Дзіцячы смех – прыкмета шчасця

Вёсачка мая

IMG_6162Ночы халадней сталі. Дні ўсё карацей і карацей. Сонца часам лянуецца – грэе ўжо не вельмі. На вуліцах сарамліва чырванее рабіна. У садах сінеюць слівы. На гародах стаяць сланечнікі, набітыя чорнымі зернямі. На зямлі гаспадарыць вясёлы, смелы жнівень. Ён шчодра раздае падарункі – грушы, яблыкі, арэхі, радуе гульнёй кветак. На вёсцы жнівень – час багатага ўраджаю. Таму і клопатаў у дарослых багата. А вось для вясковай дзетвары – гэта час адпачынку, гульняў і забаў.

IMG_6002У час нашай чарговай вандроўкі мне пашчасціла акунуцца ў невымоўную атмасферу басаногага дзяцінства. Памятаеце, як вы дзецьмі аблазілі ўсё наваколле вёскі, як ведалі кожнае дрэва, кожную яму і кожны пагорак у сваёй мясцовасці? Вось і мяне накрылі прыемныя ўспаміны, калі я прайшлася па Дубровіцы. Хаця дзеці тут якраз не «лазілі» па вёсцы, а былі заняты карыснымі справамі ў мясцовай бібліятэцы-клубе. Тут пазнаёмілася з маленькімі «гаварушкамі» Міланай, Альбінай, Валяй і аматарам спорту Ягорам.

IMG_6054Яны задавалі мноства пытанняў, ахвотна пазіравалі перад камерай, шчыра смяяліся – іх непасрэднасць мяне заварожвала. Рабяты з задавальненнем наведваюць установу культуры: малююць тут, вучаць песні і танцы, праводзяць розныя гульні. Карацей кажучы, сумаваць ім не даводзіцца.

IMG_6081А нядаўна дэпутат Велікаборскага сельсавета Алена Чарненка выступіла з ініцыятывай набыць для дзяцей валейбольную сетку. Прапанову тут жа падтрымала загадчыца клуба Раіса Доўбыш – пачаўся збор грошай. Дарэчы, многія бацькі адгукнуліся з задавальненнем – і вось ужо тры тыдні дзеці кожны дзень па вечарах збіраюцца і гуляюць у валейбол.

IMG_5992Пакуль я вяла размову з маімі новымі маленькімі сябрамі, у бібліятэку завітаў пастаянны наведвальнік – Аляксандр Дрозд. Ён ужо ўсе свае кнігі дома перачытаў, у суседзяў усю літаратуру перагледзеў, ды і ў бібліятэцы ўсе кнігі па некалькі разоў браў, але ўсё роўна прыходзіць сюды за духоўнай «падзарадкай». У асноўным мужчына любіць фантастыку і гістарычныя творы.

IMG_5986Наогул у бібліятэку людзі ходзяць яшчэ, каб і проста сустрэцца, пагутарыць. У Дубровіцы зараз жыве 141 чалавек, з іх 36 непаўналетніх. Маюцца тут магазін, лясніцтва з вядомым Домам паляўнічага, ферма па адкорму буйной рагатай жывёлы ААТ «Хойніцкі Аграсервіс», па графіку сюды ездзяць аўталаўка і «пошта на колах». А некалі тут яшчэ былі сталовая і лазня.

IMG_6161Сярод старажылаў вёскі Соф’я Худзенка, Любоў Паўлянок і Валянціна Худзенка. Да апошняй бабулі мы завіталі ў госці. Жанчына – мясцовая жыхарка. Муж Міхаіл таксама быў тутэйшым. Спачатку, пакуль тут мелася школа, ён працаваў настаўнікам, а яна – тэхработніцай. А пасля разам гаравалі ў калгасе. Валянціна Рыгораўна са слязамі на вачах узгадвала тыя цяжкія часы, на якія прыпалі яе дзяцінства і маладосць. Але ўсё перажыта і цяпер для яе галоўнае – дабрабыт дзяцей, а іх у бабулі чацвёра: тры дачкі, якія жывуць у Рэчыцы, і сын – у Старых Дарогах. Яны добра даглядаюць маці, часта прыязджаюць і тэлефануюць. І гэта так важна – берагчы сваіх блізкіх, берагчы сваю малую Радзіму!

Тэкст і фотат Наталлі ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *