Беларусь турыстычная: Гервяты, Астравец, Гродна

Беларусь турыстычная

Сям’я Дзмітрыя і Святланы Аўдзеенка, якія жывуць ў Казялужжа, звыклі ажыццяўляць свае мары. Вось і цяпер разам з малодшымі дзецьмі – сыночкам Максімам і донечкай Снежанай – паехалі ў цікавую вандроўку па заходняй беларускай вобласці – Гродзенскай.

Справа ў тым, што бліжэйшыя родзічы нашай зямлячкі Святланы пасяліліся ў Астраўцы. Гэта сёння горад знаёмы на ўвесь свет як месца, дзе ўзвышаецца Беларуская атамная электрастанцыя. Дарэчы, у Астраўцы жыве нямала ўраджэнцаў Хойнікшчыны, якія пераехалі пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

– Мы зрабілі сабе пазнавальныя і карысныя канікулы, – дзеліцца ўражаннямі Дзмітрый. – На асабістым транспарце праехалі па сапраўды прыгожых мясцінах, кожныя з іх запомняцца надоўга. Усім хвалюся, што быў у водпуску ў маленькай Швейцарыі і для гэтага ніякага Шангену не спатрэбілася.

Менавіта так называюць у нас аграгарадок Гервяты. Яе незабыўным гонарам з’яўляецца помнік неаготыкі – касцёл Святой Тройцы. Яму сёлета споўнілася 120 гадоў. Уражвае наваколле каталіцкага храма – з якой любоўю там усё зроблена!

Усяго ў 11 кіламетрах адсюль і размешчана легендарная БелАЭС. І туды імкнуліся трапіць хайнічане. Але ж, як вы ведаеце, экскурсіі туды не водзяць – бяспека на першым месцы. Затое здалёк пабачылі вялізарныя будынкі і канструкцыі.

Ды і сам Астравец парадаваў палешукоў: сучасныя жыллёвыя компелксы, буйная інфраструктура, дагледжанае наваколле – прыемна было і там атрымаць уражанні.

А ў Гродна сям’я Аўдзеенка пабывала на месцы здымку самага вядомага фільма кінастудыі «Беларусьфільм» – «Белыя Росы». Не так даўно мясціны добраўпарадкавалі. Напрыклад, помнікі незабыўным героям – дзядам Хвядосу і яго сябру Цімафею, а яшчэ вернаму Валету – пераНеслі з мікрараёна «Дзявятаўка» (сапраўдны прататып вёскі Белыя Росы) і ўсталявалі на асабістым мемарыяле.

Гродна – горад, насычаны памятнымі і проста прыгожымі мясцінамі. Гэты абласны цэнтр цудам не знішчылі ў час Вялікай айчыннай вайны, мноства гістарычных аб’ектаў захаваліся ў сваім непарушнымі выглядзе. Не адзін дзень тут спатрэбіцца, каб грунтоўна ахінуцца ў мінулае.

Па добрым звычаі хайнічане прывезлі з вандроўкі нямала магніцікаў і сотні фотаздымкаў.

Запісала Алеся ЯЧЫЧЭНКА.

Фота з асабістага архіву сям’і Аўдзеенка і сеткі інтэрнет.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *