Гэта зараз можна набыць хоць карункі, хоць вязаныя панчохі і многае падобнае. Раней даводзілася самім вучыцца шыць і ўпрыгожваць адзенне і бялізну. З-за гэтага ў вясковай хаце зазвычай стаялі кросны, на якіх ткалі льняныя палотнішчы. Іх сшывалі паміж сабой, і атрымліваліся посцілкі, рушнікі, абрусы. У запасах Вячаславы Антонаўны Ермалаевай захаваліся прыклады ручной ткацкай дзейнасці. Нават у розных узорных тэхніках: сурвэтка «елачкай», рушнік «на восем нітоў», традыцыйны настольнік…
З дзяцінства жыхарка вёскі Мархлеўск умела вязала карункі, якія потым прышываліся на покрыўкі ці сурвэткі. Гэтаму дзяўчынку і яе сястру Браніславу навучыла маці Альжбета Францаўна. Пазней Вячаслава навучылася вязаць шкарпэткі, а потым і вышываць у розных стылях.
Зусім маладой Вячаслава Антонаўна працавала вышывальшчыцай на фабрыцы мастацкіх вырабаў у тыя часы, калі пра машынную вышыўку нават і не чулі. Там гераіня і набіла руку так, што і зараз не пазнаць у ручным узоры ніякіх прыкмет чалавечага ўмяшальніцтва. Быццам прамысловым метадам атрыманы гэтыя кветкі і лісцікі – такі роўны і дакладны канцік малюе іголкай жанчына. Зараз вышывальшчыца працуе, як стала модна казаць, над маштабным праектам: упрыгожвае вышытымі ружамі льняное палатно. Памеры будучай карціны ўражваюць – 1,6х2,2 метра.
Здаецца, як у такім паважаным узросце можа ўпрыгожваць сваё асяроддзе Вячаслава Антонаўна. Ці не цяжка? На гэта мая субяседніца дае просты адказ:
– Не люблю гультайнічаць. Калі б здароўе дазваляла, дык на гародзе днямі рабіла, а так застаецца толькі дома сядзець і на месцы сабе карысны занятак шукаць. У адзіноце лепей вышывання занятка і не знайсці. Нават калі сон не йдзе, магу засесці за работу.
Цікаўлюся, ці можна сфатаграфаваць шматлікія вырабы рукадзельніцы. Але вось дык дзіва! Майстрыха не захоўвае свае работы, не збірае іх, а шчодра раздае сяброўкам і гасцям. Колькі раздарыла вышытых работ, Вячаслава Антонаўна і лічыць перастала. Ды хіба мастачцы шкада – няхай людзі радуюцца і добрым словам успамінаюць яе.
Алеся ЯЧЫЧЭНКА.