У працы і клопатах

Сельское хозяйство

Як дзіўна іншым разам пераплятаюцца людскія лёсы! Ці мог, напрыклад, падумаць кадравы афіцэр адной з воінскіх часцей Сярэднеазіяцкай ваеннай акругі Рахім Кабулаў аб тым, што ў будучым яго жыццё будзе звязана з далёкай Беларуссю? Тым не менш, лёс распарадзіўся менавіта так, і аварыя на Чарнобыльскай АЭС наклала свой адбітак на лёс Кабулава: яго полк быў накіраваны ў наш раён для дапамогі ў ліквідацыі вынікаў аварыі. Работы па дэзактывацыі населеных пунктаў у тым далёкім 1987 годзе займалі ўсе працоўныя будні ваеннаслужачых-ліквідатараў, аднак былі ў іх і рэдкія гадзіны адпачынку. Так атрымалася, што пазнаёміўся малады і статны лейтэнант з беларускай дзяўчынай Алай Каваленка. А потым знаёмства перарасло ў глыбокае і шчырае пачуццё, якое называюць людзі каханнем.

Пажаніліся ў 1989 годзе, а нараджаць дзіця Ала Уладзіміраўна паехала падалей ад радыяцыі, на радзіму мужа ў кіргізскі горад Ош. Сёння ён стаў сумным сімвалам міжэтнічнага супрацьстаяння карэннага кіргізскага насельніцтва і прадстаўнікоў шматлікай узбекскай дыяспары, да якой адносілася і сям’я Кабулавых. А сутыкненні паміж удзельнікамі канфлікта пачаліся яшчэ тады, у 90-х. Таму і давялося Але Кабулавай у 2001 годзе з малым дзіцём вярнуцца на Хойнікшчыну. У наступным годзе на пастаяннае жыхарства ў Дворышча прыехаў і галава сям’і.

Вясковае жыццё для прыстойнага селяніна немагчыма без хатняй гаспадаркі. А Рахім, які да таго часу паспеў не толькі дэмабілізавацца з вайсковай службы, але і атрымаць другую вышэйшую адукацыю ў Ташкенцкім дзяржуніверсітэце па спецыяльнасці “эканоміка сельскай гаспадаркі”, аказаўся добрым і працавітым гаспадаром. Спачатку трымалі адну карову, потым дзве, тры і так далей, па нарастаючай. Калі дойны статак перавысіў дзесятак кароў, задумаліся Кабулавы аб фермерстве.

Аднак статус сялянскай фермерскай гаспадаркі (назвалі яе “Рахімжан”) сям’я Кабулавых атрымала толькі ў красавіку гэтага года. Сёння ў ёй налічваецца 93 галавы буйной рагатай жывёлы: 45 кароў дойнага статка, 20 бычкоў і нецеляў, а астатнія – цяляты, рассартаваныя па розных узростах. З усім пагалоўем Кабулавы спраўляюцца самі, дапамагаюць дачка Лола, якая вучыцца на біяфакультэце БДУ, і 13-гадовы сын Цімур.

Для вытворчага ўчастка зямлю ўзялі ў арэнду. На невялікім яе кавалачку размясціліся кароўнік, цялятнік, кашары для жывёлы. Усе пабудовы Рахім Абдзікарымавіч узвёў уласнымі рукамі, а яшчэ, акрамя будаўнічых і цяслярскіх навыкаў, свабодна ўпраўляецца ён з трактарам і аўтамабілем, можа калі спатрэбіцца, пакласці цагляную кладку. Адным словам – майстар на ўсе рукі. За гэта, а таксама за спакойны, прыязны і адкрыты характар паважаюць Рахіма Кабулава аднавяскоўцы, а яму таксама падабаецца жыць у Беларусі.

– Цудоўная прырода, цудоўныя людзі – што яшчэ патрэбна для жыцця? – гаворыць Кабулаў.

Адказны ўчастак работы і ў Алы Уладзіміраўны. Мала таго, што ў многім на яе плячах уся дойная і “цялячая” гаспадарка, дык яшчэ і паспявае яна збіраць малако ад жыхароў вёсак Алексіцкага сельсавета. Таму пачынаецца яе працоўны дзень яшчэ зацемна, бо перш чым выехаць на збор малака, трэба разам з мужам паспець падаіць уласных кароў.

А закупка малака – работа, якая патрабуе ад чалавека такіх якасцей, як камунікабельнасць, тактоўнасць, уменне ладзіць з людзьмі.

– Іншым разам здараюцца і канфлікты з людзьмі, – расказвае Ала Уладзіміраўна. – Адны скардзяцца на нізкую тлустасць малака, другія даказваюць, што вады ў даёнку не лілі і інш. Але ж з прыборам, які дакладна вызначае не толькі тлустасць, але і шчыльнасць малака (а гэта не што іншае, як наяўнасць у ім вады), а таксама колькасць у ім сухога рэчыва, багата не паспрачаешся. Хаця пакрыўджаныя і застаюцца, аднак крыўда гэтая цалкам на іх сумленні.
Сёння сялянская фермерская гаспадарка “Рахімжан” трывала стаіць на нагах. А яе гаспадар Рахім Кабулаў марыць аб уласнай зямліцы.

– Нам многа не трэба, – разважае Рахім Абдзікарымавіч, – гектараў 80, не болей. Свае ўгоддзі – гэта, перш за ўсё, кармы для жывёлы, якія нам сёння даводзіцца закупляць у гаспадарках і фермераў. А была б уласная зямліца – пашу можна залужыць, бульбу пасадзіць, збожжавыя культуры, бурачкі, кукурузу. Тады б давялі мы дойны статак да аптымальных 100 галоў, тады і аб яго ўзнаўленні можна весці размову.

Вялікія надзеі ўскладваюць Кабулавы на Дырэктыву       № 4 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, выхад якой у краіне чакаюць яшчэ да канца бягучага года. Яна будзе цалкам прысвечана праблемам малога бізнесу. Мяркуецца, што прынясе гэты важны дзяржаўны дакумент немалую колькасць змен у заканадаўстве, накіраваных на далейшае развіццё прадпрымальніцтва, выгаднага людзям і дзяржаве.

А пакуль што па-ранейшаму, у штодзённай працы і клопатах, працякае жыццё сям’і Кабулавых – шчырых і працавітых людзей, дастойных грамадзян нашай краіны.



Віктар НАЗАРАНКА.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *