Ад сварак дарослых пакутуюць дзеці

Законнасць і парадак

Напэўна, няма ідэальных пар. Нават муж і жонка, якія кахаюць і паважаюць адзін аднаго, спрачаюцца, высвятляюць адносіны, выказваюць крыўды, прэтэнзіі, пажаданні. Словам, хочуць дастукацца да розуму і сэрца партнёра. Аднак, спрачаючыся, пры гэтым не пераходзяць за межы дазволенага, не зневажаюць адзін аднаго. Разумныя людзі не выносяць смецце з дому, на суд людскі свае праблемы, стараюцца адгарадзіць ад іх дзяцей.

На жаль, нямала прыкладаў іншага парадку. Толькі за жнівень бягучага года супрацоўнікам міліцыі давялося 180 (!) разоў па выкліку разбірацца ў сямейных канфліктах. Адна з жанчын (прозвішча не будзем называць з этычных меркаванняў) скардзілася, што муж пастаянна абражае яе, прыйшоўшы дадому, п’яным дазваляе сабе і рукапрыкладства.

– А што рабіць, калі дзяцей расціць патрэбна? І не магу яго пакінуць, бо па любові сыходзіліся, цярпець патрэбна, – аргументавала яна невыноснае пражыванне пад адным дахам стаўшага тыранам мужа.

Мір ды згоду ў сям’ю ніхто не прынясе з боку, калі муж і жонка самі не разбяруцца. Ну, прыструняць скандаліста, на нейкі час прыціхне і зноў за сваё. А што датычыць той любові, то ці ёсць яна на самай справе ў такой сям’і? Усе мы прыходзім у гэты свет і пакідаем яго ў адзіноце. І самы важны і любімы чалавек у нашым жыцці – мы самі. Як можна гаварыць аб любові да другога чалавека, калі не любім сябе, не навучыліся рабіць гэта? Нават у Бібліі сказана “Возлюби ближнего своего, как самого себя”. Прапісная ісціна: спачатку трэба палюбіць самога сябе. І калі няма больш сіл цярпець абразы і пабоі, то трэба нешта мяняць у сваім жыцці, а не цярпець.

Восем прафілактычных гутарак праведзена, складзена сем адміністрацыйных пратаколаў на скандалістаў у мінулым месяцы. Пэўны эфект ад гэтага ёсць, але ж у цэлым праблема застаецца там, дзе скандалы з рукапрыкладствам сталі пастаяннай з’явай.

Сямейнымі тыранамі не нараджаюцца. Адкуль жа яны бяруцца? Псіхолагі сцвярджаюць: часцей усяго з дзяцінства, як недалюбленае дзіця. Яго крыўдзілі бацькі, браты, сёстры, дзеці ў двары, аднакласнікі. Або дзіця, якое мела нейкі недахоп (па яго меркаванню): малога росту, хілага целаскладу або з залішняй вагою, бедна апраналася, слаба вучылася і інш. Падрастаючы, такое дзіця марыла стаць вялікім, прыгожым, багатым, самазацвердзіцца. І робіць гэта, стаўшы дарослым, абражаючы і зневажаючы  іншых.

Магчыма яшчэ, што ў дзяцінстве нашчадка “пералюбілі”, зрабілі закончаным эгаістам, які не можа лічыцца з меркаваннямі іншых. Прыбавім да гэтага, што большасць выпадкаў насілля ў сям’і адбываецца на глебе п’янства.

Характэрны прыклад — паводзіны Аляксея Васільевіча Занкевіча з вёскі Карчовае, які быў некалькі разоў судзімы: у 2006 годзе за пагрозу забойствам і катаванне, у 2007-м – за катаванне. Сёлета 6 разоў супрацоўнікі РАУС выязджалі да Занкевіча, які ў п’яным стане ўчыняў скандалы з жонкай і дзецьмі. Зараз 57-гадовы сямейны тыран знаходзіцца ў ЛПП. Ці пойдзе на карысць лячэнне працай, пакажа час, а пакуль паўтара года сям’я зможа пажыць спакойна.

Знаходзіцца ў лячэбна-працоўным прафілакторыі і жыхар вёскі Вялікі Бор Яўгеній Уладзіміравіч Сачанка. Таксама, мусіць, праблемным было дзяцінства, бо самазацвярджаўся хамствам, скандаламі і бойкамі. Сёлета прыцягваўся некалькі разоў да адміністрацыйнай адказнасці за дробнае хуліганства, учыняў скандалы з сужыцельніцай. Быў судзімы ў 2003 годзе за злоснае хуліганства, а ў 2006-м – за крадзёж.

На ўліку ў РАУС 58 сацыяльна небяспечных сем’яў. Самае страшнае, што ў іх знаходзяцца 125 непаўналетніх дзяцей, якія жывуць пад пастаянным страхам, не атрымліваюць належнага выхавання, часам і догляду. Пад пастаянным кантролем гэтыя сем’і ў камісіі і інспекцыі па справах непаўналетніх, сацыяльна-педагагічным цэнтры, райкоме БРСМ, аддзеле па надзвычайных сітуацыях, цэнтральнай раённай бальніцы. У мэтах выканання Дэкрэта  № 18 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у неспрыяльных сем’ях, папярэджанню правапарушэнняў, здзяйсняемых на бытавой глебе” распараджэннем раённага выканаўчага камітэта № 14 ад 15.01.2010 г. створаны чатыры рабочыя групы, якія ў рамках акцыі “Сям’я без насілля” кожны тыдзень у чацвер з 18.00 да 01.00 робяць рэйды па 58 адрасах неспрыяльнасці.

Пэўныя вынікі ад такога пільнага кантролю ёсць. Па крайняй меры, п’яніцы, дэбашыры, сямейныя скандалісты ведаюць, што ніводнае іх супрацьпраўнае дзеянне не застанецца беспакараным. Аднак мір, згода, лад у сям’і, па вялікім рахунку, залежыць ад самой сям’і.


А. ЛОБАН, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *