Працуем на прыгажосць

Добраўпарадкаванне

кузьменкоНашым старшыням сельвыканкамаў вопыту не займаць. Яны імкнуцца паляпшаць паказчыкі сваёй дзейнасці, не спыняюцца на дасягнутым, вучацца адзін у аднаго. Аб тым, як прыгажэюць тэрыторыі Велікаборскага сельсавета, расказвае старшыня сельвыканкама Ала Аляксандраўна Кузьменка.
– Асноўнымі ў летні перыяд з’яўляюцца пытанні добраўпарадкавання і ўтрымання тэрыторый у належным стане. Гэтым сельвыканкам займаецца ў звязцы з сельгаспрадпрыемствам «Велікаборскі», адкуль выдзяляецца неабходная тэхніка. Калі зімой машыны расчышчаюць дарогі ад снегу ў н.п. Вялікі Бор, Осаў, Партызанская, Хвойная Паляна, а вясной і восенню тэхніка працуе ў час суботнікаў на вясковых могілках, вывозіць смецце, то зараз работы сканцэнтраваны на абкосцы тэрыторыі сельсавета. Работы тут нямала, варта паспець прыбраць і на прыдарожных палосах, і на вуліцах у вёсках парадак навесці.
Значную работу па добраўпарадкаванню прылягаючых тэрыторый ажыццяўляюць прадпрыемствы, якія знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета. Адным з канструктыўных відаў дзейнасці з’яўляюцца суботнікі. За першае паўгоддзе 2016 года праведзена 7 мерапрыемстваў па навядзенню парадку на зямлі, у якіх паўдзельнічалі не толькі калектывы арганізацый, што працуюць на тэрыторыі сельсавета, але і прадпрыемствы-шэфы.
У апошні час актыўна добраўпарадкоўваюць свае падворкі мясцовыя жыхары: мяняюць агароджу на новую, фарбуюць нанова, ствараюць малыя архітэктурныя формы на прыдамавых тэрыторыях. Усяго з пачатку года грамадзянамі за іх уласны кошт устаноўлена 337 м агароджы, каля 7 домаўладанняў праведзены рамонт існуючай агароджы. Патрэбна адзначыць, што вялікую папулярнасць набывае агароджа з металапрофілю – гэта і прыгожа, і даўгавечна, што вельмі зручна, не патрэбна фарбаваць і мяняць часта, як драўляную. Таксама жыхары сельсавета пафарбавалі 362 м драўлянай агароджы, 6 фасадаў дамоў было сёлета пафарбавана. І ў гэтым напрамку жыхары выкарыстоўваюць сучасныя будаўнічыя матэрыялы – абіваюць дамы сайдынгам.
Дадам, што жыхары нашага сельсавета падтрымліваюць парадак не толькі на сваіх прысядзібных участках, але і на зямельных участках, выдзеленых ім для вырошчвання сельгаспрадукцыі. Гледзячы на той запал і энтузіязм, з якім вяскоўцы бяруцца за навядзенне парадку і добраўпарадкаванне, веру, што ў будучым кожны жыхар прывядзе ў парадак сваё домаўладанне нават без напамінаў з боку сельвыканкама.

Запісала Алеся ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *