыгадалі перажытую пыльную, бяссонную, спякотную ўборачную пару. Ураджай яны да зярнятка сабралі і як ніхто іншы ведаюць, што пахне хлебная скарынка цёплым ветрыкам, хваінкай, летнім дожджыкам грыбным, полем аржаным, асенняй пазалотай ды натхнёнаю работай.

Згодна з прапановамі галіновай камісіі па падвядзенню вынікаў раённага спаборніцтва на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур у 2010 годзе лепшыя з лепшых былі ўшанаваны. Успышкі фотакамер, святочныя акорды, апладысменты гучалі для прызнаных пераможцамі сярод сельгаспрадпрыемстваў па вытворчасці збожжа. Першае месца ў спаборніцтве на жніве заняло ААТ “Хойніцкі Аграсервіс”. Калектыў занесены на раённую Дошку гонару, адзначаны Дыпломам райвыканкама, таксама за першае месца прадугледжана грашовая прэмія калектыву ў памеры 50 базавых велічынь, з іх кіраўніку 20%. Другое месца дасталося хлебаробам  КСУП імя Мележа (адзначаны Дыпломам райвыканкама, прэміяй 40 б.в., з іх кіраўніку 20%), трэцяе месца ¬– КСУП “Веляцін” (адзначаны Дыпломам райвыканкама, прэміяй 30 б.в., з іх кіраўніку 20%).

Свае ўзнагароды атрымалі лепшыя экіпажы камбайнаў. За першае месца старшы камбайнер КСУП “Судкова” Р.А. Сцішанок узнагароджаны Ганаровай граматай райвыканкама і грашовай прэміяй 350000 руб. За другое  месца старшы камбайнер У.М. Савянок і камбайнер Д.М. Каральчук з эксбазы “Стралічава” ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі райвыканкама і грашовымі прэміямі 315000 і 175000 рублёў адпаведна. За трэцяе месца старшы камбайнер А.М. Шчуцкі і камбайнер І.І. Раманаў з КСУП імя Мележа ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі райвыканкама і грашовымі прэміямі 280000 і 140000 рублёў адпаведна.

Сярод маладзёжных экіпажаў першае месца  прысуджана старшаму камбайнеру В.І. Паўлючэнку і камбайнеру А.І. Паўлючэнку з КСУП “Веляцін”. Яны ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі і грашовымі прэміямі 280000 і 210000 рублёў адпаведна.

Сярод вадзіцеляў на адвозцы збожжа прызавыя месцы размеркаваны наступным чынам: першае – вадзіцель КСУП імя Мележа Б.Г. Кузьменка, другое – М.Д. Бурдзядзь з эксбазы “Стралічава”, трэцяе – І.В. Пузырын з гэтай гаспадаркі. Яны ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі райвыканкама і грашовымі прэміямі ў памеры 315000, 245000 і 175000 рублёў адпаведна.

Падзяка райвыканкама за аказанне практычнай дапамогі сельгасарганізацыям аб’яўлена дырэктарам: завода гідраапаратуры – В.Я. Смальцару, завода ЖБВ – В.І. Захожаму, рамонтнага завода – У.А. Хорсуну, Хойніцкага ПМС – В.У. Іванюценку, в.а. дырэктара лясгаса – Г.М. Мамусу, начальніку ўчастка па прыёму, захоўванню і водпуску нафтапрадуктаў Д.Л.Лысенку, дырэктару “Палескіх сыроў” Т.Д. Грамовіч.

На свяце “Дажынак” ва ўсю славілі вырашчаны ўраджай, а таму дары восені, сельгаспрадукцыя былі прадстаўлены на кірмашы-продажы. Для зручнасці жыхароў райцэнтра ў гэты дзень была наладжана работа выставак-продажу прадукцыі Каапнарыхтпрама, “Палескіх сыроў”. Прыкметна рэкламавала сваю  прадукцыю апошняе прадпрыемства. Каларытны персанаж-сыр сам разгульваў паміж адпачываючымі і заклікаў іх да палаткі. Быццам магніт прыцягвалі да сябе выстаўкі дзіцячай творчасці, Дома рамёстваў.

Дажынкі суправаджалася вяселлем, музыкай, танцамі ў выкананні самадзейных артыстаў.

Праца на зямлі была, ёсць і будзе самай ганаровай, але і самай складанай. Яна не прызнае выхадных дзён, чырвоных дат календара. Паважаныя хлебаробы, нізкі паклон вам, няхай сілы не пакідаюць вас, а плён працы множыцца з года ў год.


Ірына ЛУКАШЭНКА.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *